Леанід Судаленка, Лілія Уласава, Максім Знак і Дзмітрый Лаеўскі атрымалі прэмію «За абарону правоў чалавека»
Прэмія «За абарону правоў чалавека-2021» Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасцяў Еўропы (ССВЕ) прысуджаная беларускім юрыстам Леаніду Судаленку, Ліліі Уласавай, Максіму Знаку і Дзмітрыю Лаеўскаму, а таксама ўсім адвакатам у Афганістане, якія знаходзяцца ў небяспецы.
Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца 10 снежня падчас
пленарнай сесіі CCBE з удзелам у якасці асноўнай дакладчыцы Вярхоўнага камісара
ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет праз відэазварот, паведамляе «Вясна».
Чатыры беларускія юрысты атрымалі прэмію за тое, што вызначыліся сваёй мужнасцю, рашучасцю і
адданасцю абароне асноўных правоў грамадзян і вяршэнства закона ў Беларусі.
CCBE жадае аказаць падтрымку ўсім беларускім адвакатам, якія змагаюцца за
павагу да вяршэнства закона і асноўных каштоўнасцяў юрыдычнай прафесіі,
рызыкуючы сваёй свабодай і магчымасцю займацца юрыдычнай практыкай. Чатыры
лаўрэаты Прэміі сталі ахвярамі судовага пераследу з-за іх законную дзейнасць у
якасці юрыстаў і адвакатаў. Усім ім цяпер перашкаджаюць займацца сваёй
прафесіяй: трое з іх знаходзяцца пад вартай, чацвёрты быў пазбаўлены адвакацкай
ліцэнзіі.
Лілія Уласава была арыштаваная 31 жніўня 2020 года. 16
кастрычніка Уласава была вызвалена з-пад варты і змешчана пад хатні арышт. 23
кастрычніка хатні арышт быў скасаваны.
Максім Знак прадстаўляў інтарэсы многіх кліентаў у палітычных
справах і быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі пасля аднаго года
папярэдняга зняволення. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай.
Леанід Судаленка прадстаўляў інтарэсы праваабаронцаў і
актывістаў і быў арыштаваны 18 студзеня 2021 года па абвінавачанні ў
«арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і
фінансаванні такой дзейнасці». У цяперашні час ён знаходзіцца пад вартай.
Дзмітрый Лаеўскі —
выбітны юрыст, які гучна распавядаў аб сітуацыі з вяршэнствам закона, незалежнасцю
судовай сістэмы, юрыдычнай прафесіяй і правам на абарону ў Беларусі. У судзе ён
прадстаўляў інтарэсы некалькіх палітвязняў. Ахвяра неабгрунтаванага ціску на
працягу некалькіх гадоў, ён быў афіцыйна пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі 9
ліпеня 2021 года пасля двух дысцыплінарных разглядаў супраць яго.
Нагадаем, Савет адвакацкіх аб’яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы (CCBE) — міжнародная некамерцыйная асацыяцыя. Аб’ядноўвае калегіі адвакатаў і юрыдычныя супольнасці краін-сябраў, асацыяваных сябраў і краін-назіральнікаў. ССВЕ выступае пасярэднікам паміж ЕС, нацыянальнымі калегіямі адвакатаў і юрыдычнымі супольнасцямі Еўропы. Акрамя таго, асацыяцыя цесна супрацоўнічае з юрыдычнымі арганізацыямі за межамі Еўропы.
У розныя гады прэміяй «За абарону правоў чалавека» ўзнагароджваліся Станіслаў Маркелаў (пасмяротна), юрыст «Вясны» Павел Сапелка, Інцігам Аліеў ды іншыя.