Віктар Шэйман — куратар палітычных рэпрэсій
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч расказвае для «MediaIQ», кім быў і ёсць і ў якія справы ўблытаны бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі.
Бліжэйшы паплечнік Лукашэнкі Віктар Шэйман. Фота: president.gov.by
Віктар Шэйман — былы кіраўнік справамі прэзідэнта, якога лічаць найбольш блізкім паплечнікам Лукашэнкі, што знаходзіўся побач з ім з першага дня яго прэзідэнцкага кіравання.
Вобраз Шэймана для «MediaIQ» раскрывае палітолаг Валерый Карбалевіч — ён лічыць былога кіраўніка справамі Лукашэнкі самай злавеснай і адыёзнай фігурай цяперашняй кіруючай каманды, куратарам палітычных рэпрэсій.
«Адзін Шэйман і яшчэ пару чалавек, якія з пісталетамі хадзілі, ездзілі, знішчаючы падонкаў»
Як апошнім часам, так і з самага пачатку палітычнай кар'еры Шэйман, кадравы вайсковец, не быў публічным палітыкам. Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, прасядзеў ціха, выступаў рэдка, стараўся не прымыкаць да нейкіх фракцый ці палітычных груп, нагадвае палітолаг:
«Яго зорная гадзіна наступіла ў 1994 годзе, калі падчас першых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ён патрапіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі. Шэйман быў сведкам (або ўдзельнікам) эпізоду, які ўвайшоў у гісторыю тых прэзідэнцкіх выбараў пад назвай «Лёзненскі замах». Па машыне, у якой ехалі кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка, Віктар Шэйман і Іван Ціцянкоў, быццам бы стралялі. Следчыя і большасць СМІ прыйшлі да высновы, што замах быў зымітаваны, прычым нязграбна. Але тая гісторыя дадала Лукашэнку галасоў на выбарах».
Пасля абрання прэзідэнтам Лукашэнка прызначыў Шэймана дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Беларусі — гэты орган закліканы быў каардынаваць працу ўсіх сілавых структур. Менавіта з яго імем звязана дзейнасць так званых «эскадронаў смерці». Спецыяльная каманда па фізічнай ліквідацыі людзей была створана ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Спачатку яны былі арыентаваны на барацьбу са злачыннасцю. Пачалі бясследна знікаць крымінальныя «аўтарытэты». Выступаючы ў парламенце з пасланнем 4 жніўня 2020 года, Лукашэнка пусціўся ва ўспаміны і расказаў пра падзеі першых гадоў яго прэзідэнцтва:
«Я запатрабаваў пакласці мне на стол спіс бандытаў і зачысціць іх... І мы за паўгода ачысцілі Мінск ад банд... Адзін Шэйман і яшчэ пару чалавек, якія з пісталетамі хадзілі, ездзілі, знішчаючы падонкаў».
«Лукашэнка і Шэйман аказаліся павязанымі нябачнай ніткай»
А затым надышла чарга апазіцыйных палітыкаў, нагадвае Валерый Карбалевіч. Бясследна зніклі экс-міністр унутраных спраў Юрый Захаранка, былы віцэ-прэм'ер Віктар Ганчар і яго таварыш Анатоль Красоўскі. Следства выйшла на меркаваных злачынцаў — у тым ліку на Віктара Шэймана, аднак на яго арышт Лукашэнка дазволу не даў, больш за тое — неўзабаве прызначыў яго генеральным пракурорам.
«Цяпер менавіта ён быў закліканы расследаваць абвінавачанні супраць самога сябе. Прызначэнне на гэту пасаду Шэймана азначала, што прэзідэнт хацеў толькі аднаго: як мага хутчэй разваліць справу, вывесці ўсіх падазраваных з-пад удару і схаваць канцы ў ваду, замесці сляды. З гэтага моманту Лукашэнка і Шэйман аказаліся павязанымі нябачнай ніткай, скажам мякка, незаконных дзеянняў. А гэта звязвае людзей мацней, чым што-небудзь іншае», — каментуе палітолаг.
