«Нашы хлопцы вярнуліся дадому»
У ЗША прыйшлі першыя труны з жаўнерамі ЗША, якія былі пахаваныя на тэрыторыі сучаснай КНДР падчас карэйскай вайны 1950–1953 гадоў.
Жнівень лічыцца часам адпачынку, аднак гэтая ўстаноўка не тычыцца Дональда Трампа. Гаспадар Белага Дому сёння ездзіць па штатах, каб падтрымаць кандыдатаў-рэспубліканцаў на восеньскіх парламенцкіх выбарах. Ад іх вынікаў залежыць лёс самога Трампа. Калі большасць у Кангрэсе атрымаюць дэмакраты, пытанне імпічменту прэзідэнта амаль непазбежнае.
Каб пераканаць галасаваць за рэспубліканцаў, падчас выбарчых мітынгаў Трамп, натуральна, агучвае поспехі працы сваёй адміністрацыі — эканамічны рост і, адпаведна, скарачэнне беспрацоўя, прызнанне Іерусаліма сталіцай Ізраіля і гэтак далей. Не абыходзяцца прамовы Трампа і без фразы: «Нашы хлопцы вярнуліся дадому», якую натоўп сустракае каскадам апладысментаў. Размова пра першую партыю парэшткаў амерыканскіх жаўнераў, якія былі забітыя ў час вайны ў Карэі і вярнуліся на Радзіму.
Паводле розных падлікаў, у КНДР пахавана каля 5 тысяч амерыканцаў. Галоўным чынам гэта ўдзельнікі славутай бітвы каля вадасховішча Чосін. Праўда, пацярпелі амерыканцы тады не ад карэйскіх камуністаў, а іх кітайскіх, якія прыйшлі на дапамогу Кім Ір Сену. Напрыканцы лістапада 1950 года кітайская армія ўступіла на карэйскі фронт, дзе поўная ініцыятыва на той час належала войскам ААН (кааліцыі заходніх дзяржаў). Кітайцы, разгарнуўшы маштабны наступ, цалкам змянілі сітуацыю на вайсковым тэатры. У прыватнасці, на ўсходнім узбярэжжы Карэі ў раёне вадасховішча Чосін корпус войскаў ААН, што складаўся з брытанцаў і амерыканцаў, быў акружаны і адрэзаны ад тылу.
У вельмі складаных зімовых умовах, калі тэмпература даходзіла да мінус 40 градусаў, амерыканскія фармаванні здолелі прарваць кола і эвакуявацца па моры. Тая баталія, як лічаць гісторыкі, па сутнасці вырашыла лёс агульнага супрацьстаяння. Абодва бакі зразумелі, што канчатковай перамогі не будзе, і маральна пачалі рыхтавацца да будучых мірных перамоў.
Так ці інакш, бітва пры вадасховішчы Чосін лічыцца адной з найбольш славутых старонак у гісторыі марской пяхоты ЗША. Ужо праз два гады пасля той баталіі Галівуд зняў фільм «Retreat, Hell!», прысвечаны славутаму прарыву. Праўда, ёсць і негатыўны бок — вялікая колькасць ахвяраў у шэрагах марпехаў. ЗША страцілі ў тых баях каля 2500 чалавек (праўда, колькасць забітых кітайцаў ацэньваецца ўвогуле ў фантастычную лічбу — 25 тысяч). Паколькі амерыканцы адступілі, пытанне пахавання давялося вырашаць уладам КНДР. Калі верыць прэсе, рабілі гэта вельмі проста — кідаючы трупы ў агульную яму.
Улады КНДР, натуральна, нават у думках не дапускалі перапахавання нябожчыкаў-амерыканцаў на радзіме. Што ўжо казаць пра візіт нейкага грамадзяніна ЗША на магілу роднага. Толькі адзін раз, у 2005 годзе, нейкую паўднёвакарэйскую групу валанцёраў дапусцілі на месца пахавання амерыканцаў. Аднак Пхеньян зноў пасварыўся з Захадам, і місія скончылася.
Лёд зрушыўся толькі ў гэтым годзе, калі падчас чэрвеньскага саміту Дональд Трамп і Кім Чэн Ын дамовіліся пра рэпатрыяцыю парэшткаў амерыканцаў. Гістарычная падзея адбылася нядаўна на Гаваях. Сюды з Паўночнай Карэі прыбыла першая партыя парэшткаў амерыканцаў. Сустракаў труны асабіста віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пенс. Удзел Пенса быў сімвалічным, калі ўзгадаць, што яго бацька таксама ваяваў у Карэі. У сваім выступе палітык прывітаў суайчыннікаў, якія нарэшце вярнуліся на радзіму. Ён таксама выказаў надзею, што вяртанне амерыканцаў працягнецца, ствараючы базу для дыялогу з КНДР. Прысутныя на цырымоніі (там было шмат родных забітых у Карэі) не маглі ўстрымацца ад слёз.
Аднак да перапахавання яшчэ далёка. Трэба будзе правесці ідэнтыфікацыю нябожчыкаў. Спецыялісты абяцаюць, што гэта не складзе асаблівай праблемы. На той час кожны жаўнер ужо меў медальён з асабістым нумарам.
Тым не менш, пра хэпі-энд казаць вельмі рана. Па-першае, чым больш Трамп распавядае пра «вяртанне нашых хлопцаў», тым больш будзе спакусы ў Пхеньяна выкарыстаць балючую для амерыканцаў тэму ў сваіх інтарэсах. Вяртаць рэшткі жаўнераў можна вельмі доўга — як бы здымаючы пры гэтым пытанне атамнай праграмы КНДР.
Па-другое, вяртанне парэшткаў жаўнераў можа стаць пралогам да выбуху сапраўднай інфармацыйнай бомбы. Паўстае пытанне: калі ў КНДР засталіся трупы амерыканцаў, то, напэўна, былі і тыя, хто трапіў у палон. У 1996 годзе «The New York Times» апублікаваў сакрэтныя дакументы Мінабароны 1950-х гадоў. Калі верыць ім, каля 900 амерыканцаў сядзелі на той час у турмах Паўночнай Карэі. Пры гэтым Вашынгтон нічога не рабіў для іх вызвалення. Пентагон імкліва абверг публікацыю, аднак сумневы ў грамадскасці засталіся.