Дзмітрый Лаеўскі: «Я зараз фрылансер, бо не знайшоў сталую працу ў Беларусі»

Былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі падзяліўся з «Новым Часам», як і на што ён жыве апошнія паўтара года, пра касу ўзаемадапамогі рэпрэсаваным адвакатам, сям'ю Пыльчанкаў, дзе ўсе пазбаўлены права на прафесію, і перспектывы на гэтым фоне.

dmitri_laevski_photo_23.11.2022.jpg


Паводле звестак рэсурсу «Права на абарону», пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года праз розныя механізмы прафесію страцілі больш за 60 беларускіх адвакатаў. На мінулым тыдні да іх дадалося яшчэ дзевяць імёнаў. 10 абаронцаў знаходзяцца пад крымінальным пераследам, частка з іх — у турме. Гэта значныя лічбы, улічваючы, што на 1 ліпеня 2020 года ў Беларусі працавалі ўсяго 2072 адвакаты.
Сярод іх — былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Дзмітрый Лаеўскі, якога ў ліпені 2021 года выключылі з калегіі адвакатаў, пасля чаго ў жніўні 2021-га Мінюст пазбавіў ліцэнзіі. Ён у Беларусі.

«Сродкі, якімі валодаю зараз, дазваляюць хіба што падтрымліваць фізічнае існаванне»

