Вячаслаў Сіўчык аштрафаваны на 10 базавых велічынь

Вечарам 26 мая суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня аштрафавала на 10 базавых велічынь (2 млн. 100 тыс руб.) палітыка Вячаслава Сіўчыка за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.  

siuczyk_sud_26.5.16_1_logo.jpg


Падтрымаць палітыка ў суд прыйшлі каля 25 ягоных сяброў і сваякоў, у тым ліку жонка Ганна і маці Галіна Васілеўна, лідар аргкамітэту па стварэнні руху салідарнасці “Разам” Мікола Аўтуховіч, намеснік старшыні руху Алесь Макаеў, грамадскія актывісты Леанід Кулакоў, Ніна Багінская і Алесь Макаў, праваабаронца Валер Шчукін. 

 

siuczyk_sud_26.5.16_logo.jpg


Трэба мець на ўвазе, што адміністрацыйны працэс доўжыўся больш за месяц, бо справа на палітыка тройчы накіроўвалася на дапрацоўку ў Цэнтральны РУУС Мінска. Паміж сведчаннямі міліцыянтаў у судовым працэсе і тымі сведчаннямі, што яны давалі пад час падрыхтоўкі адміністрацыйнай справы, мелі месца неадпаведнасці. Гэта ставіць пад сумнеў пэўнасць сведчанняў супрацоўнікаў міліцыі.

 

У судзе жонка палітыка Ганна Сіўчык распавяла, што каля трох гадзін ночы 19 красавіка чатыры супрацоўнікі Цэнтральнага РУУС сталіцы затрымалі яе мужа ў пад’ездзе дома на плошчы Перамогі, дзе пражывае ягоная сям’я, сарвалі з Вячаслава Сіўчыка верхнюю вопратку і закавалі ў кайданкі. Паколькі спадарыня Ганна сустрэла мужа ў пад’ездзе, два міліцыянты трымалі яе за рукі, а яшчэ два пацягнулі Вячаслава Сіўчыка без акуляраў і верхняй вопраткі па прыступках у машыну. Ганна Сіўчык звярнула ўвагу на тое, што затрыманне палітыка ў пад’ездзе ягонага дома адбылося ўпершыню.    

 

Каментуючы рашэнне суду Вячаслаў Сіўчык падкрэсліў, што ўсе восем месяцаў пасля вяртання з эміграцыі ён знаходзіцца пад пастаянным прэсінгам з боку міліцыі і судоў. На думку палітыка, матывам такога пераследу з’яўляецца помста за тое, што ён вярнуўся на Бацькаўшчыну і кажа праўду пра становішча людзей у Беларусі. “І гэты пераслед накіраваны на тое, каб дыскрэдытаваць мяне і выштурхнуць з грамадскага жыцця. Пра гэта сведчаць і відэаздымкі, якія перад пачаткам судовага пасяджэння вялі ў залі суду супрацоўнікі аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў. Аднак кансалідацыя апазіцыі на момант майго затрымання не дазволіла ўладам больш жорстка пакараць мяне”, — заявіў палітык.    

 

Нагадаеам, што адзін з лідараў вулічных акцый дэмакратычнай апазіцыі Вячаслаў Сіўчык, які цягам пяці гадоў знаходзіўся ў палітычнай эміграцыі, 16 верасня мінулага года вярнуўся на радзіму і не адмовіўся ад грамадска-палітычнай дзейнасці.