Хронікі рэпрэсій за 6 чэрвеня: масавыя звальненні ў наваполацкай бальніцы і хапун у Ваўкавыску

Галоўныя навіны дня ў адным аглядзе.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


***

Сёння ў Мінскім гарадскім судзе агучылі прысуд Яне Пінчук, якую ў жніўні 2022-га этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта правоў чалавека ААН. Яе абвінавачвалі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, уключаючы «стварэнне або кіраванне тэрарыстычнай арганізацыяй». Справу разглядалі ў закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.

Суддзя Таццяна Фалькоўская прызначыла Пінчук 12 гадоў калоніі.

Паводле матэрыялаў следства, Яна «больш за год займалася дыскрэдытацыяй афіцыйнай улады ў інтэрнэце і заклікамі да ўдзелу ў масавых акцыях пратэсту». Таксама паведамляецца, што яна праходзіць па трох эпізодах, сярод якіх «прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і кіраванне незаконным фарміраваннем».

***

У Ваўкавыску на мясакамбінаце прайшоў «хапун» — у аддзяленне даставілі больш за 15 работнікаў, паведамляюць СМІ. 1 і 2 чэрвеня сілавікі «адпрацоўвалі» мясцовы мясакамбінат, некаторых затрыманых пасля праверкі тэлефонаў адпусцілі.

«У тэлефонах шукалі падпіскі на "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы і палітычныя фота- і відэаматэрыялы. Колькі пакінулі пасля праверкі людзей на "суткі", невядома», — расказваюць сведкі.

«Людзей забіралі на прахадной прадпрыемства, а таксама на аўтобусным прыпынку», — паведаміла іншая крыніца.

На мясакамбінаце адмовіліся каментаваць затрыманне работнікаў.

***

Стала вядома, што ўсіх медыкаў, затрыманых у Наваполацку, звольнілі па артыкуле за прагулы. 17 траўня ў Цэнтральнай гарадской бальніцы Наваполацка прайшоў масавы арышт лекараў. Хірург Міхаіл Пачкоўскі і уролаг Павел Стальмакоў арыштаваныя на 15 дзён, загадчыца гінекалагічнага аддзялення Ірына Васільева і фельчарка Наталля Першанёнак — на 10 дзён, а спецыялістку УГД Алу Стальмакову аштрафавалі на 100 базавых велічынь (3700 рублёў). Усіх іх звольнілі з працы пасля «сутак».

Затрыманні медыцынскіх работнікаў адбыліся пасля таго, як прасачылася інфармацыя пра экс-прэтэндэнта ў прэзідэнты, палітвязня Віктара Бабарыку, якога пасля моцнага збіцця прывезлі з СІЗА ў бальніцу.

***

Кіраўніцу хору БДУ Вольгу Мінянкову затрымалі за адмову выступіць на Данбасе. ГУБАЗіК запісаў з ёй «пакаяльнае відэа». На ім жанчына расказвае, што адмовілася выступаць на Данбасе, адправіўшы запрашальнікаў «услед за рускім караблём».

Вольга Мінянкова — кампазітарка, лаўрэатка міжнародных конкурсаў кампазітараў, харавы дырыжор, магістр мастацтваў, арт-дырэктарка Міжнароднага форуму моладзевых і студэнцкіх хораў «Папараць-кветка БДУ».

***

На судовым працэсе па справе аб падпале дома дэпутата Алега Гайдукевіча пракурор запытаў 25 гадоў калоніі для экс-рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева. Таксама ён запатрабаваў прызначыць Пракоп'еву штраф у 3700 рублёў (блізу 1200 еўра) і пазбавіць усіх вайсковых званняў.

Чатыры месяцы ў Мінску працягваецца суд на людзьмі, якія нібыта планавалі падпаліць дом дэпутата Алега Гайдукевіча ў чэрвені 2021 года, а таксама машыну суддзі і аддзел міліцыі. У рэальнасці пажараў не адбылося.

Па справе праходзяць 18 чалавек, у тым ліку цэлая сям'я. З іх траіх судзяць завочна: гэта Вадзім Пракоп'еў і экс-сілавікі Дзяніс Хаміцэвіч і Ігар Чамякін. Былы рэстаратар абвінавачваецца ў «перавозцы зброі» і «падрыхтоўцы тэракту». Паводле версіі следства, Пракоп'еў быў кіраўніком.

Астатнім абвінавачаным пракурор запытаў ад 11 да 20 гадоў калоніі.

***

У Барысаве на працоўным месцы 3 чэрвеня быў затрыманы праваабаронца Алег Мацкевіч. Прычыны затрымання актывіста і праваабаронцы не выдаюцца. Верагодна, на дадзены момант Мацкевіч знаходзіцца ў ІЧУ — пасля затрымання яго не адпусцілі.

Мацкевіча ўжо затрымлівалі ў студзені 2022 года — тады ў яго доме прайшоў ператрус.

***

Бацька палітзняволенай журналісткі Ксеніі Луцкіной, асуджанай на доўгі тэрмін, расказаў апошнія навіны пра дачку. На пачатку года яна захварэла на двухбаковую пнеўманію і змагалася з хваробай амаль увесь люты. Таксама ў Ксеніі дыягнаставалі анкалогію, яна стаіць у чарзе на МРТ.

— Пакуль не было ніякага абследавання, — кажа Алег Луцкін. — Хоць дачка па-ранейшаму пачуваецца вельмі дрэнна.

Пару дзён таму яна мне тэлефанавала, і я адмыслова ўдакладніў, ці вазілі яе на МРТ або не. На жаль, не вазілі. Стаіць у чарзе на абследаванне — вось і ўсё, што вядома. Але ўсе неабходныя лекі перадаём, Ксеніі дазволілі медыцынскую перадачу.

***

Паводле падлікаў праваабаронцаў, як мінімум 37 палітвязняў у траўні выйшлі на волю. 27 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, сем чалавек былі прысуджаны да «хатняй хіміі» і вызвалены з СІЗА, яшчэ трое палітвязняў выйшлі з ПУАТ па амністыі. Тут можна пачытаць гісторыі некаторых з іх.

***

На сённяшні дзень спісы «В*сны» ўтрымліваюць імёны 1511 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1741 чалавека. Сярод іх — 195 жанчын і 7 непаўнагадовых. 17 чалавек былі адпраўленыя на прымусовае лячэнне.