Валерый Карбалевіч: нічога добрага для Беларусі ад анансаванага дэкрэта Лукашэнкі чакаць не варта
Эксперт разважае аб тым, якім будзе дэкрэт Лукашэнкі, які той хутка прыме і які засталося «толькі фармалізаваць».
— Аляксандар Лукашэнка анансаваў прыняцце важнага рашэння, якое будзе, як ён адзначыў, «адным з прынцыповых рашэнняў за чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва», — піша Валерый Карбалевіч. — З'явіцца яно мусіць, хутчэй за ўсё, у выглядзе дэкрэта. Што ж гэта можа быць за дэкрэт?
У практыцы законатворчасці Беларусі прэзідэнцкія дэкрэты — гэта найбольш важныя дакументы, якія сваім статусам вышэйшыя за ўказы ці законы, прынятыя парламентам. Яны задаюць кірункі развіцця пэўных сфер эканомікі і грамадства.
Можна прыгадаць «дэкрэт аб дармаедах», які ў 2017 годзе выклікаў выбух абурэння насельніцтва. Падобнага роду дакументы з'яўляюцца не так часта. Вось, напрыклад, у 2018 годзе быў выдадзены толькі адзін дэкрэт, у 2019-м — 4, у 2020 годзе — 5 дэкрэтаў.
Якога зместу можа быць анансаваны дэкрэт? Тут можна выбудоўваць розныя версіі.
Найперш, варта ўспомніць, у якім кантэксце было дадзена гэтае абяцанне. Вось як падаецца гэтая рэпліка Лукашэнкі на яго афіцыйным сайце:
«Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі не ўдалася спроба арганізаваць спачатку мяцеж, а пасля гэтага "паўзучы пераварот". "Што цяпер яны могуць зрабіць? Зноў гэта іх фразы: усё трымаецца на Лукашэнку, трэба знесці. Мая задача зрабіць так: калі знясуць, каб у іх нічога не атрымалася. Гэта галоўная мая задача. У найбліжэйшы час, я прыняў рашэнне, мы яго зараз фармалізуем, я агучу. Гэта будзе адно з прынцыповых маіх рашэнняў за чвэрць стагоддзя прэзідэнцтва. Гэта будзе вельмі сур’ёзна. Таму, нават калі мяне не будзе, па-народнаму кажучы, "толькі праз мой труп", у іх нічога не атрымаецца. Я прыняў рашэнне. Цяпер мне трэба яго фармалізаваць. Гэта будзе, хутчэй за ўсё, дэкрэт прэзідэнта».
То бок гэтая заява з'явілася ў кантэксце згадкі інфармацыі пра мяцеж.
Таму можна меркаваць, што дэкрэт будзе тычыцца процідзеяння палітычным апанэнтам. Магчыма, там будуць заканадаўча аформленыя новыя, больш жорсткія захады супраць любой апазіцыі і іншадумства.
Тут можна правесці гістарычную аналогію. У СССР сталінскіх часоў пасля забойства Сяргея Кірава ў 1934 годзе было прынята рашэнне аб паскораным і спрошчаным правасуддзі ў дачыненні да «ворагаў народа». Гэта стала пачаткам «вялікага тэрору».
Таму самая праўдападобная версія палягае ў тым, што анансаваны дэкрэт можа тычыцца нейкага надзвычайнага, паскоранага і спрошчанага правасуддзя ў дачыненні да ўсіх праціўнікаў Лукашэнкі, якіх аб’явяць змоўшчыкамі, мяцежнікамі, экстрэмістамі і тэрарыстамі. Магчыма, у гэтым сэнсе трэба разумець яго развагі, што, маўляў, калі мяне «знясуць», каб у «іх» нічога не атрымалася. То-бок, драконаўскія законы мусяць дзейнічаць і пасля Лукашэнкі.
Можна, вядома, разглядаць і іншыя варыянты. Напрыклад, у
дэкрэце будуць нейкія гарантыі недатыкальнасці самога Лукашэнкі, яго сям’і
і атачэння. Ці, напрыклад, гэта будзе тычыцца стварэння нейкага надзвычайнага
органа ўлады, з выключнымі паўнамоцтвамі, магчыма, на чале з самім Лукашэнкам.
Але нічога добрага для Беларусі ад гэтага дэкрэта чакаць не варта.