Святлана Ціханоўская: Ад закрыцця межаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін
Беларуская дэмакратычная лідарка пракаментавала планы Камітэта па нацыянальнай бяспецы Літвы наконт закрыцця яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, 6 лютага стала вядома пра тое, што Камісія нацыянальнай бяспекі Літвы — урадавага органа, у які ўваходзяць прэм'ер-міністр, некалькі чальцоў Кабінета міністраў, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Літвы і спецслужбаў — прапанавала закрыць два з чатырох памежных пунктаў пропуску ў Лаворышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка). Прычым у жніўні 2023 года Літва закрыла яшчэ 2 пункты. Памежныя пункты хочуць закрыць з 1 сакавіка.
Літоўская камісія прапанавала таксама зрабіць больш жорсткімі пасажырскія аўтобусныя зносіны паміж Літвой і Беларуссю шляхам паступовага скарачэння колькасці дазволаў, якія выдаюцца прыватным перавозчыкам, а таксама забараніць перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы пешаходам і веласіпедыстам.
Беларуская лідарка выказалася супраць узвядзення Літвой “жалезнай заслоны” ад беларусаў:
«Мы разумеем асцярогі службаў бяспекі Літвы, але закрыццё памежных пераходаў для пасажыраў — гэта лячэнне сімптомаў, а не прычын праблемы. Закрыццё ўдарыць у першую чаргу па беларусах, якія ў большасці супраць Лукашэнкі і падтрымліваюць Украіну.
Не трэба будаваць жалезную заслону. Бо ад ізаляцыі беларусаў выйграюць толькі Лукашэнка і Пуцін. Для многіх беларусаў мяжа з Літвой — гэта адзіная сувязь са свабодным светам. А для некаторых — адзіная магчымасць выратавацца ад рэпрэсій.
Вядома, сярод тых, хто прыязджае, могуць быць і памагатыя
рэжыму. Давайце іх выяўляць. І многія беларускія ініцыятывы ўжо самастойна гэта
робяць, як у выпадку з Матыевічам, і дзеляцца звесткамі з літоўскім бокам.
Можна перагледзець сістэму праверак, і мы гатовыя ў гэтым дапамагаць.
Ізаляваць трэба Лукашэнку і ягоны рэжым, а не беларусаў. Абмяжоўваць трэба грузаперавозкі, і ў першую чаргу патокі гандлю падсанкцыйных тавараў. А пасажырскае паведамленне неабходна захаваць».