— Што стала з вашым адвакацкім бюро?
— Наша бюро юрыдычна перастала існаваць у студзені 2022 года, калі была завершана працэдура ліквідацыі. Нейкі час я яшчэ арандаваў офіс як прыватная асоба, але потым закрыў, і з красавіка гэтага года ніякіх бытавых напамінкаў пра бюро ўжо няма. Акрамя асобных рэчаў. Напрыклад, бак для вады. У снежні 2020 года на яго быў налеплены вялікі надпіс «прававы дэфолт», і ён ператварыўся ў музычны інструмент. На гэтым баке з намі запісаў песню адвакат Сяргей Зікрацкі. Калегі жартуюць, што кошт гэтага прадмета толькі расце з часам. У мяне дома шмат такіх артэфактаў.
Пасля пазбаўлення адвакацкага статусу я некалькі месяцаў працягваў практыкаваць у сваім бюро ў якасці дарадцы. А вось менавіта пазбаўленым права на прафесію ў поўнай меры я адчуў сябе ўжо як ліквідатар бюро, бліжэй да канца 2021 года. То-бок каля года таму.
— Чым вы займаліся гэты год?
— Як гэта ні дзіўна прагучыць, я займаюся самаразвіццём. Я цяпер паглыблена вывучаю правы чалавека, таму што гэта ўніверсальныя веды. Для аднаўлення краіны яны будуць мець больш важнае значэнне, чым веданне сённяшняга беларускага заканадаўства, значная частка якога будзе зменена або адменена. Гэты кірунак нельга назваць спосабам існавання, хутчэй — інвестыцыямі ў будучыню. Таксама я працую з міжнароднымі інструментамі абароны правоў чалавека, у прыватнасці, са зваротамі ў Камітэт па правах чалавека, працоўную групу па адвольных затрыманнях і іншымі. Праца з гэтымі пытаннямі не патрабуе наяўнасці ліцэнзіі. Займаюся аналітыкай і даследаваннямі, прававой асветай, напрыклад, тлумачу, што адбываецца з правам і дзяржавай. І яшчэ ўдасканальваю свою англійскую.
— А чым вы зарабляеце?
— Для мяне і маіх калег, якія вялі палітычна матываваныя рэзанансныя справы і страцілі ліцэнзію, сітуацыя вельмі складаная. Адкрыць прыватную практыку ў сферы камерцыйнага права, да прыкладу, я не магу. Са студзеня 2023 года ўступіць у сілу закон, па якім, каб атрымаць ліцэнзію на працу ў сферы камерцыйнага права, трэба ў Мінюсце здаваць кваліфікацыйны экзамен і атрымліваць пасведчанне аб атэстацыі юрыста. Цяжка ўявіць сітуацыю, што ў той самай кваліфікацыйнай камісіі, якая нядаўна пазбаўляла мяне ліцэнзіі, хтосьці мяне не памятае. Таму спектр маіх магчымасцей невялікі. Таксама я сутыкнуўся з сітуацыяй, калі, скажу стрымана, не ва ўсіх, з кім я быў бы гатовы працаваць, ёсць такая ж гатоўнасць. Прасцей кажучы, самацэнзура і страх у грамадстве знаходзяцца на высокім узроўні, і знайсці сабе працу вельмі складана. Таму я сёння фрылансер, свабодны мастак.
— Прыкладна ў колькі разоў упаў ваш даход у параўнанні з часам, калі вы працавалі?
— Гэта можа быць нечаканы адказ. Але ў 2020-2021 гадах мы велізарную колькасць працы рабілі без ганарару або з невялікім ганарарам. З улікам гэтага даходы атрымліваліся зусім невялікія. Калі параўноўваць з 2019 годам, калі мы працавалі за грошы і былі даволі паспяховыя, то даходы ўпалі ў шмат разоў. Сродкі, якімі я валодаю цяпер, дазваляюць хіба што падтрымліваць фізічнае існаванне. Не ведаю, наколькі правільна гэта агучваць. Таму што ў нас сёння каласальная праблема пошуку адвакатаў для некаторых кліентаў. Магчыма, пачуўшы мае словы, хтосьці будзе яшчэ больш баяцца. Але затое я ў гармоніі са сваім сумленнем, я ў парадку. І гэта, на мой погляд, важкі аргумент, каб не паступацца прынцыпамі прафесіі.
— Атрымліваецца, што, працуючы 14 гадоў у адвакатуры, назапасіць фінансавую падушку, якая дазволіць жыць хаця б год без прафесіі, складана?
— Зберажэнні рабіць можна, калі няма вялікіх выдаткаў, напрыклад, дапамога камусьці з блізкіх. Адвакацкая праца дазваляе зарабляць. Але ў маім канкрэтным выпадку напярэдадні 2020 года вялікіх рэзерваў у мяне не было. А ў 2020-м і 2021-м мы хоць і былі перагружаныя працай, але з-за маральных прычын вырашылі, што часам будзем рабіць яе бясплатна. Але з улікам сітуацыі ў краіне такіх «часам» атрымалася шмат.
— Беручыся за абарону Віктара Бабарыкі і ведаючы рызыкі, вы не павышалі каэфіцыент кошту на свае паслугі?
— Я, напэўна, зараз прадэманструю сябе як камерцыйна не вельмі рацыянальнага чалавека, але ўмовы дагавора на абарону Віктара Дзмітрыевіча нічым не адрозніваліся ад умоў дагавораў з іншымі кліентамі, мы працавалі па звычайных для Мінска стаўках. На гэтую тэму я чуў шмат канспіралогіі і чутак, маўляў, нас завалілі грашыма, але гэта не адпавядае рэчаіснасці. І калі б у мяне не было пачуцця гумару, то я б, напэўна, пакрыўдзіўся на гэтыя чуткі. Вельмі складана быць камерцыйна паспяховым ва ўмовах дзяржаўнага тэрору, калі ты ідэаліст.
Не толькі мы так працавалі. Ёсць меркаванне, што адвакаты зацыкліліся на грашах. Але 2020 год паказаў адваротнае: некалькі сотняў кваліфікаваных і паспяховых адвакатаў толькі ў Мінску працавалі з маральных меркаванняў бясплатна або за сімвалічны ганарар у адзін рубель. Значная частка з іх ужо не мае адвакацкай ліцэнзіі. Частка з іх былі яе пазбаўленыя, частка самі здалі. Каля 12% адвакатаў самі здалі ліцэнзіі.

«Не магу проста перагарнуць старонку і стаць юрысконсультам, які піша дамовы пастаўкі»

