«Сёння караюцца дзеянні, якія звязаныя з праявамі грамадзянскай пазіцыі, а заўтра будуць карацца сустрэчы з сябрамі»
Беспаспяхова завяршыўся вышук першага намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча Свіслацкім раённым судом, які намагаўся пакараць палітыка за ўдзел у адзначэнні Дня памяці паўстанцаў 1863 года.
«Мог бы стаць чарговым асуджаным, але справу закрылі ў сувязі з тым, што цягам двух месяцаў мяне не знайшлі», — патлумачыў Губарэвіч.
«У адносінах Губарэвіча Ю.І. складзены адміністратыўны пратакол за тое, што ён 26 кастрычніка 2014 году ў перыяд часу з 12 да 14 гадзінаў... удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым
мерапрыемстве (мітынгу, вулічным шэсці), чым парушыў устаноўлены парадак правядзення масавых мерапрыемстваў», — паведамляецца ў копіі пастанаўлення суда, якая паступіла на
адрас Юрася Губарэвіча ад суддзі Жаны Салагубік.
Суд прыняў рашэнне спыніць справу, бо скончыліся тэрміны накладання адміністратыўнага спагнання. Адзначаецца, што гэтае рашэнне можа быць абскарджана ў Гродзенскім абласным судзе.
«Справа па Свіслачы — гэта чарговае вар'яцтва, грамадзяне Беларусі — настолькі бяспраўныя, што нават паездкі па памятных мясцінах, звязаных з
вызваленчым рухам, якія павінны ахоўвацца і ўшаноўвацца дзяржавай, расцэньваюцца як парушэнне грамадскага парадку», — пракаментаваў сітуацыю першы намеснік старшыні Руху
«За Свабоду».
Па ягоных словах, «сёння рэгламентуюцца і караюцца дзеянні, якія звязаныя з праявамі грамадзянскай пазіцыі, а заўтра будуць карацца сустрэчы з сябрамі».
«Але любая ўлада павінна вывучаць урокі гісторыі і памятаць, што «зацісканне гаек» прыводзіць да таго, што іншадумцы перастаюць пытацца нейкага дазволу на масавыя
мерапрыемствы», — заключыў Юрась Губарэвіч.
pyx.by