Праз 15 гадоў. Сям'я Захаранкі супраць Рэспублікі Беларусь
Напярэдадні 15-годдзя з дня гвалтоўнага выкрадання экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрыя Захаранкі ў Камітэт па правах чалавека (КПЧ) ААН накіраванае індывідуальнае паведамленне Ульяны і Алены Захаранкі. Індывідуальнае паведамленне ў КПЧ ААН ад імя сям'і Ю. Захаранкі супраць Беларусі падрыхтавана юрыстамі «Беларускага дакументацыйнага цэнтра». Інтарэсы сям'і Захаранкі ў КПЧ прадстаўляе яго кіраўнік — Раіса Міхайлоўская.
Маці Юрыя Захаранкі Ульяна Захаранка
У скарзе абгрунтоўваецца цэлы шэраг парушаных Рэспублікай Беларусь агульнапрызнаных міжнародных стандартаў пры расследаванні крымінальнай справы па факце знікнення 7 мая 1999 года экс-міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Ю. Захаранкі: права на жыццё, права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, права не быць падвергнутым катаванням і іншым жорсткім, зневажальныму годнасць абыходжаннем і права пазбаўленага волі на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, права не быць падвергнутым дыскрымінацыі па палітычных матывах. Ульяна і Алена Захаранка як блізкія члены сям'і таксама з'яўляюцца ахвярамі парушэння правоў, прадугледжаных Пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, паколькі ў выніку гвалтоўнага знікнення іх сына і бацькі і неправядзення дзяржавай добрасумленнага расследавання гэтага злачынства яны на працягу 15 гадоў адчуваюць велізарны эмацыйны стрэс і маральныя пакуты.
Сям'я Юрыя Захаранкі просіць Камітэт па правах чалавека не толькі прызнаць парушэнні з боку Рэспублікі Беларусь правоў Ю. Захаранкі, прадугледжаных артыкуламі 6, 7, 9, 10, 26 у сукупнасці з ч.1 арт. 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, і правоў У. Захаранкі і Е. Захаранкі, прадугледжаных арт. 7 Пакта, але і рэкамендаваць Рэспубліцы Беларусь ліквідаваць наступствы дапушчаных парушэнняў і даць эфектыўныя сродкі прававой абароны: хутка і эфектыўна ажыццявіць крымінальны пераслед і пакаранне асоб, якія падазраюцца ў знікненні Юрыя Захаранкі; ідэнтыфікаваць і паказаць месца пахавання Ю. Захаранкі; прадставіць належную грашовую кампенсацыю.
Адзначым, што гэтая скарга з'яўляецца другім зваротам у Камітэт па правах чалавека ААН. У 2011 годзе прадстаўнік сям'і Захаранкі Алег Волчак падаў петыцыю ў Рабочую групу па гвалтоўных і нядобраахвотных знікненнях пры Вярхоўным камісары па правах чалавека ААН. Рабочая група атрымала тры паведамленні ад урада ў перыяд са студзеня па кастрычнік 2012 года. Яна прыйшла да высновы, што прадстаўленай інфармацыі недастаткова для высвятлення справы і звярнулася да ўрада Рэспублікі Беларусь з просьбай аб наведванні краіны, аднак адказу ад урада не было атрымана. Да цяперашняга часу Рабочай групай не прынята ніякага рашэння, справа знаходзіцца ў стадыі назірання.
17 верасня 2014 г. мінае 15-гадовы тэрмін даўніны па справе Ю. Захаранкі, што дазволіць уладам спыніць вытворчасць па справе ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці.