Алесь Міхалевіч: Адвакаты становяцца «дзяржаўнымі людзьмі»
З ліквідацыяй інстытута незалежнай адвакатуры палітвязні губляюць не толькі права на абарону, але і страчваюць адзіны канал камунікацыі са знешнім светам.
Як вядома, міністэрства юстыцыі 28 снежня пазбавіла ліцэнзій яшчэ двух адвакатаў — Уладзіміра Пыльчанку і Віктара Міцкевіча: паводле версіі ведамства, яны не могуць выконваць свае прафесійныя абавязкі «з прычыны недастатковай кваліфікацыі».
На той жа падставе анулююцца ліцэнзіі Марыі Давыдчык, Сяргея Касмача, Галіны Мамонька, Уладзіміра Ягадзінскага. Андрэй Камісараў, Андрэй Невядоўскі, Ягор Папкоўскі страцілі ліцэнзіі ў сувязі з выключэннем з калегій адвакатаў «за ўчыненне правін, несумяшчальных са званнем адваката», з 11 студзеня на той жа падставе спыняецца дзеянне ліцэнзіі Аляксандра Чырвы.
Відавочна, рэжым перш за ўсё б’е па адвакатах, якія абараняюць палітычных зняволеных. Глядзіце: Уладзімір Пыльчанка абараняў Марыю Калеснікаву, Эдуарда Бабарыку, Ірыну Слаўнікаву, Кацярыну Бахвалаву, Лявона Халатрана, а Віктар Мацкевіч прадстаўляў інтарэсы Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыкі, Алеся Бяляцкага, іншых палітвязняў.
Спачатку абодва адвакаты не прайшлі атэстацыю, потым іх выключылі з Мінскай гарадской калегіі адвакатаў; пасля пазбаўлення ліцэнзій яны больш не могуць ажыццяўляць адвакацкую дзейнасць.
Страты, якія панесла адвакатура пасля 2020 года, катастрафічныя, хаця дакладныя лічбы невядомыя. Аднак яшчэ па стане на пачатак красавіка 2022 года, як паведамляла «БелТА», у Беларусі працавалі 1836 адвакатаў у 184 юрыдычных кансультацыях. Юрыдычныя паслугі аказвалі 1323 індывідуальныя прадпрымальнікі і 334 юрыдычныя асобы.
За 2021 год па красавік 2022-га Мінюст «прыняў рашэнні аб спыненні дзеяння ліцэнзій у дачыненні да 47 дэструктыўна настроеных адвакатаў».
Пры гэтым у краіне скасаваны інстытут адвакацкіх бюро і практыка індывідуальнай занятасці адвакатаў: спынена дзейнасць 393 адвакатаў, якія працавалі індывідуальна, і 97 адвакацкіх бюро.
Адвакат Алесь Міхалевіч патлумачыў «Новаму Часу», што азначаюць рэпрэсіі супраць адвакатаў і як яны адаб’юцца на палітвязнях.
— Перш за ўсё гэта страта камунікацыі са знешнім светам, найперш — са сваякамі і блізкімі. Адвакаты замест абароны чалавека аказваюць дадатковы ціск на зняволеных з мэтай выбівання патрэбных паказанняў. Беларускія ўлады любяць паўтараць, як мантру, тэзіс пра «дзяржаўных людзей». Дык вось, адвакаты таксама становяцца «дзяржаўнымі людзьмі» і абслугоўваюць дзяржаву.
Інстытут адвакатуры ператвараецца ў прывадныя рамяні рэжыму. Гэта не навіна: у савецкія часы адвакаты таксама выступалі часткай абвінавачання, дапамагаючы «выбіваць» патрэбныя паказанні.
— Як знішчэнне незалежнай адвакатуры паўплывае на становішча палітвязняў?
— Першая партыя незалежных адвакатаў пазбаўлена ліцэнзій не цяпер і не ўчора: яшчэ ў канцы 2010-га ці на пачатку 2011 года частка адвакатаў, якія абаранялі палітычных зняволеных, былі пазбаўлены права на прафесію.
У цяперашніх палітвязняў знікне канал камунікацыі нават са сваякамі. А гэта значыць, што будзе немагчыма зафіксаваць аніякія парушэнні ў дачыненні да іх, немагчыма зафіксаваць аніякія парушэнні правоў і ўвогуле любы ціск на палітзняволеных. Палітвязні застаюцца сам-насам з палітычным рэжымам.
— Ці прынясе 2023 год добрыя навіны для палітвязняў і іх родных? Ці пачнуцца перамовы пра вызваленне палітычных зняволеных?
— Думаю, гэта пытанне не да юрыстаў і нават не да палітолагаў. Наўрад ці добрыя навіны палітвязням прынясе блізкая перспектыва, хаця ў доўгатэрміновай перспектыве ўсе палітвязні будуць, безумоўна, вызвалены. Ключ ад вызвалення палітвязняў ляжыць у Маскве, у Кіеве, у заходніх сталіцах. Безумоўна, галоўны ключ знаходзіцца ў руках афіцыйнага Мінска. Аднак дзеля таго, каб працэс вызвалення палітвязняў стаў незваротным, патрэбны перамены ў Беларусі.