У Літве дадаткова правераць больш за 18 тысяч беларусаў
Міграцыйная служба Літвы праверыць больш за 18 тысяч беларусаў, якія прыехалі ў краіну да 2022 года, паведаміла кіраўнік Дэпартамента міграцыі пры МУС гэтай балтыйскай дзяржавы Эвеліна Гудзінскайтэ, піша «Позірк».
Чыноўніца паведаміла парталу навін Delfi, што гэтыя людзі павінны будуць запоўніць анкету, на якую зараз адказваюць беларусы, што ўязджаюць у Літву. Калі “з’явіцца негатыўная інфармацыя пра чалавека”, міграцыйная служба будзе звяртацца ў Дэпартамент дзяржбяспекі (ДДБ).
“Незапаўненне апытальніка будзе расцэньвацца не на карысць асобы. Адказы таксама будуць ацэненыя. <…> Калі ДДБ пакажа, што чалавек уяўляе пагрозу нацбяспецы, то такога чалавека пазбавяць дазволу на жыхарства”, — сказала Гудзінскайтэ.
Паводле даных Дэпартамента міграцыі, у Літве жыве 224 800 замежнікаў, у тым ліку 62 474 грамадзяніны Беларусі. Да 2022 года ў краіну пераехалі 18–20 тысяч грамадзян Беларусі.
З лістапада 2022 года паўналетнія грамадзяне Беларусі і РФ абавязаны запаўняць адмысловую анкету, у якой трэба паведаміць пра сваю адукацыю, папярэднія месцы працы, службу ў войску, дзелавыя кантакты, кантакты з органамі ўлады краін НАТО або краін, якія не ўваходзяць у ЕС, а таксама пра стаўленне да расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Пасля ўкаранення анкеты Дэпартамент міграцыі прыняў 2041 рашэнне аб пагрозе дзяржаўнай бяспецы з боку грамадзян Расіі і Беларусі. З іх 1644 рашэнні тычыліся беларусаў.
14 лютага кіраўнік Камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне (КНБА) Сейма Літвы Лаўрынас Кашчунас прапанаваў пазбаўляць дазволаў на жыхарства расіян і беларусаў, якія часцей, чым раз на месяц, ездзяць на радзіму. Акрамя гэтага, кіраўнік КНБА збіраецца зарэгістраваць прапанову аб забароне балатавацца і галасаваць на муніцыпальных выбарах грамадзянам Расіі і Беларусі з пастаянным дазволам на жыхарства ў Літве.
4 снежня 2023 года Кашчунас зарэгістраваў у Сейме праект паправак да дзейнага заканадаўства, якія прадугледжваюць абмежаванне выдачы дазволу на жыхарства беларусам (за выключэннем высокакваліфікаваных работнікаў), але адначасова палягчаюць умовы для атрымання нацыянальнай візы паводле гуманітарных меркаванняў.
8 студзеня 2024 года ён заявіў, што ў парламенце Літвы не хапае галасоў, каб уніфікаваць нацыянальныя санкцыі для грамадзян Беларусі з тымі абмежаваннямі, якія дзейнічаюць у дачыненні да расіян.
12 лютага Сейм Літвы перанёс на вясновую сесію разгляд законапраекта аб падаўжэнні абмежаванняў у дачыненні да грамадзян Беларусі і Расіі.
Праект закону прадугледжвае дадатковыя праверкі грамадзян Беларусі на мяжы ў Літвой.
31 студзеня ўрад Літвы ўхваліў прапанову падоўжыць абмежаванні, якія дзейнічаюць у дачыненні да грамадзян Расіі, яшчэ на адзін год і пастрожыць праверкі беларускіх грамадзян, якія прыбываюць у краіну.
Напрыканцы 2023 года Сейм ухваліў, а прэзідэнт Гітанас Наўседа падпісаў папраўкі да закона аб прававым статусе замежнікаў, якія сярод іншага дазваляюць выдаваць беларусам, што прыбылі краіну пры пасярэдніцтве МЗС, дазвол на жыхарства з гуманітарных прычын не на адзін, а на тры гады. КНБА выступаў супраць гэтай прапановы.
Закон аб абмежавальных мерах, звязаны з парадкам уезду і легалізацыі ў Літве, набыцці нерухомасці і іншымі пытаннямі, быў прыняты летась у красавіку. На этапе разгляду дакумент быў значна змякчаны ў дачыненні да беларусаў, большасць санкцый закранула расіян.
Наўседа наклаў на закон вета і прапанаваў парламенту ўраўнаваць санкцыі для беларусаў і расіян. Сейм адхіліў вета і зацвердзіў дакумент без прапаноў кіраўніка дзяржавы. Палітык сваю пазіцыю не змяніў, але на восеньскую сесію парламента пытанне пра ўніфікацыю абмежавальных мер не вынес.