Межы закрываюцца! Рэжым Лукашэнкі ідзе да канца свайго існавання
У ток-шоу «В самую точку» на ютуб-канале «DW Беларусь» паразважалі пра актуальныя праблемы палітычнага парадку Беларусі. Паглядзела эфір "Наша Ніва".
У эфіры перадачы сузаснавальнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак заявіў:
«Пытанне пераносу вайны на тэрыторыю Беларусі — гэта пытанне часу. Улічваючы тое, на якім кантролі ў Расіі знаходзіцца дзейны дэ-факта ўрад Беларусі і яго падпарадкаванне Крамлю, пытанне толькі, колькі яшчэ Лукашэнка працягне ў гэтай дзіўнай геапалітычнай пазіцыі ўдзелу-няўдзелу.
Тут сітуацыя, якая была з падрывам чыгуначнага саставу і лакаматыўнай брыгады Беларускай чыгункі, вельмі сімптаматычная. На жаль, рана ці позна Беларусь пачне ўдзельнічаць у гэтай вайне больш актыўна. Наша каманда рыхтуецца да вялікага ўсплёску колькасці людзей, якія захочуць пакінуць небяспечную тэрыторыю».
На думку дэпутата Еўрапарламента, пастаяннага дакладчыка па Беларусі Пятраса Аўштрэвічуса, рэжым Лукашэнкі ідзе да канца свайго існавання. Вядома, што ў такіх выпадках могуць быць розныя рэцыдывы. Аўштрэвічус лічыць Лукашэнку ваенным злачынцам.
«Калі каму-небудзь здаецца, што рэжым Лукашэнкі не выклікае прамую небяспеку для суседніх краін, то яны вельмі памыляюцца. Мы ўжо зрабілі памылку адносна Лукашэнкі ў 2016 годзе».
Аўштрэвічус адзначыў, што пастаянна знаходзіцца ў кантакце з прадстаўнікамі палка Каліноўскага. Тое, што яны робяць для народа Украіны, — вялізная не толькі ваенная, але і палітычная інвестыцыя ў зусім іншыя адносіны ў будучым Беларусі і Украіны.
Ці павінны быць закрытыя межы з боку Еўропы для Беларусі
Па меркаванні Аўштрэвічуса, ізаляцыя рэжыму Лукашэнкі павінна ўзмацняцца як у эканамічнай, так і ў палітычнай сферах.
«У той жа час мы павінны падтрымліваць людзей, што імкнуцца пазбегнуць пераследу. Мы іх павінны прымаць. Але мы самі, літоўцы, палякі, латвійцы, павінны добра падумаць, наколькі мы мусім ліберальна глядзець на паездкі нашых людзей у Беларусь, каб набыць там цыгарэты ці гарэлку. Наколькі яны павінны мець такую магчымасць? Мы тут робім вялікія памылкі і такім чынам толькі дапамагаем рэжыму. Мы павінны закрыць мяжу для такіх эканамічных, камерцыйных паездак. Гэта звязана і з пэўнай рызыкай вярбоўкі», — адзначыў Аўштрэвічус.
Па меркаванні дэпутата Еўрапарламента, тое, што цяпер паміж Беларуссю і Еўропай сцяна, не выбар Еўропы.
«Мы бачым у будучым Беларусь як дзяржаву, [якая] цалкам на баку Еўропы. Па цывілізацыйных прыкметах, па гісторыі і культуры яна ёсць яе часткай.
Тут для мяне няма ніякага пытання, на якім баку і з кім павінна быць Беларусь. Але ёсць пэўныя сітуацыі, у якіх мы мусім паводзіць сябе больш адказна. Была б мая воля, ужо даўно не было б мяжы паміж Беларуссю і ЕС».
Але, адзначае Аўштрэвічус, у сувязі з тым, што Беларусь становіцца часткай так званай Саюзнай дзяржавы, сутнасць якой ніхто не можа як мае быць патлумачыць, куды і як гэтая дзяржава пойдзе адносна сваіх суседзяў, ЕС павінен прымаць непапулярныя прамежкавыя рашэнні.
«Ізаляцыя будзе ўплываць на жыццё простых людзей. Такая логіка сённяшніх дзён», — заўважыў еўрадэпутат.
З крыткай пазіцыі Еўрасаюза, накіраванай на ўзмацненне ізаляцыі, выступіў намеснік галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Арцём Гарбацэвіч. Ён заўважыў, што калі цяпер Еўропа са свайго боку трымае межы закрытымі, то такім чынам яна імкнецца пераўтварыць Беларусь у Паўночную Карэю. Яму незразумела, чаму ў Літву не ходзяць цягнікі.
«Лукашэнка не ездзіць у аэрапорт Вільні. І чыноўнікі не ездзяць. А ў міліцыянераў увогуле пашпарты нават забіраюць, каб, не дай бог, нікуды не выехалі. Мне здаецца, што санкцыі, [якія ўплываюць] на мабільнасць людзей — гэта якраз тое, чаго не павінна быць. Гэта не робіць нас еўрапейцамі».
Ён заўважыў, што праз мяжу рухаюцца не толькі людзі, але і капіталы, фінансы, тавары, тэхналогіі. Але апошнім часам ізаляцыя становіцца ўсё большай, яна закранае і бізнэс, і простых людзей.
«Аснова дэмакратыі — бізнэс, тое, што імкнецца да адкрытых палітычных сістэм, да свабоды цэнаўтварэння, канкурэнцыі. Цяпер жа нават тыя тавары, што не падпадаюць пад санкцыі, не трапляюць у Літву, аплаціць плацеж у Літву немагчыма. Такая пазіцыя перашкаджае развіццю бізнэсу, і невядома да чаго можа прывесці, калі [такое] становішча захаваецца на працягу дзесяцігоддзя».
Дарадца Офіса Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр адзначыла, што згодная з пазіцыяй ЕС аб тым, што ізаляцыя і візавыя абмежаванні павінны тычыцца толькі прадстаўнікоў рэжыму, а не ўсіх беларусаў.
«Мы самі гаворым пра тое, што павінна быць дасканалая праверка тых, каму выдаюцца візы. Каб не было сітуацыі, якая здарылася з Васкрасенскім, ці калі суддзя, які выносіў прыгавор па справе Ціханоўскай і Каардынацыйнай рады, апынуўся ў Літве з візай адной з краін ЕС».
Па словах Рыхтэр, у сённяшніх умовах Офіс Ціханоўскай працуе з суседнімі краінамі больш па пытаннях выдачы дазволаў на жыхарства для беларусаў, што ўжо знаходзяцца за мяжою. Візавая палітыка адсунулася на некалькі крокаў назад.