Што перашкаджае дамове аб узаемным прызнанні віз?
«Пэўныя складанасці» ў працы над праектам беларуска-расійскага міжурадавага пагаднення аб узаемным прызнанні візаў «абумоўленыя не адсутнасцю палітычнай волі з таго ці іншага боку, а вялікай колькасцю тэхнічных нюансаў», піша svaboda.org.
Пра гэта гаворыцца ў адказе Міністэрства замежных спраў Расіі на запыт Свабоды пракамэнтаваць увядзенне Беларуссю 30-дзённага бязвізу для замежнікаў.
«Трэба мець на ўвазе, што рэжымы ўезду ў Расію і Беларусь для грамадзян значнай колькасці замежных дзяржаў не супадаюць. Расія, да прыкладу, заключыла больш пагадненняў аб бязвізавых паездках. Неабходна таксама адпрацаваць парадак інфармацыйнага абмену паміж кампетэнтнымі ведамствамі нашых краін», — гаворыцца ў адказе МЗС Расіі.
Паводле расійскага МЗС, «вялікай падмогай» у працы над дакументам стала падпісанае ў траўні міжурадавае пагадненне аб уездзе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартовыя мерапрыемствы.
Яно дазволіла замежнікам, якія мелі пашпарт заўзятара, праехаць без візы праз Беларусь і расейска-беларускую мяжу на чэмпіянат свету па футболе. Расія аналагічна паспрыяе беларускаму боку падчас Другіх Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе.
Паводле расійскага МЗС, праца над праектам пагаднення аб узаемным прызнанні візаў ідзе згодна з планам мерапрыемстваў па фармаванні адзінай міграцыйнай прасторы, прынятым у чэрвені 2017 году.
Ужо праведзена некалькі раундаў кансультацый, чарговыя расейскі бок разлічвае правесці сёлетняй восенню.
Начальнік дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун сказаў 1 чэрвеня, што Беларусь і Расія плануюць у верасні працягнуць кансультацыі адносна пагаднення аб узаемным прызнанні візаў.
Паводле Бегуна, «пагадненне не адкладзена на далёкую паліцу, праца над ім па-ранейшаму ідзе». Застаецца яшчэ шэраг пытанняў, якія патрабуюць дадатковага ўзгаднення і рэгламентацыі з абодвух бакоў, паведамляе БелТА.
Раней расійскі лагістычны сайт Logirus паведаміў, што з 1 жніўня спыняецца пропуск грамадзян трэціх краін праз мяжу Расеі з Беларуссю.
Супрацоўнікі расійскай памежнай службы пры перасячэнні расейска-беларускай мяжы папярэджвалі кіроўцаў пра новыя правілы ўезду з 1 жніўня гэтага году. Пра гэта Свабодзе сказаў прадстаўнік расійскай Асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавозчыкаў Яўген Анціпаў.
Аднак 1 жніўня, як казалі кіроўцы на беларуска-расейскай мяжы, забарона дзейнічала толькі дзве гадзіны.
«Потым прыйшоў факс, і яе адмянілі», — сказаў кіроўца.