Трамп назваў Гарыс «марксісткай». Гарыс заявіла, што Пуцін зьесьць Трампа на абед
Аналіз дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс.
Увечары 10 верасьня ў Філядэльфіі, штат Пэнсыльванія, кандыдатка ў прэзыдэнты ЗША ад дэмакратаў, дзейная віцэ-прэзыдэнтка Камала Гарыс і кандыдат ад рэспубліканцаў, экс-прэзыдэнт Дональд Трамп сустрэліся на тэледэбатах, якія прайшлі на тэлеканале ABC News. Карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс аналізуе дэбаты і падводзіць іх вынікі.
Вынік першых — і, магчыма, адзіных — дэбатаў Дональда Трампа і Камалы Гарыс маюць патэнцыял вывесьці аднаго зь іх у відавочныя лідэры ўсяго за 56 дзён да выбараў, піша карэспандэнт Радыё Свабода ў Вашынгтоне Тод Прынс у сваім аналізе дэбатаў. Паводле яго, у выпадку, калі гэта адбудзецца (што пакуль пад пытаньнем, бо думкі пра абаіх кандыдатаў у значнай ступені ўкараніліся), гэта амаль напэўна будзе Гарыс.
«Камала Гарыс выглядала нервовай, калі пачала свае першыя прэзыдэнцкія дэбаты, але хутка знайшла апору супраць часам зьбітага з панталыку Дональда Трампа», — адзначае ён.
Трамп пачаў дэбаты дастаткова добра, адзначае Тод Прынс, пакрытыкаваўшы Гарыс за тое, як адміністрацыя ЗША вырашае пытаньні эканомікі і міграцыі — два найважнейшыя пытаньні для выбарнікаў. Пры прэзыдэнту Джо Байдэну і Камале Гарыс інфляцыя ў ЗША рэзка ўзрасла, нашкодзіўшы амэрыканцам сярэдняй і ніжэйшай клясаў, у той час як нелегальная міграцыя рэзка ўзрасла, аказаўшы ціск на гарадзкія бюджэты. Хоць ён, магчыма, і атрымаў пэўны посьпех у абмеркаваньні пытаньняў эканомікі, у пытаньні міграцыі Трамп часам блытаўся, страчваючы засяроджанасьць і рэзка кантрастуючы з больш дакладнай падачай Гарыс.
Мадэратары дэбатаў некалькі разоў правяралі факты, агучаныя Трампам, у тым ліку сьцьвярджэньне, што «мігранты ядуць свойскіх жывёлаў у Агаё», чаму яны не знайшлі ніякіх доказаў. Прыхільнікі Трампа раскрытыкавалі мадэратараў за тое, што тыя не праверылі агучанае Гарыс сьвярджэньне, «што беспрацоўе пры Трампу было найгоршым з часоў Вялікай дэпрэсіі».
Гарыс, якая спачатку здавалася нэрвовай, хутка знайшла апору, калі тэма перайшла да абортаў, яе моцнага боку, абвінаваціўшы Трампа ў пазбаўленьні жанчын свабодаў. З гэтага моманту Гарыс дамаглася посьпеху ў тым, што, відаць, было адной зь яе галоўных задач: справакаваць Трампа на нестандартныя тырады пра сябе і мінулае, што дазволіла ёй абвінаваціць яго ў тым, што ён не засяроджаны на амэрыканскіх выбарніках, піша Тод Прынс.
Гарыс зрабіла некалькі запамінальных выпадаў, спрабуючы ператварыць меркаваныя моцныя бакі Трампа ў слабасьці. Яна абвінаваціла Трампа ў тым, што той заключыў жудаснае пагадненьне з «Талібанам» перад вывадам войскаў ЗША з Афганістана, заявіла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «зьесьць [Трампа. — Рэд.] на абед» і што замежныя лідэры «сьмяюцца» з Трампа.
Трамп адказаў, назваўшы Гарыс «марксісткай», зьвязаўшы яе з прэзыдэнтам Байдэнам і шматзначна спытаўшы, чаму яна ня выканала сваіх плянаў пасьля трох гадоў знаходжаньня ва ўладзе.
Як адзначае Тод Прынс, у Гарыс была яшчэ адна мэта падчас дэбатаў — прадставіць сябе выбарнікам, расказаўшы ім пра сваю пазыцыю ў ключавых пытаньнях. Так, падчас дэбатаў Гарыс закранула некаторыя свае палітычныя прапановы, такія як падтрымка больш буйных падатковых ільготаў для дзяцей, праўда, не паглыбляючыся ў падрабязнасьці і пакінуўшы ў выбарнікаў пытаньні.
Вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША, якія адбудуцца 5 лістапада, амаль напэўна будуць вызначацца адносна невялікай колькасьцю нявызначаных выбарнікаў у 7 «штатах, якія вагаюцца». Асноўнай мэтай гэтых дэбатаў для Дональда Трампа і Камалы Гарыс было пераканаць іх, што яны зьяўляюцца найлепшымі кандыдатамі.
Каманда Гарыс, відавочна, адчула, што іхная кандыдатка была мацнейшай падчас дэбатаў, і неадкладна заклікала да паўторных дэбатаў — але па словах Трампа, гэты заклік быў выкліканы тым, што Гарыс «вельмі моцна прайграла» на гэтых дэбатах, падсумоўвае Тод Прынс.