Раман Якаўлеўскі: Справа “Уралкалію” можа атрымаць працяг
Гэта была кароткая размова. Вельмі каротка тэма “Уралкалію” закраналася», — паведаміў журналістам прэс-сакратар Уладзімера Пуціна Дзмітры Пяскоў. “Камерсант” паведамляе, што кароткія сустрэчы Пуцініна і Лукашэнка прайшлі тройчы...
Амбасада Расіі ў Мінску накіравала ў МЗС Беларусі запыт на сустрэчу з Уладзіславам Баўмгертнерам.
Палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць, што справа Баўмгертнера вырашыцца ў кароткі тэрмін, і яго перададуць Расіі, аднак справа “Уралкалію” можа атрымаць працяг:
— Гэта чарговая гульня Лукашэнкі. Ён, хутчэй за ўсё, нервовую ўвагу расійскага боку выклікае. Думаю, што ўсё вырашыцца. Лукашэнка падчас сваёй апошняй нарады, на якой прысутнічаў намеснік генеральнага пракурора Расіі, казаў, што вось гэтая гісторыя з “Уралкаліем” можа сведчыць пра тое, што пэўныя схемы раскрадання могуць існаваць і ў дачыненні іншых бізнэс-структураў, якія працуюць у Беларусі. Ці будзе “Уралкалій” адзінай такой — гучнай, цьмянай гісторыяй? Я думаю, што не”.
Сустрэча Пуціна і Лукашэнка адбылася на саміце АДКБ у Сочы. Пяскоў паведамляе, што прэзідэнты камунікавалі і напярэдадні.
* * *
Адвакатка Уладзіслава Баўмгертнера Дар’я Ліпкіна паведаміла, што ніякай інфармацыі для СМІ пакуль няма. Няма інфармацыі і пра тое, ці па-ранейшаму генеральны дырэктар “Уралкалію” знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Чакалася, што развязка справы Уладзіслава Баўмгертнера будзе пасля сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Сочы... Працэс далей зацягваецца. Хто выйграе ў калійнай вайне?
Меркаванне палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага:
— Гэта для гледачоў беларускага тэлебачання ўсё выглядае такім паспяховым — Лукашэнка “перамагае расійскіх алігархаў”... Насамрэч, усё па-іншаму. І застаецца запазычанасць “Сбербанку” ў 1 мільярд долараў. Вядома, што беларускі бок прасіў адкласці тэрміны выплаты. Робяцца паступовы крокі… і гэтае ўтрымоўванне ў абліччы экспансіі.
“У сітуацыі, калі Украіна абвясціла пра свой праеўрапейскі выбар, Аляксандр Лукашэнка штораз мацней звязвае Беларусь з еўразійскай прасторай для сваёй палітычнай гульні”, — лічыць Раман Якаўлеўскі.
Генеральны дырэктар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер з 26 жніўня знаходзіцца ў СІЗА КДБ па абвінавачанню ў злоўжыванні ўладай і нанясенні шкоды ў 100 мільёнаў долараў.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя