Супольнасць дэмакратый

2–4 ліпеня ў Кракаве адбылася канферэнцыя міжурадавай арганізацыі Супольнасць дэмакратый, у працы якой прымалі ўдзел дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, шэраг іншых выбітных палітыкаў сучаснасці. На форуме была прадстаўлена таксама дэлегацыя з Беларусі.  Пра працу канферэнцыі “НЧ распавяла ўдзельніца кракаўскіх дыскусій, эксперт у сферы публічнай палітыкі Ірына Віданава. (На здымку: Ірына Віданава)



227f6afd3b7f89b96c4bb91f95d50f6d.JPG

2–4 ліпеня ў Кракаве адбылася канферэнцыя міжурадавай арганізацыі Супольнасць дэмакратый, у працы якой прымалі ўдзел дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, шэраг іншых выбітных палітыкаў сучаснасці. На форуме была прадстаўлена таксама дэлегацыя з Беларусі.  Пра працу канферэнцыі “НЧ распавяла ўдзельніца кракаўскіх дыскусій, эксперт у сферы публічнай палітыкі Ірына Віданава.

(На здымку: Ірына Віданава)


— У беларускіх недзяржаўных СМІ было вельмі мала інфармацыі пра канферэнцыю. Што гэта за Сустрэчы на вышэйшым узроўні Супольнасці дэмакратый у Кракаве — так  гучыць афіцыйная назва канферэнцыі?
— Гэта была сустрэча, прысвечаная дзесяцігоддзю сусветнай арганізацыі Супольнасць дэмакратый. Зыходная ідэя стварэння гэтай арганізацыі, як адзначалі яе ініцыятары Браніслаў Герэмек і Мадлен Олбрайт, была ў тым, што дэмакратыі таксама павінны гуртавацца і аб’ядноўвацца. Дзеля таго, каб больш эфектыўна супрацьстаяць наступу аўтарытарных рэжымаў.
— Што абумовіла стварэнне гэтай ініцыятывы і ў чым яе новы сэнс?
— Па-першае, сама дата — 10 год, як знешні штуршок. Па-другое, краінай-прэзідэнтам Супольнасці зараз з’яўляецца Літва, а Сакратарыят — выканаўчы орган — знаходзіцца ў Варшаве. Гэтыя дзве дзяржавы ў Еўрасаюзе з’яўляюцца зараз шмат у чым рухавікамі дэмакратычных ініцыятыў.
На канферэнцыі ў Кракаве прысутнічала болей за 60 дэлегацый ад розных краін. У ёй былі чатыры складнікі. Першы — сустрэча на ўзроўні прэм’ер-міністраў і ўрадавых дэлегацый, куды ўваходзіць каля 40 краінаў, якія можна назваць дэмакратычнымі. Другі — сустрэчы прадстаўнікоў парламентаў гэтых краін. Трэці — грамадзянская супольнасць. І чацвёрты: ўпершыню ў гэтым годзе да ўдзелу ў канферэнцыі быў запрошаны прыватны сектар эканомікі. На сённяшнім этапе ёсць разуменне, як шмат ў сцвярджэнні дэмакратыі залежыць ад гэта сектара, асабліва ад міжнародных карпарацый. І, зноў жа, упершыню на канферэнцыі была сфармавана моладзевая секцыя, у якую ўваходзяць дыпламаты і актывісты грамадзянскага сектару ва ўзросце да 35 гадоў. 


— Які створаны механізм дзейнасці Супольнасці дэмакратый?
— Ужо запланавана, што наступная канферэнцыя Супольнасці адбудзецца праз год у Вільні. У перапынках паміж канферэнцыямі пройдуць сустрэчы ўрадавых тэматычных працоўных груп, а таксама будуць адбывацца кансультацыі і мерапрыемствы на ўзроўні парламентаў, грамадзянскай супольнасці і прыватнага сектару. Акрамя таго, на канферэнцыі быў утвораны Форум маладых дыпламатаў і грамадскіх актывістаў, які ў будучым можа стаць моладзевым крылом Супольнасці дэмакратый. 
Прынята некалькі рэзалюцый да практычнага выканання. У прамове Хілары Клінтан, па сутнасці, прагучала праграма дзейнасці Супольнасці . У прамове была акцэнтавана ўвага на наступ аўтарытарных рэжымаў на грамадзянскую супольнасць, на капіяванні імі законаў, якія абмяжоўваюць свабоду асацыяцый і грамадскай дзейнасці, свабоду слова. Новае гучанне было нададзена тэме правоў жанчын. На гэтай сустрэчы прысутнічалі Юлія Цімашэнка, Іаланта Квасьнеўская. Таксама прагучала і заява аб стварэнні спецыяльнага фонду падтрымкі грамадзянскай супольнасці.
— Якой была прысутнасць Беларусі ў канферэнцыі?
—  Беларуская дэлегацыя, напэўна была адной са шматлікіх — прадстаўнікі палітычных структур, трэцяга сектара, моладзевых арганізацый, журналісты. Сярод іх — Станіслаў Шушкевіч, Уладзімір Някляеў, Эніра Браніцкая, Людміла Гразнова, Віталь Рамашэўскі і іншыя. Гэта ёсць індыкатар таго, наколькі вялікую ўвагу надае сітуацыі ў Беларусі міжнародная супольнасць. Беларусь была ўзгаданая ў прамовах Клінтан, Олбрайт, Сікорскага, літаральна ва ўсіх ключавых прамовах ўсіх вышэйшых прадстаўнікоў урадаў еўрапейскіх краінаў і ЗША.
— А якім быў ваш удзел у канферэнцыі?

Прэзідыўм секцыі “Актывісты дзеля дэмакратыі

— Мяне запрашалі ў якасці спікера на секцыю ў межах моладзевага форуму. Мой выступ  тычыўся ролі новых тэхналогій ў справе дэмакратызацыі, дзе я распавядала пра досвед мультымедыйнага часопіса, які мы робім.
Мяне запрасілі таксама выступіць на адной з пленарных дыскусій секцыі “Актывісты дзеля дэмакратыі, якую вяла Сара Мендэльсан, намесніца памочніка кіраўніка аддзела дэмакратыі, канфліктаў і гуманітарнай дапамогі USAID.
Гэтая дыскусія была прысвечана вызначэнню паспяховых практык і рэкамендацый урадам ЗША і міжнароднай супольнасці адносна таго, якім чынам будаваць замежную палітыку ў дачыненні да праблемных краінаў, у тым ліку Беларусі.


— Ці абмяркоўвалася пытанне прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі і адносін міжнароднай супольнасці да яе ходу і вынікаў?
— Спецыяльна — не. У выступленнях — так. У кулуарах жа дастаткова часта. Пад знакам пытанняў аб той тактыцы, якую абярэ ці не абярэ беларуская палітычная апазіцыя, наяўнасці вялікай колькасці прэтэндэнтаў у кандыдаты, адсутнасці якіх бы тое не было знакаў да аб’яднання, выпрацоўкі нейкай агульнай стратэгіі. Нам не навязваюць стратэгіі, яе чакаюць ад нас. Пазіцыя нашых партнёраў: мы мусім знайсці свае адказы, і тады можам разлічваць на разуменне і падтрымку.


--------------------------------------------------
Даведка
Супольнасць дэмакратый (Community of Democracies) — сусветная міжурадавая арганізацыя, створаная для прамоцыі дэмакратыі і ўмацавання дэмакратычных інстытутаў ва ўсім свеце. Арганізацыя была заснавана ў 2000 г. у Варшаве па ініцыятыве прафесара Браніслава Герэмека (у той час міністр замежных спраў Польшчы) і Мадлен Олбрайт (тады — дзяржсакратар ЗША).
У 2000 г. міністры 106 краін падпісалі Варшаўскую дэкларацыю “На шляху да супольнасці дэмакратый У 2008 г. быў створаны пастаянны сакратарыят, які знаходзіцца ў Варшаве. Краіна-прэзідэнт Супольнасці дэмакратый абіраецца кожныя два гады. У 2010-2011 гадах прэзідэнтам з’яўялецца Літва. Наступная канферэнцыя Супольнасці адбудзецца праз год у Вільні.

