Мітынг у падтрымку беларускіх журналістаў і незалежных прафсаюзаў прайшоў у Нью-Ёрку
У суботу 11-га жніўня беларусы Нью-Ёрку і суседніх штатаў Пенсыльвэніі і Нью-Джэрсі сабраліся на Юніан Сквер у Нью-Ёрку, каб выказаць сваю падтрымку беларускім незалежным журналістам, пацярпелым ад ператрусаў і затрыманняў на мінулым тыдні.
Нягледзячы на тое, што інфармацыя пра пераслед свабоды слова і наступ на незалежныя медыя ў Беларусі ўжо хутка распаўсюдзілася праз буйныя Еўрапейскія і Амэрыканскія сродкі інфармацыі, акцыя з чырвона-бел-чырвонымі сцягамі і плакатамі ў цэнтры Нью-Ёрку безумоўна прыцягнула да сябе ўвагу: мінакі прыпыняліся, каб пачытаць плакаты і разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца. Некаторыя ўпершыню даведваліся пра Беларусь, вось толькі казаць ім пра новы 30-дзённы бязвіз для замежных турыстаў здавалася недарэчным.
На заканчэнне мітынгу прысутныя праспявалі беларускі гімн «Магутны Божа» на словы Наталлі Арсенневай ды іншыя беларускія патрыятычныя песні ўключна з «Грай» Ляпісаў.
Мітынг арганізавалі Беларуска-Амэрыканскае Згуртаванне «Пагоня» і актывісты групы ў фэйсбуку «Беларусы ў ЗША. Разам лягчэй».