Ужо 9 студзеня пачнецца суд па справе ТАА «ТУТ БАЙ медыя»
Крымінальную справу ў дачыненні да супрацоўнікаў ТАА "ТУТ БАЙ медыя" пачнуць разглядаць 9 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс будзе закрытым, яго будзе весці Валянціна Зянкевіч.
Абвінавачаныя — пяць чалавек, у тым ліку галоўны рэдактар Марына Золатава і былы гендырэктар Людміла Чэкіна, якія знаходзяцца ў СІЗА з моманту свайго затрымання ў Менску 18 траўня 2021 года. Яшчэ тром фігурантам — рэдактарцы Вользе Лойка, журналістцы Алене Талкачовай і юрыстцы Кацярыне Ткачэнка — раней была змененая мера стрымання.
Нагадаем, па даных Генпракуратуры, Чэкінай інкрымінаваныя ўхіленне ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК), распальванне сацыяльнай непрыязнасці і варожасці (арт. 130 КК), а таксама распаўсюджанне матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі (арт. 361 КК).
Золатава, Лойка і Талкачова абвінавачваюцца ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, распальванні сацыяльнай варожасці, распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.
Ткачэнка абвінавачваецца ў дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў, актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 361 КК).
Паводле версіі абвінавачання, ТАА "ТУТ БАЙ медыя" незаконна атрымлівала льготы для ПВТ і ў 2019-2021 гадах недаплаціла ў бюджэт больш за 3 млн рублёў падаткаў.
Акрамя таго, у Генпракуратуры сцвярджаюць, што на рэсурсе tut.by і звязаных з ім акаўнтах у сацыяльных сетках у 2020-2021 гадах былі апублікаваныя інфармацыйныя матэрыялы, якія змяшчалі ў тым ліку: заведама пазітыўную ацэнку дзеянняў апанентаў улады; свядома негатыўнае адлюстраванне рашэнняў службовых асоб, іншых грамадзян, якія выступалі за захаванне дзеючага канстытуцыйнага ладу; утоеную каардынацыю пратэснай актыўнасці ў грамадстве; звесткі, накіраваныя на дэстабілізацыю сітуацыі ў краіне і прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі.