Дзень абароны секс-работнікаў ад гвалту і жорсткасці. Чаму гэта істотна?
Існуе такое меркаванне: калі ў бяспецы знаходзіцца самая неабароненая частка грамадства, тады асноўная яго частка дакладна можа быць спакойнай. Так, напрыклад, прыхільнікі руху BLM тлумачаць тое, чаму варта змагацца за гонар забітага злачынцы Джорджа Флойда. У Беларусі для людзей, якія здзейснілі памылку, няма аніякіх шанцаў.
Прастытуцыя ў Беларусі забароненая. Працаўнікоў секс-індустрыі караюць штрафам у памеры ад 6 да 20 базавых велічынь (прыблізна 70-250 даляраў) альбо адміністрацыйным арыштам. Пагадзіцеся, не надта сур’ёзны стрымліваючы фактар, улічваючы агульнанацыянальную рэзістэнтнасць беларусаў да 15-суткавага арышту, а таксама тое, што гадзіна працы беларускіх прастытутак каштуе, калі давяраць адкрытым даным, 50-80 даляраў.
У сваю чаргу кліент, што скарыстаўся секс-паслугамі, перад беларускім законам абсалютна чысты. Пры гэтым законы шэрагу развітых краінаў карае менавіта кліента, бо попыт, як вядома, нараджае прапанову. Так, напрыклад, у Францыі кліенту прастытутак пагражае штраф да 3750 еўра. Падобныя законы дзейнічаюць у Ісландыі, Нарвегіі і Швецыі, дзе за карыстанне секс-паслугамі ўвогуле можна на 6 месяцаў трапіць за краты.
Працаўнікі секс-індустрыі рэгулярна падвяргаюцца гвалту — іх збіваюць, рабуюць, не кажучы пра гвалт псіхалагічны. Згодна з міжнароднымі данымі, рызыка спазнаць гвалт у гэтай прафесіі дасягае 75%. Ніводны маналог секс-работніка не абыходзіцца без падрабязкаў надзвычай жорсткага абыходжання. Актуальных адкрытых даных пра колькасць пацярпелых беларускіх прастытутак не існуе і існаваць не можа — пацярпелыя папросту не звяртаюцца па дапамогу, таму што ведаюць: замест абароны рызыкуюць атрымаць арышт. Такім чынам, рукі маньякаў і гвалтаўнікоў развязаныя цалкам.
Да беларускіх журналістаў падобныя гісторыі таксама амаль не трапляюць, а калі і трапляюць – заўжды ананімна. Вось што распавядала ў 2019 годзе секс-работніца выданню SlutskGorod. Падзеі адбываліся ў Мінску:
«Аднойчы мяне запрасілі ў саўну двое хлопцаў. Я ўзяла аплату за гадзіну і спакойна села ў машыну. Калі ўвайшла ў саўну, то ўбачыла яшчэ 12 хлопцаў, якія былі добра падпітыя і хадзілі ў прасцінах па пакоі.
Я паспрабавала спакойна дамовіцца і пайсці. Але хлопцы пераконвалі, што ўсё будзе спакойна і цывілізавана, і я засталася за даплату. А ў выніку ў працэсе ўдзельнічалі ўсе. Часам па чарзе, часам па некалькі чалавек. Падчас оргіі мне патэлефанавала старэйшая сястра. Хтосьці з хлопцаў, магчыма выпадкова, прыняў выклік. І на іншым канцы провада было чуваць усё, што адбывалася ў саўне».
Гэтую гісторыю жанчына называе «больш-менш цярпімай».
