Расія перакінула ў Беларусь комплексы СПА «Панцыр-С»

Расія працягвае перадыслакацыю воінскіх падраздзяленняў на тэрыторыю Беларусі ў рамках праверкі сіл рэагавання Саюзнай дзяржавы. Гэтым разам у нашу краіну прыбылі расійскія комплексы СПА «Панцыр-С». Іх перакінулі з Усходняй ваеннай акругі Расіі.

Расійскае СПА ў Беларусі

Расійскае СПА ў Беларусі


«Па завяршэнні разгрузкі асабісты склад зробіць марш на штатнай тэхніцы ў зададзеныя раёны, дзе выканае комплекс мерапрыемстваў па інжынерным абсталяванні пазіцый, правядзе тэхнічнае абслугоўванне тэхнікі і заступіць на навучальнае баявое дзяжурства па супрацьпаветранай абароне ў складзе адзінай рэгіянальнай сістэмы СПА Беларусі і Расіі», — паведамляе прэс-служба Мінабароны Расіі.
Нагадаем, праверка пройдзе ў два этапы. Да 9 лютага будзе выканана перадыслакацыя і стварэнне ў самыя кароткія тэрміны расійскіх груповак войскаў на тэрыторыі Беларусі. У ходзе другога этапу праверкі з 10 па 20 лютага будзе праведзена сумеснае вучэнне «Саюзная рашучасць — 2022».