Шушкевіч хоча расказаць праўду, Янукевіч — кантраляваць праграмы беларускага ўраду
На першым пасяджэнні парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» Еўранэст ад Беларусі будуць прысутнічаць толькі сябры недзяржаўных грамадскіх аб’яднаняў і апазіцыйных партый. Прадстаўнікі беларускага парламенту, нягледзячы на доўгія спрэчкі вакол тэмы запрашэння, застануцца дома. Журналіст «НЧ» Вольга Хвоін даведалася ў асобаў, што паедуць на сустрэчу ў Брусель, які сэнс іх удзелу ў Еўранэсце.
На першым пасяджэнні парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» Еўранэст ад Беларусі будуць прысутнічаць толькі сябры недзяржаўных грамадскіх аб’яднаняў і
апазіцыйных партый. Прадстаўнікі беларускага парламенту, нягледзячы на доўгія спрэчкі вакол тэмы запрашэння, застануцца дома. Журналіст «НЧ» Вольга Хвоін даведалася ў асобаў, што
паедуць на сустрэчу ў Брусель, які сэнс іх удзелу ў Еўранэсце.
Як стала папярэдне вядома, у складзе беларускай дэлегацыі: старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Станіслаў Шушкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Казулін, лідэры партыі
«Справядлівы свет» Сяргей Калякін, БНФ — Аляксей Янукевіч, АГП — Анатоль Лябедзька, кіраўнік Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр
Ярашук, старшыня Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, прадстаўнік Грамадскага аб’яднання «Экадом» Ірына Капорыха, старшыня Беларускай асацыяцыі
журналістаў Жана Літвіна і кіраўніца непрызнанага Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс.
Раней абмяркоўваўся варыянт удзелу ў парламенцкай структуры пяці беларускіх дэпутатаў і пяці прадстаўнікоў апазіцыі. Аднак афіцыйны Мінск адмовіўся ад гэтай прапановы і настойваў, што ўсе дзесяць
месцаў мусяць заняць выключна прадстаўнікі парламента. У выніку парламентарыі, хутчэй за ўсё, застануцца ў сваіх кабінетах, а іх месцы зоймуць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк сустрэўся са старшынямі фракцый парламента, і канчатковае рашэнне аб складзе беларускай дэлегацыі, як і дата першага пасяджэння Еўранэста, якое было запланавана на
24 сакавіка, адкладзеныя на няпэўны час. Чакаецца, што пытанне наконт беларускай дэлегацыі ў Еўранэсце будзе разгледжана ў першай палове красавіка.
У склад «Еўранэста» ўвойдуць 120 дэпутатаў, у тым ліку 60 дэпутатаў — ад Еўрапарламента і 60 дэпутатаў — ад парламентаў краін-удзельніц «Усходняга
партнёрства». Ад Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны ў працы парламенцкай асамблеі «Усходняга партнёрства» будуць удзельнічаць па дзесяць
прадстаўнікоў.
Станіслаў Шушкевіч:
— Я не ведаю, кім і як я заяўлены для ўдзелу ў
пасяджэнні парламенцкай асамблеі «Усходняе партнёрства». Звесткі пра гэта я атрымліваю толькі з мас-медыя, афіцыйнага запрашэння на руках не маю. Калі мы і паедзем у Брусель, то
толькі ў якасці назіральнікаў, і ўсё, што зможам там рабіць, — быць крыніцамі праўдзівай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў Беларусі. У Еўропе цяпер непаразуменне, што ж рабіць далей, бо
яе новы падыход у адносінах да Беларусі праваліўся. Таму трэба растлумачыць, чаму так адбылося і што цяпер рабіць.
Ёсць многа інструментаў уплыву на тых, хто бярэ грошы з «Усходняга партнёрства» не на дэмакратыю і лібералізацыю, а на ўмацаванне рэжыму. Еўропа разам з Міжнародным валютным фондам
выратавала дыктатуру, дык трэба сказаць тым, хто верыць абяцанням Лукашэнкі, што яны не палітыкі, а слухачы. Важна і тое, што да гэтага часу рашэнні па Беларусі прымаліся нейкімі камісіямі, у якія не
ўваходзяць людзі, што тут жывуць. І што яны адэкватнага могуць прыняць? Думаю, наш удзел у Еўранэсце найперш важны інфармацыйнай функцыяй.
Аляксандр Ярашук:
— Мы спадзяемся, што праект «Усходняе
партнёрства» будзе развівацца, што дазволіць Беларусі інтэгравацца з Еўрапейскім саюзам па многіх кірунках — сацыяльных, эканамічных, палітычных. Прафсаюзы з’яўляюцца
значным сегментам грамадзянскай супольнасці, таму спадзяёмся скарыстаць гэты шанец, каб данесці свае праблемы і займець пэўную падтрымку ЕС у частцы выканання Беларуссю рэкамендацый Міжнароднай
арганізацыі працы (у 2007 годзе за парушэнні правоў прафсаюзаў Беларусь была выключаная з Генеральнай сістэмы прэферэнцый Еўрасаюза — рэд.).
Цяпер найбольш адчувальнымі праблемамі для нас з’яўляюцца ціск на незалежныя прафсаюзы і іх сябраў, дыскрымінацыя па прыкмеце прафсаюзнай прыналежнасці. Гэтыя факты паўтараюцца з года ў год.
Апошнія месяцы назіраецца новая хваля ціску на сябраў незалежных прафсаюзаў: амаль усе работнікі знаходзяцца на кароткатэрміновых кантрактах, і калі надыходзіць час іх працягваць, ставіцца ўмова: ці
праца, ці сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Агулам у Беларусі ў незалежных прафсаюзах маюць сяброўства каля дзесяці тысяч чалавек. З аднаго боку, гэта не многа, а з іншага — гэта людзі,
якія зрабілі смелы, асэнсаваны выбар, і, думаю, яны могуць прымусіць з сабою лічыцца.
Аляксей Янукевіч:
— Ёсць ініцыятыва, якую і я падтрымліваю, каб мы
прадстаўлялі не толькі пазіцыю сваю і сваіх арганізацый ці партый, але і іншых буйных структур, сябры якіх не будуць удзельнічаць у Еўранэсце. Спадзяюся, што перад пасяджэннем Асамблеі мы збяромся
тут і выпрацуем агульную пазіцыю і прапановы.
Я разглядаю Еўранэст і наш удзел у ім як магчымасць атрымліваць інфармацыю як мінімум, і як максімум — кантраляваць праграмы супрацоўніцтва паміж ЕС і беларускім урадам. Каб гэтыя праграмы і
сродкі максімальна скіроўваліся ў тыя сферы, дзе яны могуць прынесці карысць простым беларусам, а не чыноўнікам.