Беларускі займаюцца прастытуцыяй не толькі на радзіме, найчасцей «на заробкі» ездзяць у Расію. Расійская юрыстка Марына Аўраменка, якая давала кансультацыі некалькім секс-работніцам пасля нападаў, казала ў адным з інтэрв’ю:
«Ёсць два страхі ў дзяўчат, якія падвергліся гвалту. Першы страх: я туды прыйду і на мяне складуць пратакол, што я займаюся прастытуцыяй, бо я не змагу схаваць, што гэта мой кліент. У нас быў выпадак, у 2016-2017 годзе кліент згвалтаваў дзяўчыну, у яе быў парваны рот, куты рота, у яе былі пашкоджанні похвы, і яна ў такім выглядзе выклікала паліцыю — яе спачатку на экспертызу адправілі, а пасля экспертызы да ўчастковага складаць пратакол. Да таго ж паліцыянты могуць адабраць тэлефон, знайсці ў спісе «мама», «каханы», «сыночак», могуць патэлефанаваць: «А вы ведаеце, што ваша дачка займаецца прастытуцыяй?».
Ім усё роўна, што, магчыма, у мамы быў да гэтага сардэчны прыступ, усё роўна, што дзяўчына пасля гэтага можа выйсці з вакна дзявятага паверха альбо парэзаць вены. Ім важна прадэманстраваць сваю ўладу. Некаторыя гэтым палохаюць, некаторыя гэта робяць проста на вачах у дзяўчыны».
Дыскусіі наконт легалізацыі прастытуцыі па сваёй сутнасці нагадваюць спрэчкі пра забарону абортаў. Забарона абортаў ніколі не прыводзіць да іх знікнення, затое размножвае падпольныя абартарыі з жудаснымі наступствамі для здароўя жанчыны. Тое самае і з працай у секс-індустрыі. Нават на сайце адміністрацыі Маскоўскага раёна Мінска перад сухімі лічбамі сум штрафаў і колькасці сотняў, што пагражаюць прастытуткам, ёсць кранальны лірычны ўступ: «Прастытуцыя лічыцца «старажытнай прафесіяй» і існавала ўжо ў Старажытным Егіпце, Вавілоне, Індыі. Тэрмін «прастытуцыя» ўпершыню з'явіўся ў Старажытнай Грэцыі ў VI стагоддзі да нашай эры». Дык ці не дастаткова прайшло часу, каб прызнаць грахоўную сутнасць чалавечай прыроды і паспрабаваць працягнуць руку дапамогі тым, хто здзейсніў памылку, а не штурхаць гэтых людзей у прорву?
Дарэчы, у свой час наконт легалізацыі прастытуцыі станоўча выказаўся музыка Піт Паўлаў: «Я зусім не спецыяліст у галіне прастытуцыі, але мне не вельмі падабаецца сама гэтая з’ява. Ва ўмовах жа забароны яно проста крыміналізуецца і робіцца яшчэ больш небяспечным для ўсіх удзельнікаў: як для прастытутак, так і для іх кліентаў. Калі прастытуцыю легалізаваць, то можна будзе здзейсніць нейкі кантроль. Хоць неяк гэта кантраляваць. З’ява прастытуцыі, якой бы небяспечнай яна ні была, лепей каб падпарадкоўвалася агульным нормам».
Вядома ж, у дзяржаве, дзе асобнае чалавечае жыццё не ўяўляе асаблівай каштоўнасці, падобныя заклікі гучаць недарэчна.
Рэжым Лукашэнкі не дае грамадзянам аніякага права на памылку. Чалавека, які яе здзейсніў, жорны бязлітаснай дзяржаўнай машыны абавязкова перамолюць, а ён, у сваю чаргу, пацягне за сабой іншых. Так, напрыклад, былым вязнем, які пасля выхаду з-за беларускіх кратаў застаўся сам-насам са сваёй галечай і вар’яцтвам, была забітая супрацоўніца пошты ў Оршы. Так, правакацыяй прастытуткі ўлады спрабавалі легітымізаваць пасадку Сяргея Ціханоўскага. Дзе гэтая жанчына зараз? Што з ёй было раней? Чым ёй пагражалі, калі не выканае гэтую «працу»? У гэтых пытаннях гучыць не спроба апраўдаць цалкам амаральны ўчынак, але цікаўнасць на асобнага чалавека, аднаго з тых, каго сістэма падштурхнула ў прорву.