У 69-гадовай Ніны Багінскай канфіскавалі маёмасць і арыштавалі дачы

У 69-гадовай грамадзянскай актывісткі Ніны Багінскай судовыя выканаўцы канфіскавалі маёмасць на карысць штрафаў за акцыі і наклалі арышт на дачныя ўчасткі. Пра гэта сайту «Беларускі дакументацыйны цэнтр» распавяла сама Ніна Багінская.

kurapati_29_9_14_2_logo_1.jpg


«Штрафаў за ўдзел у акцыях у мяне ўжо набегла на 40 мільёнаў, на судовыя паседжанні я ўжо не хаджу — не бачу сэнсу, навошта марнаваць час? Першы раз судовыя выканаўцы прыйшлі ў маю адсутнасць. Дома быў сын. Яны правялі опісь маёмасці.
Я напісала заяву ў суд, што я не згодна, бо гэта не мая маёмасць, а маіх дзяцей. У адказ атрымала звычайную адпіску, на іх думку — усё законна. Праз тыдзень прыйшлі забіраць апісанае: двое ў цывільным і двое ў форме судовых выканаўцаў. У кватэру я іх не пускала, выклікала міліцыю. Судовыя выканаўцы ўсё здымалі на відэакамеру. Прыехаў нарад міліцыі, я ім паведаміла, што мяне хочуць абрабаваць. На якой гэта падставе гэтыя людзі хочуць забраць рэчы, якія нават мне не належаць? Дзяржава рэпрэсуе мяне, так з маёй пенсіі і вылічваеце! Пры чым тут мае дзеці, унукі і праўнукі? Добраахвотна я плаціць не збіраюся — я не ў чым не вінаватая. З пенсіі вылічваць не хочуць — усё ж забіраць нельга, баяцца, што я ўжо старая і магу памерці хутка — не атрымаюць усё. У гэты раз мне ўдалося пазбегнуць канфіскацыі. Я з'ехала на дачу — яна мяне корміць цэлы год потым, я шмат гародніны і садавіны там выгадоўваю.

Ніна Багінская — адна з самых сталых удзельніц акцый пратэсту. Яна заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.

Ніна Багінская — адна з самых сталых удзельніц акцый пратэсту. Яна заўсёды прыходзіць з бел-чырвона-белым сцягам.


У мінулую пятніцу 20 траўня я прыехала з дачы ў сваю мінскую кватэру. Сын паведаміў, што прыходзілі судовыя выканаўцы і забралі пральную машынку і мікрахвалевую печ. Але як жа так? Гэта ўсё належала маім дзецям, унукам, праўнукам. Унучка цяпер рукамі сцірае вопратку для майго сямімесячнага праўнука. Яны ў чым вінаватыя? Пазней я атрымала ліст аб тым, што і на маі дачныя ўчасткі накладзены арышт — у Дамашанах і Мар'інай горцы. Зараз я рыхтую пратэст пракурору.
Я ім сказала, што, калі яны ў мяне і зямлю адбяруць, — я ў любым выпадку буду туды прыязджаць, пакуль не памру. Відавочна, што яны «вока паклалі» на маю зямлю. На днях я атрымала судовую позву - за ўдзел у акцыі «Плошча нацыянальнага сцяга» — мяне павінны судзіць адразу па двух пратаколах: 23.34 і 23.4, каб штраф пабольш прызначыць».