— А чаму некаторыя адвакаты здалі ліцэнзіі добраахвотна?
— Таму што закрылі адвакацкія бюро і трэба было ісці ў юркансультацыі, што для многіх не падыходзіць, таму што ты павінен быць падкантрольным дзяржаве, таму што прафесійныя правы і інструментарый адвакатаў у 2020 і 2021 гадах былі абясцэненыя. Некаторыя проста не змаглі вынесці людскія пакуты, якія бачылі падчас працы.
Значная частка тых, каго пазбавілі ліцэнзіі, хто не можа працаваць у такіх умовах, з'язджае. І гэта больш праблема не адвакатаў, а краіны. Беларуская эканоміка неяк працуе. А з прававым становішчам асобы ў нас поўнае фіяска. І чым далей, тым больш людзі і дзяржінстытуты, закліканыя абараняць правы асобы, забываюць, што такое добра і што такое дрэнна. Дзяржінстытуты працуюць эфектыўна, калі там ёсць людзі, якія вызнаюць правільныя каштоўнасці. Цяпер такія носьбіты каштоўнасцей вымываюцца з прафесіі і нават з краіны, і можа так атрымацца, што, калі паўстане пытанне будаваць усё нанова, у нас не будзе дастаткова такіх людзей.
Адвакат — гэта адзіная прафесія, прадстаўнікі якой спрачаюцца з уладай наконт правоў чалавека. І ў 2020-2021 годзе адвакаты ўдзельнічалі ў гэтых спрэчках, рызыкуючы прафесіяй, тым самым адстойваючы гэтыя каштоўнасці. А цяпер яны з'язджаюць.
— Але гэтыя каштоўнасці застаюцца пры людзях, і яны вернуцца з імі ў новую Беларусь.
— Хто вернецца? Адвакат і юрыст — прафесіі, вельмі прывязаныя да дзяржавы. Юрысты замацоўваюцца за мяжой не толькі ў бытавым плане, але і прафесійна, гэта вельмі працяглы, складаны і затратны працэс. Таму цяжка ўявіць, што, прапрацаваўшы, скажам, 5 гадоў юрыстам за мяжой у міжнароднай кампаніі, чалавек захоча зноў усё мяняць. Сёння яшчэ не патавая сітуацыя. Але калі гэта працягнецца некалькі гадоў, то людзі застануцца там. Я гэта бачу па размовах з калегамі, якія з'ехалі. А хтосьці ж павінен застацца тут, у Беларусі.
— З вашых сяброў больш адвакатаў з'ехала або засталося?
— Наталля Мацкевіч тут. Усе Пыльчанкі тут. Максім Знак тут, праўда, у турме. Большая частка застаецца. Але я ведаю, якія настроі.
— Ці былі ў вас прама зусім крытычныя сітуацыі?
— Так. У канцы 2021 года востра стаяла пытанне недахопу сродкаў і наогул было неразуменне, што рабіць.
— І што адбылося, што дапамагло выкараскацца?
— Са мной адбылося нечаканае. Савет адвакатур і юрыдычных супольнасцей Еўропы, адна з найбуйнейшых міжнародных арганізацый, якая аб'ядноўвае больш за мільён юрыстаў, раз на год уручае ўзнагароду ў галіне правоў чалавека за значны ўклад у адстойванне фундаментальных правоў і вяршэнства права ў рэгіёне. І вось калі я знаходзіўся ў складаным стане і не разумеў, куды рухацца далей, мне патэлефанавалі і паведамілі, што я намінант гэтай узнагароды разам з Максімам Знакам, Леанідам Судаленкам і Ліліяй Уласавай. Аказалася, аўтарытэтныя людзі ў Еўропе чамусьці назіралі за Беларуссю і адвакатамі і ацанілі наш уклад.

laevski_a.png


Я выступіў на цырымоніі з прамовай. Пасля гэтага некалькі кіраўнікоў і прадстаўнікоў адвакатур розных краін падзякавалі за нашы спробы прасоўваць вяршэнства права ў Беларусі ў такіх умовах. Я паглядзеў, хто атрымліваў гэтую ўзнагароду ў мінулыя гады, і зразумеў, што гэта вялікі гонар і ў мяне крэдыт даверу, і што я павінен нешта рабіць. Акрамя таго, Максім Знак і іншыя ў турме, і я не магу проста перагарнуць старонку, не магу проста стаць юрысконсультам, які піша дамовы пастаўкі. Трэба рабіць нешта большае. Пакуль гэта мяне і трымае. І яшчэ ўвосень 2021-га я заняўся бегам — гэта таксама дапамагло мне наладзіцца.

