Дасье на Лукашэнку
Фонд «Вільна Білорусь», што месціцца ва Украіне, збірае доказы злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў і ўкраінцаў.
Зарэгістраваны ва Украіне дабрачынны фонд «Вільна Білорусь» запусціў праект «Трыбунал». Яго мэта — збор, фіксацыя і бяспечнае захоўванне інфармацыі «пра прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, іх памагатых і ўчыненыя імі злачынствы», у тым ліку тыя, што адбываліся на тэрыторыі Украіны, пачынаючы з 2014 года. Звесткі, сабраныя «Трыбуналам», паводле слоў прадстаўнікоў фонду, будуць выкарыстоўваць для інфармавання беларусаў і сусветнай грамадскасці, а ў далейшым могуць спатрэбіцца падчас «расследаванняў, судовых разглядаў, пры правядзенні люстрацыі».
Прэзентацыя праекта адбылася ў чацвер, 8 чэрвеня, на прэс-канферэнцыі ў Сейме Літвы. Днём раней фонд «Вільна Білорусь» адкрыў выставу «З Украінай у сэрцы», прысвечаную беларускім добраахвотнікам, якія загінулі ва Украіне, піша «Deutsche Welle».
«Трыбунал» запусціў чат-бот для сведкаў злачынстваў рэжыму Лукашэнкі
Юрыст фонду «Вільна Білорусь» Аляксандр Ракіцкі расказа, што «Трыбунал» будзе збіраць інфармацыю як пра злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда (такія, як «генацыд, злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, злачынствы агрэсіі»), так і пра злачынствы, якія падпадаюць пад Крымінальны кодэкс РБ.
Фармаванне базы даных, паводле яго слоў, будзе адбывацца з адкрытых крыніц, СМІ, сацсетак, а таксама сведчанняў відавочцаў злачынстваў. Для гэтага на сайце праекта запусцілі чат-бот. «Вынікам працы сістэмы будзе спіс асоб, прадстаўнікоў рэжыму і іх памагатых, на кожнага будзе складзена дасье», — адзначыў Ракіцкі.
Стваральнікі «Трыбунала» ўжо валодаюць «дзясяткамі гігабайт інфармацыі» пра злачынствы розных маштабаў, пачынаючы ад надання тэрыторыі Беларусі для ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну, што можна кваліфікаваць як «злачынства агрэсіі», заканчваючы «злачынствамі вандалізму, якія чыняць прадстаўнікі ўлады», калі, да прыкладу, знішчаюць польскія могілкі. Цяпер усе даныя праходзяць верыфікацыю.
Аляксандр Ракіцкі ўпэўнены, што чым больш інфармацыйных рэсурсаў і людзей будуць займацца зборам падобных звестак, тым лепш, бо «злачынстваў велізарная колькасць» — і важна, каб ні адно не засталося беспакараным.
Намеснік старшыні Камітэта Сейма Літвы па еўрапейскіх справах Эмануэліс Зінгерыс, у сваю чаргу, у якасці прыкладу прывёў прымусовую пасадку ў Мінску самалёта «Ryanair» у траўні 2021 года: «Адно са злачынстваў мы зафіксавалі: крадзеж самалёта, які ляцеў у Вільню. ICAO афіцыйна абвясціла гэта міжнародным тэрарызмам».
Ці мае дачыненне рэжым Лукашэнкі да злачынстваў на тэрыторыі Украіны?
Дэпутат Бучанскага гарадскога савета Васіль Аляксюк, які таксама прымаў удзел у прэс-канферэнцыі, не выключае, што грамадзяне Беларусі могуць быць датычныя і да ваенных злачынстваў у Бучы. Паводле яго слоў, жыхары горада бачылі на блокпастах (вясной 2022 года. — Заўв. рэд.) людзей у «расійскай форме з шаўронамі беларускіх Узброеных сіл». «Яны праводзілі ахову і кантралявалі частку тэрыторыі населенага пункта Буча ў раёне гандлёвага цэнтра "Пасаж", на блок-пастах на выездзе з горада», — дадаў дэпутат. На ўдакладняючае пытанне журналістаў, ці былі гэта найміты або рэгулярнае войска Беларусі, Аляксюк адказаць не змог.
У сваю чаргу ўкраінскі грамадскі дзеяч Антон Гулідзін заявіў, што на дадзены момант, пакуль «адпаведныя органы і міжнародныя інстытуты» не правялі расследаванне, нельга сцвярджаць, што вайскоўцы з Беларусі датычныя да злачынстваў у Бучы. Тым не менш, паводле яго слоў, не варта забываць, што «наступ ва Украіну быў з боку Беларусі», што «былі памагатыя, якія рыхтавалі і тэхнічна суправаджалі расійскіх вайскоўцаў». Ён таксама адзначыў, што праект «Трыбунал» будзе дапамагаць «збіраць усю інфармацыю пра ваенныя злачынствы, якія здзяйсняюцца РФ або прадстаўнікамі РБ». «Гэта вельмі важна для таго, каб потым усе былі пакараныя за тое, што адбывалася на тэрыторыі Украіны», — дадаў Гулідзін.
Многія ўкраінцы апынуліся ў беларускіх турмах
Прадстаўнік амбасады Украіны ў Беларусі Ілля Звенігародскі (у сакавіку 2022 года беларускія ўлады абвінавацілі яго і яшчэ шэраг супрацоўнікаў амбасады ў шпіянажы і выслалі з краіны. — Заўв. рэд.) расказаў пра ўшчамленне правоў украінцаў на тэрыторыі Беларусі. «Цяпер гэта маштабная з'ява, паколькі вельмі многія нашы грамадзяне знаходзяцца ў турмах», — заявіў дыпламат. Некаторыя з іх былі афіцыйна прызнаныя беларускай праваабарончай супольнасцю палітвязнямі, некаторыя — не, але, паводле слоў Звенігародскага, па сутнасці, таксама імі з'яўляюцца: «Рэжым, КДБ затрымалі іх і пасадзілі ў турму толькі за тое, што яны ўкраінцы, толькі за тое, што яны супраць пазіцыі афіцыйнага Мінска».
Спікер таксама нагадаў пра тое, што «ўкраінскія дзеці неаднаразова вывозіліся з акупаваных тэрыторый Украіны без дазволу ўкраінскіх уладаў на тэрыторыю Беларусі». «Іх не катавалі, не прыгняталі, але яны падвяргаліся прапагандзе. У іх не пыталіся, хочуць яны туды ехаць ці не, многія з іх былі супраць гэтага, але не маглі праявіць сваю волю», — расказаў дыпламат.
Ён адзначыў, што матэрыялы, якія тычацца незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю РБ, ужо знаходзяцца ў Генпракуратуры Украіны, а вынікі расследавання могуць быць выкарыстаныя для «далейшых санкцый супраць фізічных і юрыдычных асоб Беларусі».