Сёння ў Сочы пройдзе саміт АДКБ
Прэзідэнты Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана возьмуць удзел у сесіі Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), якая пройдзе сёння ў Сочы.
Пасяджэнне СКБ адбудзецца ў вузкім складзе і ў фармаце пленарнага пасяджэння, паведамляе сайт АДКБ. На абмеркаванне ўдзельнікаў саміта плануецца вынесці некалькі пытанняў, якія
тычацца "развіцця сілавой складаючай з улікам сітуацыі ў свеце".
Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў разгледзяць рашэнні адносна стварэння авіяцыйных сіл АДКБ і кіравання калектыўнымі сіламі арганізацыі. Акрамя таго, прэзідэнты абмяркуюць сітуацыю на
таджыкска-афганскай мяжы і прапановы па павышэнні эфектыўнасці яе аховы.
"Сітуацыя, якая складваецца на мяжы і ў цэлым у афганскім прыграніччы, а таксама тэндэнцыі развіцця абстаноўкі, застаюцца дастаткова негатыўнымі. Прэзідэнты разгледзяць пытанне аб
аказанні ваенна-тэхнічнай дапамогі памежнікам Таджыкістана", — паведамляе сайт АДКБ. Будзе заслухана інфармацыя аб ходзе выканання рашэнняў сесіі СКБ, якая праходзіла ў
снежні 2012 года, і рэалізацыі дамоўленасцей нефармальнага саміта АДКБ, што адбыўся ў маі гэтага года ў Бішкеку.
Прадстаўнікі Расіі, да якой у 2014 годзе пяройдзе старшынства ў АДКБ ад Кыргызстана, праінфармуюць удзельнікаў сустрэчы аб сваіх прыярытэтных кірунках дзейнасці арганізацыі. Чакаецца
выступленне па гэтым пытанні прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
У канцы мінулага тыдня памочнік прэзідэнта РФ Юрый Ушакоў паведаміў журналістам, што на саміце ў Сочы таксама можа быць прынята сумесная заява па сітуацыі ў Сірыі.
"Сірыя будзе абмеркавана, гэта натуральна, калі будзе дасягнута дамоўленасць аб тым, каб выказаць калектыўнае меркаванне, то такая заява будзе прынята", — сказаў
Ушакоў.
З заявай па Сірыі 13 верасня выступілі ў Бішкеку лідары краін Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, у якую ўваходзяць некаторыя краіны АДКБ, у тым ліку Расія і Казахстан. Усяго ў парадку дня
саміта значыцца больш чым дзесяць пытанняў. Па выніках сустрэчы плануецца прыняць камюніке.
Напярэдадні сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў у Сочы адбудзецца сумеснае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў, Савета міністраў абароны і Камітэта сакратароў саветаў бяспекі АДКБ. Ухваленыя на ім
дакументы будуць прадстаўлены на подпіс прэзідэнтам. Напярэдадні адкрыцця саміта прэс-служба прэзідэнта Беларусі афіцыйна пацвердзіла ўдзел у ім Аляксандра Лукашэнкі.
"У 2013 годзе ўзаемадзеянне Беларусі з АДКБ ажыццяўлялася па розных кірунках, у тым ліку ў палітычнай, ваеннай сферах, ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, процідзеянні новым выклікам
і пагрозам, — гаворыцца ў паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы. — У рамках беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў "Захад-2013" на
тэрыторыі Беларусі праходзяць сумесныя вучэнні з Калектыўнымі сіламі аператыўнага рэагавання АДКБ "Узаемадзеянне-2013".
Як паведамлялася раней, у рамках саміта Аляксандр Лукашэнка можа правесці двухбаковыя сустрэчы са сваімі калегамі. Разам з тым пакуль невядома, ці абдузецца яго асобная сустрэча з
Уладзімірам Пуціным. 18 верасня прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам: у Крамлі разлічваюць, што на палях саміта АДКБ Уладзімір Пуцін сустрэнецца са сваім
беларускім калегам. Аднак 20 верасня памочнік Пуціна Юрый Ушакоў заявіў, што асобнай двухбаковай сустрэчы прэзідэнтаў Расіі і Беларусі ў рамках саміта ў Сочы не
плануецца. "Пакуль двухбаковай сустрэчы ў Сочы не плануецца, але лідары будуць сустракацца ў вузкім складзе. Не выключаны і асобныя кантакты ў ходзе пратакольнага
мерапрыемства", — сказаў ён.
У той жа дзень Ушакоў заявіў, што Крэмль чакае хуткай выдачы арыштаванага ў Мінску гендырэктара "Уралкалія" Уладзіслава Баўмгертнера. "Чакаем, што гэтага
расійскага грамадзяніна перададуць Расіі. Гэты працэс крыху зацягваецца. Учарашнія словы прэзідэнта Беларусі дазваляюць спадзявацца, што гэтае пытанне будзе найбліжэйшым часам вырашана",
— сказаў ён.
19 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не выключае магчымасці экстрадыцыі Уладзіслава Баўмгертнера ў Расію для правядзення следчых дзеянняў. Некаторыя палітолагі звязваюць няпэўнасць з
двухбаковай сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна з калійным канфліктам паміж Беларуссю і Расіяй. "Усе гэтыя манеўры аб магчымасці сустрэчы звязаныя з пытаннем аб тым, калі
вызваляць Баўмгертнера. Для Расіі прынцыпова важна, каб Баўмгертнер быў вызвалены да сустрэчы", — заявіў у каментарыі БелаПАН беларускі палітолаг
Валерый Карбалевіч. На думку палітолага, калі Баўмгертнер застанецца ў турме, а Пуцін сустрэнецца з Лукашэнкам, гэта будзе азначаць псіхалагічную перамогу Мінска над Масквой:
"Маўляў, я аб'явіў вайну і ўпэўнена вяду яе да пераможнага канца, мы сустракаемся з Пуціным, а Баўмгертнер усё яшчэ ў турме". Пры гэтым палітолаг не выключае,
што двухбаковая сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Сочы адбудзецца, нават калі Баўмгертнера не вызваляць.
БелаПАН.