Хронікі рэпрэсій за 2 студзеня

У рэпрэсіўнай машыны няма выхадных і свят.

51_6_logo.png

Палітвязень Сцяпан Латыпаў праз бацьку перадаў кранальнае віншаванне сваім суседзям. Цудоўнымі словамі, якія можна адрасаваць і ўсім беларусам, падзяліліся ў Instagram яго сябры. 

Паводле даных праваабаронцаў, палітвязень Мікалай Статкевіч зноў змешчаны ў ШІЗА. Гэта 21-е пакаранне з ліпеня. Нагадаем, што ў канцы лістапада Статкевіч быў змешчаны ў ШІЗА з высокай тэмпературай, пазней стала вядома, што ў яго была пнеўманія.

Працягваюцца зачысткі ў музеях: звольнены дырэктар Музея гісторыі беларускага кіно Ігар Аўдзееў. Ён узначальваў музей з 2003 года і крыху не дапрацаваў на гэтай пасадзе да 20-годдзя. 

У Беларусі пачаў дзейнічаць новы закон «Аб турызме». Ён уводзіць шэраг абмежаванняў і наўпроставых забарон у дзейнасці гідаў і экскурсаводаў, напрыклад, замацавана забарона на ажыццяўленне экскурсійнага абслугоўвання без праходжання фізічнымі асобамі прафесійнай атэстацыі, якая пацвярджае кваліфікацыю экскурсавода, гіда-перакладчыка. Таксама паводле новых правілаў, уведзеных пастановай урада № 839 ад 7 снежня, не змогуць працаваць экскурсаводамі тыя, каго судзілі па «палітычных» артыкулах. 

Берасцеец Павал Петручэня, затрыманы за «зліў даных у «ЧКБ», пераведзены ў мінскі СІЗА №1. Маладога чалавека затрымалі ў сябе дома 13 снежня 2022 года.

Не выйшаў на свабоду пасля чарговага арышту віцебскі музыка і арт-менеджар Уладзімір Булаўскі. Яго затрымалі 14 снежня 2022-га. Ёсць верагоднасць, што 30 снежня на Булаўскага склалі чарговы пратакол.

Праваабаронцы падвялі змрочныя вынікі апошняга тыдня 2022-га: 25 новых палітвязняў, 13 прысудаў па крымінальных справах (87 гадоў калоніі сумарна і 13,5 гадоў «хатняй хіміі»).

Паводле звестак праваабаронцаў «Вясны», на дадзены момант у Беларусі налічваецца 1448 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1727 чалавек. Сярод іх — 200 жанчын і 6 непаўнагадовых. 14 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.