Сілавікі ў масках на Гомельшчыне: што вядома пра «антытэрарыстычныя вучэнні»?
Стрэлы, выбухі гранат, палёты дронаў і перакрытыя дарогі — «маскі шоу» на Гомельшчыне, дзе адбываюцца «вучэнні».
Пазаўчора, 5 чэрвеня, «Гомельская праўда» паведаміла, што 5-7 чэрвеня на тэрыторыі Гомельскай вобласці праходзяць «антытэрарыстычныя вучэнні» з удзелам прадстаўнікоў сілавых ведамстваў, піша блогер Антон Матолька на сваім сайце.
Беларускія дзяржСМІ паведамілі, што адпрацоўваецца гатоўнасць кампетэнтных дзяржорганаў і іншых арганізацый да выканання задач па «спыненні дзейнасці тэрарыстычных арганізацый і незаконных узброеных фарміраванняў».
Беларускія ўлады назвалі гэтыя вучэнні міжведамаснымі. Гэта значыць, што ўдзел у іх прымаюць прадстаўнікі розных сілавых ведамстваў.
Сёння ж, 7 чэрвеня, мясцовыя дзяржСМІ апублікавалі першыя фота і відэа з гэтых вучэнняў. Можна заўважыць, што на тэрыторыі збудаваны КПП з мяшкоў, верагодна з пяском, паказана вялікая колькасць узброеных сілавікоў, у тым ліку супрацоўнікаў МУС, устаноўлены палаткі і расцягнуты калючы дрот.
Таксама можна заўважыць, што ўдзельнікі вучэнняў і іх тэхніка пазначаныя часовымі знакамі адрознення — белы скотч на руцэ і тактычны знак у выглядзе вертыкальнага ромба з зафарбаванай 1/4 часткай на тэхніцы. Увядзенне часовых тактычных знакаў не новае, напрыклад, на лютаўскіх вучэннях КДБ у Клічаўскім раёне таксама былі заўважаныя розныя незвычайныя знакі на тэхніцы і супрацоўніках.
Аднак шмат што дзяржСМІ вырашылі не расказваць, да прыкладу, тое, што гэтыя вучэнні праходзяць на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці. Прычым вучэнні гэтыя рыхтаваліся загадзя.
«Антытэрарыстычныя вучэнні»: што вядома?
Мясцовыя жыхары пісалі ў чатах, што ў сувязі з гэтымі вучэннямі назіралі палёты дронаў, верталётаў, былі чутныя стрэлы і выбухі гранат. Па раёне курсіруе і вялікая колькасць прыезджых аўто, у тым ліку джыпы на нумарах РФ. Таксама акрамя паказаных КамАЗаў і бронеаўтамабіляў «Тыгр» у вучэннях удзельнічаюць танкі, БТРы і лёгкабраніраваны аўтамабіль МЗКЦ-490101, які быў на MILEX-2023 і знаходзіцца ў доследнай эксплуатацыі ў спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС РБ.
Таксама вядома, што ў рамках вучэнняў шэраг адміністрацыйных будынкаў пераабсталявалі пад казармы, а іншыя (школы, бальніцы) закрывалі на некаторы час.
Гомельскі «Фл*гшток» адзначае, што сілавікі ў масках акупавалі глухую вёску на поўначы іх вобласці. Так, з учорашняга дня (6 чэрвеня) мясцовых жыхароў вёскі пужаюць людзі ў масках, там з'явіліся блокпасты, ваенная тэхніка і шмат машын хуткай дапамогі.
Гомельскія прапагандысты, якія апублікавалі фотаздымкі, патлумачылі «маскі шоу» вучэннямі. Месца правядзення спецмерапрыемства яны не назвалі.
Выданню «Фл*гшток» атрымалася лакалізаваць месца, дзе зробленыя гэтыя здымкі. На фота аграгарадок Ламавічы, які знаходзіцца ў 10 кіламетрах ад райцэнтра на поўначы Гомельскай вобласці.