Справа нацбяспекі: Літва плануе закрыць яшчэ 2 пункты пропуску на мяжы з Беларуссю

Літва, спасылаючыся на нацыянальную бяспеку, хоча закрыць памежныя пункты пропуску ў Лаворышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка) — два з чатырох, якія застаюцца адкрытымі пасля таго, як Літва закрыла два пункты пропуску ў мінулым годзе.

Літоўска-беларуская мяжа. Фота: LRT

Літоўска-беларуская мяжа. Фота: LRT

Камісія нацыянальнай бяспекі Літвы прапанавала закрыць яшчэ два пункты пропуску на беларускай мяжы і прыняць меры для скарачэння паездак паміж краінамі, піша LRT.

Прапанова камісіі — урадавага органа, у які ўваходзяць прэм'ер-міністр, некалькі чальцоў Кабінета міністраў, прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта Літвы і спецслужбаў — тычыцца памежных пунктаў пропуску ў Лаворышкес (Катлоўка) і Райгардас (Прывалка) — двух з чатырох, якія застаюцца адкрытымі пасля таго, як Літва закрыла два пункты пропуску ў мінулым годзе.

Што хочуць змяніць?

Літоўская камісія таксама прапануе зрабіць больш жорсткімі пасажырскія аўтобусныя зносіны паміж Літвой і Беларуссю шляхам паступовага скарачэння колькасці дазволаў, якія выдаюцца прыватным перавозчыкам.

Яшчэ адна прапанова — абмежаваць пасадку і высадку пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кена», а таксама забараніць перасячэнне беларуска-літоўскай мяжы пешаходам і веласіпедыстам.

Глядзіце таксама

З чым гэта звязана?

Кіраўнік Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях (NKVC) Вілмантас Віткаўскас паведаміў на прэсавай канферэнцыі ва ўрадзе, што пункты пропуску закрыюцца 1 сакавіка. Аднак канчатковае рашэнне аб закрыцці пунктаў пропуску прыме ўрад. 

Як адзначаецца ў заяве, прапанаваныя рашэнні дазволяць скараціць колькасць транспартных сродкаў і пасажыраў, якія ідуць транзітам праз Літву, а таксама знізіць верагоднасць дзеянняў беларускіх і расійскіх спецслужбаў і службаў бяспекі супраць Літвы.

«Праз усе аўтадарожныя пункты пропуску ўздоўж мяжы з Беларуссю апошнім часам павялічыўся паток беларускіх грамадзян прыкладна на 50 працэнтаў. Павелічэнне патоку транспарту, тавараў і людзей патрабуе аптымізацыі працэсу кіравання гэтымі патокамі і яшчэ больш дэталёвага кантролю асоб, транспартных сродкаў і тавараў», — сказаў ён.

Вілмантас Віткаўскас. Фота: LRV

Вілмантас Віткаўскас. Фота: LRV

Гэты крок таксама накіраваны на больш эфектыўнае блакіраванне ўвозу санкцыйных тавараў у Беларусь і Расію, а таксама на прадухіленне кантрабанды.

Паводле NKVC, прапанаваныя рашэнні таксама павысяць бяспеку дарожнага руху, паколькі цяпер інфраструктура дарогі, якая вядзе да пункта пропуску Лаворышкес (Катлоўка), не прыстасаваная і не мае зоны чакання для транспартных сродкаў.

Нагадаем, летась літоўска-беларускую мяжу праз аўтадарожныя пункты пропуску перасякалі амаль 3,9 мільёна разоў, што на 25,5 працэнта больш, чым у 2022 годзе. Дзве траціны — грамадзяне Беларусі.

Глядзіце таксама

Грамадзяне Літвы перасякалі мяжу 684 тысячы разоў, што на 13,4 працэнта менш, чым у 2022 годзе. Усяго хаця б адзін раз мяжу перасеклі амаль 62 тысячы чалавек, што на 17,5 працэнта менш.

Найбольшая колькасць грамадзян Літвы перасекла мяжу праз аўтадарожныя памежныя пункты пропуску «Шальчынінкай» і «Лаворышкес».

У жніўні 2023-га Літва закрыла два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю — Шумскас і Цвярэчус. Міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ заявіла, што міністэрства прапануе закрыць яшчэ два.


Глядзіце таксама