Размежаваць інтарэсы

Аляксандр Лукашэнка пасля размовы са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Зянонам Ломацем даручыў Савету міністраў распрацаваць праекты пунктаў пропуску на расійска-беларускай мяжы. Гэтыя захады прымаюцца для таго, каб усходняя мяжа адпавядала міжнародным стандартам. «Калі на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы пункты пропуску адпавядаюць міжнародным стандартам, то на мяжы з Расіяй сітуацыя патрабуе прыняцця неадкладных мер», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка пасля размовы са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Зянонам Ломацем даручыў Савету міністраў распрацаваць праекты пунктаў пропуску на расійска-беларускай мяжы. Гэтыя захады прымаюцца для таго, каб усходняя мяжа адпавядала міжнародным стандартам. «Калі на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы пункты пропуску адпавядаюць міжнародным стандартам, то на мяжы з Расіяй сітуацыя патрабуе прыняцця неадкладных мер», — паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Пакуль што размова ідзе пра ўпарадкаванне інфраструктуры. На мяжы плануюць пабудаваць гатэлі, рэстараны, абсталяваць пункты абмену валюты. Уводзіць памежны кантроль на ўнутранай мяжы Саюзнай дзяржавы пакуль не збіраюцца. Начальнік прэс-цэнтра Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Аляксандр Цішчанка патлумачыў, што «кіраўнік дзяржавы праінфармаваны пра сітуацыю на пунктах пропуску на беларуска-расійскай мяжы. Калі на знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы пункты пропуску адпавядаюць міжнародным стандартам, то на мяжы з Расіяй сітуацыя патрабуе прыняцця неадкладных мер. Савету міністраў даручана распрацаваць тыповыя праекты абсталявання пунктаў пропуску на беларуска-расійскай мяжы».
У пунктах пропуску будуць створаныя ўмовы для выканання мытных, страхавых задач, правядзення транспартнага і фітасанітарнага кантролю. Для гэтага, а таксама для зручнасці грамадзян, якія перасякаюць мяжу, патрабуецца адпаведная інфраструктура, зазначыў прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта. «Задачы па ажыццяўленні памежнага кантролю не ставяцца», — цытуе БелаПАН словы Цішчанкі.
Цікава, што рашэнне арганізаваць пункты пропуску на мяжы з Расіяй з’явілася пасля таго, як Расія адмовіла Беларусі ў крэдыце на сто мільярдаў рублёў, якія меркавалася пусціць на ўзаемаразлікі ў расійскіх рублях. А на пачатку красавіка разгарэўся скандал з выключэннем з сеткі вяшчання шэрагу расійскіх тэлеканалаў.
Акрамя таго, падчас паездкі па Гомельскай вобласьці Лукашэнка досыць рэзка выказаўся на адрас Расіі з нагоды невыканання дамоўленасцяў, якія датычыліся скасавання абмежаванняў ва ўзаемным гандлі. І калі Расія не хоча гандлёвых кантактаў са сваёй заходняй суседкай, то апошняя павінна шукаць іншыя рынкі збыту. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Расія паводзіць сябе несумленна і парушае дамоўленасці, патрабуючы больш грошай за газ. Паводле слоў Лукашэнкі, Расія ідзе на пэўны эканамічны шантаж: гандлёвыя палёгкі ўзамен на ўласнасць у Беларусі. Але ў цяперашніх умовах ніхто нічога прадаваць не будзе. “Трэба паціху дывэрсіфікаваць экспарт і выходзіць на іншыя рынкі», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
Палітолаг Віталь Сіліцкі лічыць, што загад арганізаваць пункты пропуску на беларуска-расійскай мяжы «хутчэй імпульсіўная заява, чым рэальны крок». «Магчыма, Лукашэнка вырашыў папужаць такім чынам Расію. Толькі практыка можа паказаць, як гэта ўсё будзе рэалізоўвацца, — падкрэслівае эксперт. — Расія цяпер моцна прэсінгуе Лукашэнку за «Усходняе партнёрства», за адмову прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, за тое, што пачынае разварочваць свае лыжы на Захад. Для Лукашэнкі ж гэта звыклая тактыка шантажу, спроба падняць стаўкі. Я б назваў гэта прымусам да спонсарства. Сама па сабе мяжа ў трохстах кіламетрах ад Масквы вельмі знакавая для Расіі — як для палітыкаў, так і для грамадзян. І гэта моцна б’е па псіхіцы».
Разам з тым палітолаг лічыць, што для Беларусі наяўнасць выразна акрэсленых знешніх межаў — неабходны і нармальны складнік для здабыцця незалежнасці.
Кантроль на мяжы паміж дзвюма дзяржавамі не ажыццяўляецца з 1996 года. У 1995 годзе Беларусь і Расія падпісалі Дамову аб сумесных дзеяннях па ахове беларускай дзяржаўнай мяжы. У адпаведнасці з ім Беларусь узяла на сябе абавязальніцтвы забяспечваць інтарэсы Расіі на сваёй дзяржаўнай мяжы з Польшчай, Латвіяй, Літвой і Украінай, а Расія — ахоўваць свой участак знешняй мяжы Саюзнай дзяржавы.