Ён нагадвае, як развівалася далей палітычная кар'ера Шэймана: у 2004 годзе ён стаў кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта — фактычна другім чалавекам у дзяржаве. У 2006 годзе вярнуўся на пасаду сакратара Савета Бяспекі. І раптам праз два гады аказаўся ў няміласці: указам прэзідэнта быў вызвалены ад пасады. Падставай паслужыў выбух, які адбыўся ў ноч з 3 на 4 ліпеня 2008 года — Шэйман быў абвінавачаны ў халатнасці:
«Але відавочна, што гэты выбух стаў проста падставай. Прычыны былі іншыя. Калі кіраўнік аўтарытарнага рэжыму чымсьці вельмі моцна абавязаны свайму падначаленаму, то ў гэтага чалавека непазбежна ўзнікаюць праблемы. Аднаасобны кіраўнік вельмі не любіць быць даўжніком каго б там ні было. Ідэальны варыянт — калі ўсе чыноўнікі абавязаны сваім узвышэннем выключна яму. Што робіць іх больш надзейнымі і адданымі. Да таго ж, у гэты час у Шэймана з'явіўся моцны канкурэнт — памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка. Да яго пераходзіла ўсё больш функцый кантролю над сілавымі структурамі. З натуральных прычын свайму новаму пратэжэ кіраўнік дзяржавы давяраў больш».
«Яму даручаліся нейкія сакрэтныя, далікатныя місіі — як асабліва даверанаму чалавеку»
Акрамя іншага, адзначае палітолаг, доўгае знаходжанне Шэймана на высокіх пасадах прывяло да таго, што ён пачаў абрастаць сувязямі, залежнымі ад яго людзьмі, узрастала яго апаратная вага. Што таксама не падабалася Лукашэнку.
«Але апала працягвалася нядоўга. Ужо ў 2009 годзе з'явілася інфармацыя, што Віктар Шэйман прызначаны памочнікам прэзідэнта па асаблівых даручэннях. Яму даручаліся нейкія сакрэтныя, далікатныя місіі — як асабліва даверанаму чалавеку. Незалежныя СМІ выказвалі здагадку, што гаворка ішла пра продаж зброі і падобныя справы, якія пажадана было схаваць ад шырокай публікі. У прыватнасці, ён курыраваў усе праекты Беларусі ў Венесуэле, потым у Афрыцы», — працягвае Валерый Карбалевіч.
У 2013 годзе Лукашэнка прызначыў Шэймана кіраўніком справамі прэзідэнта. Палітолаг тлумачыць, што гэта за пасада:
«Унікальнай з'явай беларускай мадэлі з'яўляецца невядомая ў сучасным свеце форма ўласнасці — прэзідэнцкая, якую кантралюе Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Гэта нешта падобнае да ўдзельных зямель у сярэднявечных манархіях».
Замест таго, каб, як у іншых краінах, займацца руціннай працай па тэхнічным абслугоўванні прэзідэнта і яго адміністрацыі, Кіраўніцтва справамі стала займацца камерцыйнай дзейнасцю. Спачатку яно забрала ў сваё распараджэнне найбольш прыбытковую нерухомасць у сталіцы і стала здаваць яе ў арэнду пад офісы. Затым пад кантроль Кіраўніцтва справамі прэзідэнта сталі пераходзіць прыбытковыя прадпрыемствы, імпарт і экспарт некаторых тавараў (напрыклад, экспарт лесу з запаведніка «Белавежская пушча»). Былі ўзяты пад кантроль аптовыя рынкі збожжа, вугалю, лесу, рыбы, цукру, трактароў, тытуню, алкаголю, санаторна-гасцінічная гаспадарка, частка гандлю нафтапрадуктамі. Таксама Кіраўніцтва справамі стала займацца гандлем канфіскатам.
«Відавочна, што даверыць такую ўстанову можна толькі вельмі надзейнаму чалавеку. Такім чалавекам і быў Шэйман. Ён прапрацаваў кіраўніком справамі прэзідэнта восем гадоў. Гэта шмат для такой пасады. Некаторыя яго папярэднікі сыходзілі са скандалам, нават траплялі ў турму. Таму што гэты нікім не кантраляваны бізнес стварае спрыяльную глебу для карупцыі. А Шэйман утрымаўся», — каментуе Валерый Карбалевіч.
Адстаўка Шэймана — «пачатак канца эпохі Лукашэнкі»
Эксперт падкрэслівае, што Шэйман — чалавек абсалютна закрыты, непублічны. Хоць ён і займаў высокія дзяржаўныя пасады, але практычна не даваў інтэрв'ю.