«Лепшая падтрымка — дапамагчы з працай»

— Калі пачаліся звальненні людзей з розных сфер за грамадзянскую пазіцыю, калегі сталі збіраць ім грошы для падтрымкі. Была такая салідарнасць унутры адвакацкай супольнасці?
— Салідарнасць была з самага пачатку. Калі нас не пусцілі да Віктара Дзмітрыевіча, які быў арыштаваны, на наступны дзень больш за 100 адвакатаў падпісалі петыцыю кіраўніцтву адвакатуры, каб спыніць гэта. Потым адвакаты аказвалі бясплатную юрыдычную дапамогу рэпрэсаваным калегам, падпісвалі звароты ў іх падтрымку. Што тычыцца асабіста маёй сітуацыі пасля пазбаўлення ліцэнзіі і сітуацыі маіх найбліжэйшых калег, то я не памятаю, каб былі ініцыятывы збору сродкаў. Магчыма таму, што на той момант быў ужо занадта высокі градус рэпрэсій. У людзей адбылося прывыканне. Калі гаворка ідзе аб пазбаўленні права на прафесію, то лепшая падтрымка — дапамагчы з працай. І тут патэнцыял падтрымкі беларускіх юрыстаў сваіх пацярпелых калег пакуль не рэалізаваны ў поўнай меры.
— Напэўна таму, што гэта адразу стане публічным. А перадаваць грошы не так відавочна. Можа, мае сэнс ініцыяваць такую ідэю ўзаемадапамогі?
— Безумоўна, гэта была б значная дапамога. Але не ўпэўнены, што ў цяперашніх умовах тое магчыма — занадта шмат рызык. Калі ты раздаеш грошы для дапамогі людзям, гэта не падабаецца ўладам і незразумела, як гэта будзе вытлумачана. Як гэта вытлумачана ў дачыненні да праваабаронцаў, мы ўжо ведаем. Ды і адвакацкай супольнасці няма. У 2020 годзе мы якраз пачалі працаваць над яе фарміраваннем. Калі б тэндэнцыі кансалідацыі адвакатуры працягнуліся год-два, Беларусь атрымала б якасна новую адвакацкую супольнасць. Мы маглі б стварыць і альтэрнатыўную асацыяцыю, адкрываць дэпазіты, дапамагаць рэпрэсаваным калегам. Але ў адказ мы атрымалі пагрозу, што грамадзянская супольнасць будзе ліквідавана, і яна ліквідаваная.
Калі пачаліся пагрозы мне праз абарону Віктара Бабарыкі, я падумаў: калі пазбавяць ліцэнзіі, бюро ж застанецца, я змагу там працаваць як дарадца і менеджар. Праз паўгода Мінюст ініцыяваў закрыццё адвакацкіх бюро. Тады я падумаў: можна будзе зарэгістравацца індывідуальным прадпрымальнікам і весці кансультацыйную працу. Яны перасталі рэгістраваць ІП. Добра, ствару некамерцыйную арганізацыю і буду займацца даследаваннямі ў галіне права. Яны зладзілі зачыстку НДА. Я б мог супрацоўнічаць з медыя як кансультант. Яны прызналі медыя экстрэмісцкімі фарміраваннямі. Можна было б заснаваць фірму па камерцыйных справах, але яны ўвялі экзамен у Мінюсце для гэтай ліцэнзіі. То-бок ты ідзеш па мосце над прорвай, а з яго выдзіраюць па дошчачцы

«Кейс сям'і Пыльчанкаў — гэта прыклад нязломнасці»

