Мацукевіч: Рэжым скраў у Беларусі месца ў СБ ААН

Старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» і былы дыпламат Павел Мацукевіч у сваім блогу «Пульс Леніна-19» аналізуе, што здарылася на выбарах у Савет Бяспекі ААН і ці ёсць яшчэ ў Беларусі шанц туды трапіць.

_belarus_minsk_horad_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__4__logo.jpg


Беларусь зноў прайграла на выбарах членаў Савета Бяспекі ААН.

Зноў — таму што гэта не першая спроба Мінска апынуцца за самым важным і галоўным у свеце сталом, але самая працяглая і, здавалася б, бяспройгрышная. Заяўка была пададзеная паўтара дзясятка гадоў таму, і аж да 2020 года поспех здаваўся гарантаваным, але рэжым усё сапсаваў. Хоць яго прадстаўнікі таўруюць і вінавацяць ва ўсім Славенію і Захад.

Савет Бяспекі — адна з ключавых структур ААН, якая адказвае за падтрыманне міжнароднага міру і бяспекі. У яе ўваходзяць 15 дзяржаў: 5 — на правах пастаянных членаў (Расія, Кітай, Вялікабрытанія, ЗША, Францыя), 10 — на правах непастаянных.

Непастаянныя абіраюцца Генеральнай Асамблеяй ААН на двухгадовы тэрмін па геаграфічным прынцыпе: 5 — ад краін Азіі і Афрыкі, 2 — ад Лацінскай Амерыкі, 2 — ад Заходняй Еўропы, 1 — ад Усходняй Еўропы. Пры гэтым ратацыя адбываецца кожны год: змяняецца пяцёрка непастаянных. Галасаванне адбываецца таемна, кандыдатура павінна набраць дзве траціны галасоў з прыкладна 190 галасуючых дзяржаў.


Аказацца ў ліку непастаянных членаў СБ ААН ганарова. Больш за 50 дзяржаў-членаў ААН яшчэ ніколі не былі членамі Савета бяспекі, у тым ліку і незалежная Беларусь. Праўда, такая ўдача ўсміхалася БССР: Савецкая Беларусь перамагла на выбарах 1973 года і была непастаянным членам СБ ААН на працягу 1974 і 1975 гадоў, але тое гісторыя і поспехі савецкай дыпламатыі даўно мінулых дзён.

З 2007 года па снежань 2021-га Беларусь была адзінай дзяржавай ад усходнееўрапейскай групы, якая прэтэндавала на месца ў Савеце Бяспекі на 2024-2025 гады, пакуль канкурэнцыю не склала Славенія. У яе вылучэнні ўвасобілася нежаданне цывілізаванага свету бачыць у СБ ААН дыктатарскую Беларусь, якая пазней стане яшчэ і саўдзельніцай расійскай агрэсіі супраць Украіны.

Заканамерна, што па выніках выбараў, якія адбыліся 6 чэрвеня, галасы краін-удзельніц Генеральнай Асамблеі ААН падзяліліся не на карысць Беларусі, а на карысць Славеніі (153:38).

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў як прадстаўнік дзяржавы самых сумленных і справядлівых выбараў (ха-ха), каментуючы вынікі галасавання ў Генасамблеі ААН, не хаваў расчаравання яго вынікамі і заявіў, што на краіны аказваўся ціск.

«Якая агіднасць!» —  падумае чытач «Белты», але Валянцін Рыбакоў, дарэчы, адзін з самых дасведчаных і крутых дыпламатаў у сённяшнім МЗС (тут без іроніі), не дазваляе раззлавацца на свет ці ўпасці ў адчай. Цытую пастаяннага прадстаўніка: «Я лічу, што той шлях, які мы прайшлі, вельмі карысны. Гэта адзін з рэдкіх выпадкаў, калі працэс не менш важны, чым вынік. Мы правялі велізарную колькасць сустрэч з прадстаўнікамі розных краін, падчас якіх нам удалося давесці праўдзівую інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі, пра наша стаўленне да рэгіянальных і глабальных праблем».


Давядзенне «праўдзівай інфармацыі» было каньком савецкіх папярэднікаў Рыбакова на пасадзе пастаянных прадстаўнікоў пакуль Берлінская сцяна не павалілася і локшына не ўскрылася. Ускрыецца і ўся гэтая.

Лідарка дэмсіл у выгнанні Святлана Ціханоўская цалкам справядліва расцаніла вынікі галасавання Генасамблеі як рашучае «не» рэжыму Лукашэнкі на выбарах у Савет бяспекі ААН. З гэтым можна пагадзіцца. Выклікае некаторыя сумневы іншая думка Ціханоўскай пра тое, што Беларусь абавязкова будзе абраная ў Савет бяспекі ААН — калі мы вызвалім яе ад дыктатуры, няпрошанай вайсковай прысутнасці і залежнасці ад чужых інтарэсаў і пабудуем дэмакратычную краіну.

У тым жа і праблема цяперашняга невыбрання Беларусі ў Савет Бяспекі, што так удала сыходзіліся зоркі, што перамога была практычна ў руках, а ў будучыні няма аніякай гарантыі, што зоркі паўтораць шчаслівую камбінацыю.

Папярэдняя спроба трапіць у Савет бяспекі рабілася ў 2001 годзе, і тады Беларусь прайграла Балгарыі з лікам 53:120. Але яе можна не браць у разлік, таксама спісаўшы на фактар Лукашэнкі, — тое галасаванне адбывалася ў кастрычніку, а напярэдадні ў верасні ў Беларусі якраз прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія не былі прызнаныя сусветнай супольнасцю праз шматлікія парушэнні.


Самая першая спроба выбрацца ў Савет Бяспекі ААН была прадпрынятая ў 1993 годзе. Тады яшчэ не было Лукашэнкі, кіруючы рэжым быў зусім іншым і прынцыпова іншымі — спрыяльнымі былі знешнепалітычныя ўмовы для Беларусі.

Паводле ўспамінаў тагачаснага міністра замежных спраў Пятра Краўчанкі (кніга «Беларусь на ростанях, або Праўда пра Белавежскае пагадненне»), козырам было тое, што Беларусь першай, абсалютна добраахвотна, без папярэдніх умоў адмовілася ад ядзернай зброі. Была надзея на заахвочванне такога выдатнага ўчынку. Акрамя гэтага, якраз ва ўсходнееўрапейскай групе падыходзіла беларуская чарга, вылучэнне павінна было стаць фармальнасцю і прайсці без эксцэсаў, але не.

За месца ў Савеце Бяспекі захацела пазмагацца Чэхія, і, нягледзячы на ўсе дыпламатычныя намаганні Мінска, не абмежаванага тады ў кантактах з заходнімі краінамі, і прыхільнасць апошніх да Беларусі, на выбарах у Савет бяспекі ААН перамагла Прага.

Гэтая гісторыя цалкам можа паўтарыцца і ў будучыні з новай дэмакратычнай Беларуссю, калі такая будзе. Рэжым скраў у Беларусі практычна гарантаванае месца ў Савеце бяспекі ААН, на якім наша краіна магла б палепшыць свой міжнародны імідж, адыграць канструктыўную і карысную для міру і бяспекі ролю, а не тую, якую адыгрывае цяпер і за якую аказалася зусім непажаданай у Савеце бяспекі.