Што ж адбылося ў 2020 годзе? Меркаванне

Блогер Глеб Рубанаў у сваім допісе ў Facebook падзяліўся ўласным меркаваннем адносна працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі напярэдадні і падчас выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе.

Фота: Павел Хадзінскі

Фота: Павел Хадзінскі

Глеб Рубанаў піша: «Мяне цікавіць найперш рэальнае напаўненне «плана Бабарыкі», бо фактычна барацьба за выкананне гэтага плана і стала палітычнай платформай новай мэйнстрымнай апазіцыі і застаецца такой дагэтуль.
І для шмат каго з людзей, якія хочуць дэмакратычных змен, гэта ў прынцыпе адзіная палітычная праграма, якую яны падтрымліваюць (для адчувальнай колькасці — таксама і адзіная, якую ведаюць).
Імаверная і простая гіпотэза: непублічным складнікам плана мог быць разлік на загадзя ўзгоднены «наменклатурны пераварот».
Па ўсім выглядае, што гэты сцэнар (даволі якасна, дэтальна распрацаваны) і разыгрывалі, але... Або Лукашэнка ў чэрвені-ліпені перабіў карты, пайшоўшы ва-банк з арыштам галоўнага героя, адмовіўшыся саступаць «гарантам бяспекі» і запалохаўшы вертыкаль. Або, што яшчэ больш імаверна, ад пачатку інфа пра гатоўнасць наменклатуры да «кульбіта» была фэйкам, а кандыдату рыхтавалі роль разменнай фігуры.
У абодвух выпадках «перасабраны» пасля арышту лідара штаб з тэхнічнай кандыдаткай, шчыра давяраючы тэзісу «я ніколі не ўвязваюся ў гульні, якія не магу выйграць», акуратна і з 200% аддачай давыканалі пакінуты ім сцэнар да апошняй старонкі. Далей, калі абяцанага хэпі-энду пасля апошняй старонкі не наступіла, пайшла самадзейнасць па інерцыі.
Заўважу, што пры ўсім маім асабістым скепсісе да такіх рэчаў да тэхнічнай кандыдаткі тут пытанняў найменей: у гульню патрапіла выпадкова, дзейнічала шчыра і годна, імкнулася мінімізаваць ахвяры, не здраджвала прынцыпам, за якія ўпісалася. І нават значна больш, чым можна было б чакаць, трымала драйв, часам вельмі ўдала імправізуючы і выціскаючы з сітуацыі максімум.

Калі гіпотэза верная, тады:

1) Актывістам і грамадству на ўсіх этапах вылучалася роля актыўных, але бяскрыўдных статыстаў.
2) Непазбежнасць правалу сцэнара была зафіксавана ў пачатку ліпеня (калі не выпусцілі і не зарэгістравалі галоўнага героя).
3) Фармальны план «А» скончыўся ў сярэдзіне жніўня (калі адмовілі ў аспрэчанні вынікаў), і літаральна праз пару тыдняў стала відавочнай бесперспектыўнасць фармальнага плана «Б» (наменклатура не праявіла цікаўнасці да агучаных ідэй пра «партыю і канстытуцыйны рэферэндум», а дзеячаў штаба пачалі арыштоўваць).
4) Ад 9 жніўня пачалася імправізацыя, і гэта былі лепшыя для беларускага грамадства месяцы.
5) Ад лістапада пачалася стагнацыя і пошук новых фарматаў (як з боку палітыкаў, так і з боку грамадства). Фактычна, на гэтым «кампанія-2020» скончылася, а з вясны 2021 года распачаўся зусім новы этап  (для палітыкаў, грамадства і для ўлады).
5а) Пры гэтым (проста як цікавы факт) адным з эксперыментальных кірункаў дзейнасці палітыкаў у 2021-м была (імаверна) адпрацоўка кавалка «фармальнага плана «Б» пра канстытуцыйны рэферэндум. Без вялікага поспеху, але з заўважным шумам. Але гэта так — нататка на палях.
Далей трэба было б напісаць пра вынікі і высновы. Але не буду пакуль, гэта асобная вялікая тэма.

Ёсць яшчэ прасцейшы варыянт, увогуле без адценняў канспіралогіі:

1) галоўны кандыдат загадзя меў, назавём гэта так, упэўненасць у добрых шанцах перамагчы меркаванага пераемніка пры ўмове няўдзелу Луашэнкі (сітуацыя, падобная на Украіну-2004). Пад гэта і рыхтаваўся план кампаніі;
2) кандыдат настолькі натхніўся перспектывамі, што вырашыў дзейнічаць згодна з планам, не зважаючы на рашэнне Лукашэнкі персанальна «пераабрацца»;
3) з гэтага моманту закладзены ў план спадзеў на лаяльнасць наменклатуры стаў тэхнічна эквівалентны спадзеву на значна менш імаверны «наменклатурны пераварот»;
4) усе далейшыя падзеі — цалкам натуральнае развіццё сітуацыі, якое не супярэчыць напісанаму вышэй.