Польшча прыняла 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі з 2020 года

Такую інфармацыю агучыў кіраўнік польскага МУС Марыюш Каміньскі на міжнароднай канферэнцыі «Кіраванне межаў» у Вільні, піша Wpolityce.pl.

Кіраўнік польскага МУС Марыюш Каміньскі

Кіраўнік польскага МУС Марыюш Каміньскі


«Постсавецкім рэжымам Лукашэнкі рухала жаданне адпомсціць Польшчы, Літве і Латвіі за падтрымку, якую мы аказваем беларускай апазіцыі, клапоцячыся пра палітычных уцекачоў. Толькі ў Польшчы пасля 2020 года, калі пасля фальсіфікаваных выбараў пачаліся масавыя грамадскія пратэсты і рэпрэсіі, мы прынялі блізу 15 тысяч палітычных уцекачоў з Беларусі», — сказаў міністр.
«Дыктатар хацеў дэстабілізаваць сітуацыю ў нашых краінах, але на самай справе яго мэты былі больш далёкімі. Мабыць, ён успомніў 2015 год і дзясяткі тысяч мігрантаў, а не бежанцаў, якія штурмавалі нашы межы, што павінна было стаць пачаткам. Калі б яны прайшлі, мы б мелі справу з сотнямі тысяч. Яго мэта была зразумелая: ён хацеў міжнароднага прызнання свайго незаконнага прэзідэнцтва, ён хацеў пачаць перамовы з Еўрапейскім саюзам і зняць санкцыі», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, Мінск хацеў дамагчыся гэтага шляхам шантажу, выкарыстоўваючы мігрантаў, якіх завабліваў у Беларусь.
«Гэта было яго мэтай, і гэта было магчыма. Дзякуючы рашучым дзеянням урадаў Літвы, Латвіі і Польшчы гэтага не адбылося, і Лукашэнка не дасягнуў сваіх мэтаў. Аднак мы павінны атрымаць з гэтага ўрок: міграцыйная палітыка ЕС не можа быць наіўнай і інфантыльнай, таму што мы маем справу з жорсткімі гульцамі, якія будуць выкарыстоўваць любую слабасць у сваіх мэтах», — сказаў ён.
Пры гэтым ён падкрэсліў фундаментальную розніцу паміж мігрантамі і бежанцамі.
«Польшча ніколі не адмовіцца прыняць бежанца — чалавека, які вымушаны пакінуць сваю краіну па палітычных прычынах, баючыся за сваё здароўе і жыццё», — запэўніў кіраўнік МУС.
Паводле reform.by.