«Яны не будуць сядзець свае тэрміны». Палітвязні, якія выйшлі на волю ў траўні

Праваабаронцы сабралі гісторыі беларусаў і беларусак, якія былі асуджаны па палітычных матывах, цалкам адседзелі «пакаранне» і нядаўна вызваліліся.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1511 палітвязняў, і колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па сканчэнні тэрміну, або пасля суду да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на «хатняй хіміі». Паводле звестак праваабаронцаў, у траўні на волю выйшлі мінімум 37 палітзняволеных, 27 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, сем чалавек былі прысуджаны да «хатняй хіміі» і вызвалены з СІЗА, яшчэ трое палітвязняў выйшлі з ПУАТ па амністыі.

27 палітвязняў цалкамі адбылі тэрміны і выйшлі на волю

Палітзняволеная Эма Сцепулёнак — 1 год і 5 месяцаў у зняволенні

Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне мінулага верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі пад хатні арышт.

Эма Антонаўна Сцепулёнак

Эма Антонаўна Сцепулёнак


Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда.

З 16 снежня пенсіянерка адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі №4, адкуль 2 траўня выйшла на волю.

Палітвязень Аляксандр Іваноў — 1 год, 5 месяцаў і 15 дзён у зняволенні

Аляксандр Іваноў быў затрыманы 23 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы, заведзенай па двух артыкулах: арт. 339 КК («Хуліганства») і арт. 342 КК («Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак»). 7 ліпеня 2022 года яго прысудзілі да 1 года і 8 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, 19 жніўня 2022 года этапавалі ў бабруйскую калонію №2.

Аляксандр Іваноў

Аляксандр Іваноў


Вядома, што адміністрацыя калоніі змясціла Аляксандра ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) наўпрост да заканчэння тэрміну палітвязня.

8 траўня Аляксандр выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітзняволеная Ларыса Кузьменка — 1 год і 8 месяцаў у зняволенні

Ларыса Кузьменка — жыхарка Гомеля, прысуджаная да двух гадоў калоніі за «гвалт ці пагрозу гвалту супрацоўнікам АУС». Нібыта жанчына падчас нядзельнага маршу ў Гомелі «з прымяненнем грубай фізічнай сілы ўзяла сілавіка за руку, тым самым зрушыла яго з месца і не дазволіла яму працаваць». У Ларысы дыягнаставана дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.

Ларыса Кузьменка

Ларыса Кузьменка


Тэрмін жанчына адбывала ў гомельскай калоніі №4. На пачатку траўня Кузьменка выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітвязень Уладзімір Сокал — 1 год, 11 месяцаў і 12 дзён у зняволенні

Уладзімір Сокал — жыхар Наваельні (Дзятлаўскі раён), прысуджаны да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт.арт. 364 і 369 Крымінальнага кодэкса («Пагроза гвалтам супрацоўніку міліцыі» і яго «Публічная абраза як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў»).

Уладзімір Сокал

Уладзімір Сокал


Згодна з матэрыяламі справы, Сокал у жніўні 2020 года ў адным з ТГ-чатаў апублікаваў абразлівыя паведамленні ў адрас супрацоўніка АУС з пагрозамі прымяніць да яго гвалт.

Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду 3 чэрвеня 2021 года. Тэрмін Уладзімір адбываў у магілёўскай калоніі №15, адкуль выйшаў на волю 6 траўня.

Палітзняволеная Людміла Кірыленка — 1 год, 3 месяцы і 26 дзён у зняволенні

Людміла Кірыленка — прадпрымальніца з Рагачова, мае дваіх дзяцей. Яе затрымалі 19 студзеня 2022 года па крымінальнай справе, заведзенай пасля акцый пратэсту ў Жлобіне ў жніўні 2020 года, і абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.

Людміла Кірыленка

Людміла Кірыленка


Суддзя Яўген Ерафееў прысудзіў жанчыне адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Тэрмін Кірыленка адбывала ў гомельскай папраўчай калоніі №4.

Палітвязень Віктар Хлябец — 1 год, 2 месяцы і 21 дзень у зняволенні

Віктар Хлябец — выхадзец з Белаазёрска, мае на ўтрыманні малую дачку. У Віктара ёсць інваліднасць, ён хварэе на цукровы дыябет, інсуліназалежны. Мужчыну затрымалі 26 лютага 2022 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».

Віктар Хлябец

Віктар Хлябец


Суд Бярозаўскага раёна 28 ліпеня прысудзіў палітвязня да 1,5 гадоў калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ. Тэрмін Хлябец адбываў у наваполацкай калоніі №1. 17 траўня палітвязень выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.

Прафсаюзная актывістка Яніна Малаш — 1 год, 1 месяц і 8 дзён у зняволенні

У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 лістапада 2022 года вынеслі прысуд палітзняволенай актывістцы «Свабоднага прафсаюза металістаў» Яніне Малаш. Яе абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак») і прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Яніна мае непаўнагадовую дачку.

Яніна Малаш

Яніна Малаш


Тэрмін палітзняволеная адбывала ў гомельскай жаночай калоніі №4, адкуль выйшла 27 траўня.

