Два гады ні Славамір, ні Стах не бачылі сваю маму
«Два гады несвабоды. Паліна ў закладніках роўна два гады», — напісаў на сваёй старонцы ў фб Андрэй Шарэнда.
«Два гады ні Славамір, ні Стах не бачылі сваю маму, не чулі яе голасу, не абдымалі. За гэты час Славамір вырас амаль на 30 сантыметраў і стаў зусім дарослым. Стах не адстае, прыбавіў два дзясяткі сантыметраў, засвоіў ровар і нават навучыўся плаваць.
Славамір добра памятае маму, а вось Стах быў зусім малы і ўжо ведае маму толькі па фотаздымках, нашым расповедам і прачытаным лістам ад яе. Паліна таксама бачыць дзяцей толькі на фотаздымках, якія зрэдку прапускае турэмны цэнзар. З многіх дзясяткаў фотак дзяцей, якія мы высылалі Паліне, да яе патрапілі толькі адзінкі, астатнія ішлі пад нож і ў сметніцу цэнзара.
Я заўсёды па-добраму троху зайздросціў сваякам палітвязняў, чые родныя могуць тэліць з-за кратаў праз аўдыё- і відэазванкі. Гэта сапраўднае свята, калі ты можаш некалькі разоў на месяц чуць і бачыць таго, хто знаходзіцца так блізка, але так далёка. Дзе б Паліна не з'яўлялася, яе адразу пазбаўлялі такой раскошы як званкі родным. І за два гады гэтага так і не здарылася. Але ў мяне з Палінай свая сувязь, і я заўсёды адчуваю яе. Адчуваю яе праз адлегласці, межы, сцены і краты.
Я ўпэўнены мы хутка навярстаем страчаныя гады, і ў нашай сям'і будзе шмат гадоў шчасця разам. Але мы ніколі не даруем тым, хто гэта зрабіў. Нельга забыць, нельга дараваць!»