У 2021 годзе Шэйман сыходзіць у адстаўку з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта. Сярод розных версій самай праўдападобнай Валерый Карбалевіч лічыць версію пра хваробу чыноўніка і неабходнасць працяглага курсу лячэння. Але якой бы ні была сапраўдная прычына сыходу Шэймана, яго адстаўка выклікала рэзананс — бо ён не проста высокі чыноўнік, а, у пэўнай меры, сімвал непахіснасці дзеючага рэжыму, мяркуе палітолаг. Паводле меркавання Карбалевіча, сыход Шэймана азначае, што і эпоха Лукашэнкі падыходзіць да канца:
«Бо, як вядома, эпоха заканчваецца тады, калі сыходзяць яе знакавыя фігуры».
Аднак канец эпохі — гэта не аднамомантавая падзея, а працэс, заўважае эксперт. Таму адстаўку Шэймана можна назваць «пачаткам канца эпохі Лукашэнкі».
«Не сыходзіць далёка і падставіць плячо там, дзе гэта будзе трэба»
Аднак пасля знікнення з інфармацыйнай прасторы ў 2021 годзе (калі Лукашэнка ўручыў Шэйману ордэн Айчыны І ступені — ужо пасля адстаўкі) той зноў з'яўляецца ў полі зроку ў 2022 годзе — як «спецыяльны прадстаўнік» Лукашэнкі на сустрэчы з кіраўніцтвам непрызнанай Рэспублікі Абхазія. Праўда, дзяржаўныя беларускія медыя пра гэта тады не паведамлялі. І вось у сакавіку 2023 года Шэйман вяртаецца ў афіцыйную павестку — зноў у якасці «спецыяльнага пасланца», але ўжо ў краіны Афрыкі.
Адзначым, што, прымаючы адстаўку Шэймана з пасады кіраўніка справамі прэзідэнта, Лукашэнка сказаў яму публічна:
«Вельмі б папрасіў не сыходзіць далёка (і наогул не адыходзіць ад дзяржавы) і падставіць плячо там, дзе гэта трэба будзе. Як ты заўсёды гэта рабіў. З часам я прапаную табе некалькі варыянтаў працы, але пакуль бы вельмі папрасіў узяць на сябе, як заўсёды было, Кубу, Венесуэлу і тыя «хвасты» ў Афрыцы (...) таму што ў мяне была практыка: там, дзе патрабавалі надзейных, як яны казалі, блізкіх людзей, мне давялося цябе пасылаць або свайго старэйшага сына Віктара. Ён больш займаўся блізкаўсходнім рэгіёнам, а ты адкрываў акно ў Афрыку. Прашу гэта пакуль пакінуць за сабой і яшчэ раз кажу далёка не сыходзіць. Бачыш, якая сітуацыя вакол Беларусі. Не дай бог нам з табой яшчэ ўзяць аўтамат у рукі і абараняць краіну. Не хацелася б. У цябе вопыт вялікі, у мяне паменей, але, тым не менш, сітуацыя няпростая».
Падрабязнасцей пра ролю Шэймана ў якасці «спецпасланніка» пакуль так і не з'явілася, але Валерый Карбалевіч мяркуе, што гаворка ідзе пра якія-небудзь разавыя, далікатныя даручэнні Лукашэнкі:
«Гэта даручэнні па Абхазіі, Афрыцы — тыя, якія Лукашэнка не наважваецца даручаць афіцыйным прадстаўнікам. А Шэйману ён цалкам давярае, таму адпраўляе яго ў тую ж Афрыку, дзе многае вырашаецца праз неафіцыйныя дамоўленасці».
Вяртанне Шэймана ў інфармацыйнае поле не варта перабольшваць, лічыць палітолаг:
«Тое, што Шэйман з'яўляўся на пасяджэннях, нарадах, сядзеў у прэзідыуме на апошнім Усебеларускім народным сходзе, гаворыць толькі пра асаблівае стаўленне да яго Лукашэнкі, знак даверу. Але яго вобраз у прапагандзе застаецца другарадным — галоўнай фігурай заўсёды паказваюць Лукашэнку, а хто знаходзіцца вакол яго і ў якім статусе — гэта не так важна».