Палітзняволеная Марыя Несцерава — 2 гады, 7 месяцаў і 4 дні ў зняволенні

Марыя Несцерава скончыла факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Вядома, што яна каля васьмі гадоў прапрацавала на Мінскай рэгіянальнай і цэнтральнай мытні старшай інспектаркай і звольнілася адтуль каля дзесяці гадоў таму.

Марыя Несцерава

Марыя Несцерава


Палітзняволеную абвінавацілі ва «ўдзеле ў мітынгах», «распаўсюджанні ўлётак і газет», а таксама ва «ўдзеле ў тэлеграм-каналах і чатах». Менавіта перапіскі з чатаў і ляглі ў аснову абвінавачання. Акрамя гэтага, на судзе Марыя заявіла, што падчас затрымання сілавікамі яе збілі, вынікам чаго стала ЧМТ. Жанчыне прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

27 траўня палітзняволеная выйшла на волю з ПК №4, цалкам адбыўшы тэрмін.

Палітзняволеная Ірына Прыгава — 1 год, 2 месяцы і 19 дзён у зняволенні

57-гадовую Ірыну Прыгаву затрымалі 10 сакавіка 2022 года. Яе абвінавацілі ў тым, што яна развешвала бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі на вуліцах Брэста, а таксама напісала алоўкам «абразлівыя» надпісы. 

Ірына Прыгава

Ірына Прыгава


16 жніўня Ірыну асудзілі на 1 год 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Доўгі час ад палітзняволенай не даходзілі лісты. 29 траўня Ірына выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі №4.

Палітвязень Віктар Сядоў — 2 гады, 7 месяцаў і 14 дзён у зняволенні

Віктар Сядоў быў затрыманы 16 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Палітвязня абвінавацілі ва «ўзвядзенні барыкад і кіданні двух прадметаў на праезную частку». Сядоў віну прызнаў часткова: сказаў, што паклаў адзін камень на праезную частку і яшчэ адзін кінуў на дарогу.

Віктар Сядоў

Віктар Сядоў


30 сакавіка 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён сказаў, што не змог у такой палітычнай сітуацыі стрымаць эмоцый. Папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і.

Тэрмін Віктар адбываў у бабруйскай калоніі №2. 30 траўня ён выйшаў на волю.

Трое палітвязняў выйшлі на волю па амністыі

Палітзняволенага Рамуальда Улана вызвалілі з гомельскай ПУАТ-17

Пра гэта Рамуальд напісаў у сваім Facebook:

«Добры дзень, сябры, землякі! ...на шостым месяцы амністыі да мяне ўсё ж такі прымянілі гэтую амністыю — адзінага з двух з паловай дзясяткаў палітычных на гомельскай хіміі...

...Шчыра дзякую ўсім, хто пісаў лісты, падтрымліваў мяне!»

Рамуальд Улан

Рамуальд Улан


Былы заснавальнік і выдавец «Новай газеты Смаргоні» ў студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў «хіміі». Яго абвінавацілі паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у «ВКонтакте» фотаздымак з налепкамі з асабістымі звесткамі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаны ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.

Палітзняволенага Руслана Валюка вызвалілі з мазырскай ПУАТ-21

Руслан Валюк — жыхар Смаргоні, абвінавачаны па ч.2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса («Паклёп»). Ён нібыта распаўсюдзіў улёткі, у якіх утрымліваліся «загадзя ілжывыя» звесткі, ўто «зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі».

Руслан Валюк

Руслан Валюк


Суд Смаргонскага раёна 18 лютага 2021 года абвясціў прысуд па гэтай крымінальнай справе — 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хімія»). З 29 траўня 2021 года Валюк адбываў тэрмін у ПУАТ №21. А 31 траўня 2023 года палітвязень выйшаў на волю па амністыі.

Палітзняволенага Вячаслава Шаблінскага вызвалілі з мазырскай ПУАТ-21

Вячаслава Шаблінскага асудзілі на 1 год і 6 месяцаў «хіміі» за тое, што размаляваў цюкі з сенам, паводле арт. 339 КК («Хуліганства»). Вядома, што 30 кастрычніка 2022 года палітвязня затрымлівалі на «хіміі».

Вячаслаў Шаблінскі

Вячаслаў Шаблінскі


З 21 красавіка 2022 года адбываў пакаранне ў ПУАТ №21. Вядома, што 4 траўня яго вызвалілі з «хіміі» па амністыі — за тыдзень да даты заканчэння тэрміну.

7 палітвязняў выйшлі на волю пасля суда

У траўні беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі сем чалавек у мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі «хатнюю хімію». Але гэтыя даныя могуць быць няпоўнымі, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:

  • Яўген Лівянт — 3 гады «хатняй хіміі»;
  • Юлія Лівянт — 2,5 гады «хатняй хіміі»;
  • Ганна Лівянт — 3 гады «хатняй хіміі»;
  • Аляксей Іваноў — 2,5 гады «хатняй хіміі»;
  • Мікіта Дрозд — 3 гады «хатняй хіміі»;
  • Аліна Горава — 1 год «хатняй хіміі»;
  • Глеб Вятошкін — 5 гадоў «хатняй хіміі».