Рэпрэсіі ў снежні: Не менш за 55 чалавек, 268 гадоў пазбаўлення волі
Праваабарончы цэнтр «В*сна» ў снежні фіксаваў тэндэнцыю крымінальнага пераследу і асуджэння грамадзян па палітычных матывах. Практыка крымінальнага пераследу ў дачыненні да апанентаў улады ў снежні дапоўнілася вынясеннем прысудаў у парадку завочнай вытворчасці.
Праваабаронцам вядома пра не менш як 55 асуджаных у крымінальным парадку грамадзян, з якіх 43 складаюць мужчыны, 12 — жанчыны.
У дачыненні да
двух грамадзян пастаноўленыя абвінаваўчыя прысуды ў парадку завочнай
вытворчасці. Вядома пра аднаго грамадзяніна, у дачыненні да якога
крымінальны пераслед спынены ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці
прыцягнення да адказнасці.
Сумарна, па
вядомых праваабаронцам справах, у снежні суды вынеслі:
268 гадоў і 3
месяцы пазбаўлення волі ў дачыненні да 36 чалавек;
5 гадоў
абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову («хімія») у адносінах
да 2 чалавек;
39 гадоў абмежавання
волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняя хімія») у дачыненні да
16 чалавек;
3 месяцы арышту
для аднаго чалавека;
5000 базавых
велічынь штрафу на суму 160000 рублёў у якасці дадатковага пакарання ў
дачыненні да 16 чалавек разам з пазбаўленнем (для 15 асуджаных) і абмежаваннем
волі без накіравання ў папраўчую ўстанову (для аднаго чалавека);
прымусовае
лячэнне ў дачыненні да аднаго чалавека разам з пазбаўленнем волі;
5 гадоў
пазбаўлення права займаць пасады, звязаныя з праходжаннем службы ў праваахоўных
органах.
Паводле вядомых
праваабаронцам прысудаў, у снежні суды ўжывалі пакаранне, звязанае з
пазбаўленнем волі, у 65.45% выпадкаў. Абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ
(«хімія») суды выкарыстоўвалі ў якасці пакарання ў 3.64% выпадкаў. Абмежаванне
волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») ужывалася ў 29.1% выпадках
асуджэння грамадзян. Арышт суды ўжывалі ў 1.81% выпадкаў асуджэння фігурантаў
палітычных спраў.
Такім чынам, у
снежні пакаранне па палітычна матываваных крымінальных справах, звязанае з
пазбаўленнем волі, яе абмежаваннем у выглядзе «хіміі» і «хатняй хіміі», суды
ўжывалі ў 100% выпадках асуджэння фігурантаў палітычна матываваных крымінальных
спраў.