— 9 снежня Мінская калегія адвакатаў пазбавіла адвакацкага статусу Уладзіміра Пыльчанку, адваката Марыі Калеснікавай. Да гэтага быў пазбаўлены ліцэнзій яго брат Яўген і бацька Аляксандр Пыльчанка. Для вас кейс гэтай сям'і што азначае?
— Для мяне гэты кейс азначае дзве рэчы. Па-першае, гэта напамін людзям, якія займаюцца рэпрэсіямі, пра ілюзорнасць іх лаяльнасці. Людзі, якія дзейнічалі ў дачыненні да сям'і Пыльчанкаў і іншых абаронцаў, кіруюцца меркаваннямі ўласнага дабрабыту. Але гэта ілюзія. Дабрабыту яны не дасягнулі. І за Берыяй хтосьці прыйшоў у свой час. Гэта гістарычны факт. Былы старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц зрабіў сваю справу, растраціўшы рэшткі незалежнасці адвакатуры і ператварыўшы калегіі адвакатаў у правадыр рэпрэсій. Можна перагарнуць яго старонку, і яе перагарнулі. Цяпер Аляксей Швакаў выканае свае задачы, і яго старонку перагорнуць. Іх патэнцыял заканчваецца значна хутчэй, чым патэнцыял адвакатаў, якія змагаюцца за правы людзей.
І гэта гісторыя пра нязломнасць. Нягледзячы ні на што ўся сям'я Пыльчанкаў у Беларусі, Яўген і Уладзімір працягнулі абарону тых, каго абараняў іх бацька. Сваім асабістым прыкладам яны паказваюць, што не залежаць ад дзяржавы, што не здаюцца. Калі казаць пра тых, хто сумняваецца, то прыклад сям'і Пыльчанкаў падае на чашу шаляў, якая за тое, каб спрабаваць нешта рабіць тут, у Беларусі.
Для мяне сям'я Пыльчанкаў — гэта прыклад добрай прафесійнай дынастыйнасці.
— Уладзіміра Пыльчанку пазбавілі ліцэнзіі за Машу Калеснікаву, за навіну пра рэанімацыю?
— Гэта невыпадковае рашэнне Мінюста. Усіх адвакатаў, якія выконвалі актыўную ролю абароны каманды Бабарыкі, пазбаўлялі ліцэнзій. Чакаць, што ў дачыненні да Уладзіміра будуць іншыя падыходы, не даводзілася.
Цяпер дзейнічаюць дзве тэндэнцыі. Першая — узмацненне жорсткасці ўтрымання зняволеных у калоніях. Гэта не толькі змяшчэнне ў ШІЗА з нечалавечымі ўмовамі, але і інфармацыйная блакада. Мае лісты да Максіма Знака, напрыклад, не перадаюць вельмі даўно. Плюс розныя іншыя спагнанні, напрыклад, пазбаўленне пасылак, спатканняў з блізкімі. Плюс цяжкая праца. Напрыклад, Віктар Дзмітрыевіч па 9 гадзін у дзень на холадзе павінен грузіць вугаль, пры тым што ў асабістай справе ёсць супрацьпаказанні да такой працы — я гэта ведаю дакладна, бо ў свой час асабіста збіраў медыцынскую дакументацыю.
Другая тэндэнцыя звязана з першай: адвакатаў пазбаўляюць ліцэнзій, у тым ліку за тое, што яны кажуць пра парушэнне правоў падабаронных і ўзмацненне жорсткасці ўмоў утрымання. Што гэта, як не ціск на самога падабароннага? Бо што такое сустрэча з адвакатам для чалавека ў калоніі? Гэта не толькі абмен навінамі. Адвакат можа аказаць прававую дапамогу ў многіх сітуацыях у калоніі і маральна падтрымаць. Я магу дакладна сказаць, што правільны эмацыйны стан у турме — гэта больш за 50% поспеху выжывання там. І гэта яшчэ адна прычына пазбаўляць адвакатаў ліцэнзіі.
Спатканне са сваякамі можна забараніць, званкі можна перапыніць, лісты заблакіраваць і трымаць чалавека ў ШІЗА ў холадзе. Калі няма доступу адваката, чалавек цалкам адрэзаны, і можна рабіць усё, што заўгодна. Словы Калеснікавай пра тое, што «я не здаюся — і гэта галоўнае, што я магу тут зрабіць», напоўнены страшным сэнсам. Гэта не кніжная патэтыка. У ШІЗА ў чалавека нават няма паперы і ручкі, ён нікому не можа нічога паведаміць. А там ён можа быць бясконца. І таму адрэзаць чалавека ад адваката, пазбавіўшы адваката ліцэнзіі, — гэта крытычная сітуацыя.
Таму адвакатаў трэба берагчы. Таму вы задаяце слушнае пытанне пра салідарнасць і падтрымку. Калі цябе пазбаўляюць ліцэнзіі, але твае заслугі прызнаюцца, калегі цябе падтрымаюць і возьмуць на працу публічна ці непублічна і ты зможаш перачакаць гэты час, тады адвакаты будуць гэта разумець і не будуць баяцца абараняць людзей. Але пакуль мы бачым іншую карціну. Ужо складана знайсці адвакатаў для абароны адвакатаў.