--------------------------------------------------
З прамовы Хілары Клінтан “Грамадзянская супольнасць: падтрымліваючы дэмакратыю ў 21 стагоддзі:
“... У рамках Супольнасці Дэмакратыяў мы павінны пачаць задаваць жорсткія пытанні, ці можам мы называць дэмакратычнымі тыя краіны, якія бяруць прыклад з аўтарытарных дзяржаў і ўдзельнічаюць у нападзе на грамадзянскую супольнасць. Каб вырашыць гэтую праблему, грамадзкія арганізацыі і дэмакратычныя ўрады павінны аб’яднацца вакол агульных мэтаў. Супольнасць Дэмакратыяў ужо зараз аб’ядноўвае ўрады і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці  і адпавядае таму, каб стаць лідэрам такіх намаганняў. Я ведаю, што працоўная група па ўмацаванні і абароне грамадзянскай супольнасці, якая дзейнічае ў межах Супольнасці Дэмакратыяў, ужо працуе над тым, каб ператварыць гэтае бачанне ў рэальнасць. ЗША будуць працаваць з гэтай супольнасцю, каб развіць ініцыятывы, якія будуць падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і ўмацоўваць урады, адданыя прынцыпам дэмакратыі.
Пры лідэрастве і падтрымцы такіх краінаў як Літва, Польшча, Канада і Манголія, я веру, што 20-я гадавіна Супольнасці Дэмакратыяў можа стаць святкаваннем умацавання грамадзянскай супольнасці і інстытуалізацыі практыкаў, якія ляжаць у аснове дэмакратыі. Каб гэтага дасягнуць, нашыя агульныя высілкі павінны ўключаць як мінімум чатыры элементы. Па-першае, Супольнасць Дэмакратыяў павінна выпрацаваць і усталяваць аб’ектыўны і незалежны механізм маніторынгу рэпрэсіўных захадаў супраць недзяржаўных арганізцый. Па-другое, Рада па правах чалавека ААН павінна рабіць больш дзеля абароны грамадзянскай супольнасці. Права на свабоду аб’яднанняў – гэта адзіная свабода ў дэкларацыі правоў чалавека, якой не надаецца адмысловай увагі ў праваабрончай структуры ААН. Гэта павінна змяніцца.
Па-трэцяе, мы будзем працаваць з рэгіянальнымі і іншымі арганізацыямі, такімі як Арганізацыя амерыканскіх штатаў, Еўрапейскі Саюз, Афрыканскі Саюз, Арабская Ліга і іншыя, каб рабіць больш дзеля абароны свабоды аб’яднанняў. Многія з гэтых груп ужо падпісаліся пад прынцыпамі дэмакратыі на паперы. Але мы павінны пераканацца, што словам адпавядаюць дзеянні.
Па-чацвертае, мы павінны каардынаваць наш дыпламатычны ціск. Я ведаю, што працоўная група Супольнасці Дэмакратыяў ужо распрацоўвае механізм хуткага рэагавання на сітуацыі, калі адбываецца атака на свабоду аб’яднанняў. Але гэта зойме нейкі час. Калі НДА сутыкаюцца з рэальнай пагрозай, мы павінны абараняць іх, узмацняць галасы актывістаў, сустракаючыся з імі публічна ў іх дома і за мяжой, а таксама цытаваць іх працу ў тым, што мы кажам і робім. Мы таксама можам аказаць ім тэхнічны трэнінг, якія дапаможа актывістам карыстацца новымі тэхналогіямі, напрыклад сацыяльнымі сеткамі. Калі магчыма, мы таксама павінны падтрымліваць дзейнасць арганізацый фінансава.
У межах гэтых абавязацельстваў, сёння я абвяшчаю пра стварэнне новага фонда ў падтрымку дзейнасці НДА. Мы спадзяемся, што гэты фонд будзе выкарыстоўвацца для прававой абароны, забеспячэння камунікацыйнымі тэхналогіямі, такімі як мабільныя тэлефоны і досутп да Інтэрнэт, а таксама іншых формаў хуткай дапамогі НДА ў небяспецы. Унёсак ЗША ў гэты фонд складзе 2  мільёны даляраў і мы заклікаем да ўдзелу і ўнясення сродкаў як краіны, якія падзяляюць нашыя памкненні ў гэтым накірунку, так і прыватныя некамерцыйныя арганізацыі.