Чарговы сталінскі прысуд. Палітзняволеную Яну Пінчук, якую экстрадавалі з Расіі, асудзілі да 12 гадоў калоніі

У Мінскім гарадскім судзе 10 красавіка распачаўся суд над палітзняволенай Янай Пінчук, якую ў жніўні 2022-га этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Справу разглядалі два месяцы ў закрытым рэжыме. Пра прысуд паведаміў тэлеграм-канал, які вядуць сябры Яны.

photo_2022_08_08_22_42_34_2_logo_1.jpg

Дзяўчыну абвінавацілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку — у «стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй». Суддзя Таццяна Фалькоўская 6 чэрвеня прызначыла палітзняволенай 12 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.

25-гадовую Яну затрымалі ў Санкт-Пецярбургу 1 лістапада 2021 года ў сувязі з абвяшчэннем у вышук у Беларусі па падазрэнні ў адміністраванні пратэснага тэлеграм-канала «В*цебск 97%». Паводле следства, у тэлеграм-канале Яна пад нікам «Прынцэса Лея» размяшчала паведамленні з «негатыўнай ацэнкаю супрацоўнікаў праваахоўных органаў і органаў дзяржаўнай улады». Акрамя таго, нібыта публікавала «заклікі да прычынення шкоды міліцыянтам» і «экстрэмісцкія матэрыялы».

Доўгі час яе ўтрымлівалі пад вартай у Расіі, дзе праходзіла некалькі судоў па выдачы Яны ў Беларусь. 9 жніўня Пінчук экстрадавалі з РФ, нягледзячы на забарону Камітэта па правах чалавека ААН.

Палітзняволеную прызналі вінаватай паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»);
  • ч. 3 арт. 361 («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу, ажыццяўленню дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»);
  • ч. 1 арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання»);
  • ч. 3 арт. 293 («Навучанне ва ўдзеле ў масавых беспарадках»);
  • ч. 1 арт. 290-4 («Дзейнасць па стварэнні арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці такой арганізацыяй, або яе часткай ці яе структурнымі падраздзяленнямі»).

Вядома, што Яна Пінчук замужам. Са сваім мужам Мікітам Сафронавым яны пазнаёміліся падчас пратэстаў у Беларусі, калі хлопец шукаў магчымасці дапамагчы беларусам, які пацярпелі ад рэпрэсій.

«Мне як неабыякаваму чалавеку хацелася дапамагчы беларускаму народу. Я шукаў фонды, дзе можна дапамагчы харчамі, адзеннем, грашыма, чым заўгодна, і ў «Інстаграме» проста наткнуўся на Яну, мы пачалі кантактаваць, і вельмі хутка наш дыялог перайшоў у нейкае рэчышча «спазнаць адно аднаго». У той час я жыў у Іспаніі, літаральна праз месяц пасля знаёмства я купіў квіток і паляцеў да Яны ў Расію», — расказваў Мікіта ў інтэрв'ю «Св*бодзе».

Хлопец прызнаваўся, што быў вельмі ўражаны моцным характарам Яны: «Вельмі рэдка сустрэнеш такога моцнага чалавека, які настолькі нецярпімы да несправядлівасці, гатовы дапамагаць усім і ўсяляк. Безумоўна, мяне ў першую чаргу ўразіла яе самааддача ў высакародных мэтах».

Мікіта зрабіў Яне прапанову, яшчэ калі дзяўчына была на волі. 15 сакавіка пара распісаліся ў СІЗА.

«Рашэнне зрабіць шлюбную прапанову з'явілася спантанна. Вось ты проста глядзіш на чалавека і разумееш, што хочаш звязаць з ім сваё жыццё. Мы планавалі ўжо распісацца за мяжой, але зацягнулі. Так, такога вяселля мы, вядома, не чакалі, што сведкам будзе супрацоўнік ФСВП (Федэральная служба выканання пакаранняў) Расіі. Затое ні ў кога іншага, дзякуй Богу, не было такога роспісу, як у нас. Вось будзем неяк з сябрамі абмяркоўваць, хто і як ажаніўся, будзе ў нас самая незвычайная гісторыя».