Забарона на кветкі і «малочку»: у папраўчых установах Гомельшчыны ўзмацняюць рэжым
Гомельскія калоніі і без таго «славіліся» жорсткім рэжымам, але цяпер яго яшчэ больш узмоцняць. Прычына — у вобласці новы начальнік упраўлення ДВП МУС і новы загад «зрабіць яшчэ горш».
Да палітычнага крызісу 2020 года, адзначае «Штодзень», у калоніях Гомельшчыны актыўна ўкараняліся розныя гуманітарныя праекты пры падтрымцы ЕС. Апошнія 2,5 гады пасаду начальніка ўпраўлення ДВП МУС РБ па Гомельскай вобласці займаў палкоўнік унутранай службы Сяргей Палякоў, які раней кіраваў жаночай папраўчай калоніяй №4 у Гомелі.
Як стала вядома праваабаронцам, на мінулым тыдні кіраўнікі папраўчых устаноў вобласці атрымалі апавяшчэнне аб прызначэнні новага начальніка гомельскага УДВП. Цікава, што імені новага прызначэнца яшчэ не называюць. Але пры гэтым ужо вядома, што начальнікам папраўчых устаноў ужо спушчаны загад усё «прывесці ў належны выгляд».
Колькасць асабістых рэчаў, якія можна захоўваць, абмяжуюць, гэтак жа, як і абмяжуюць асартымент турэмных крамаў. Ходзяць размовы, што забарона закране нават малочныя прадукты з кароткім тэрмінам прыдатнасці. Да гэтага іх прадавалі.
Новы начальнік увёў нават рэгламент на прыналежнасці для галення — цяпер будуць дазволены толькі аднаразовыя танныя станкі адной маркі, а замест пены для галення можна будзе выкарыстоўваць толькі айчынныя крэмы. Усё астатняе пойдзе ў сметнік.