«Упершыню з пачатку крызісу ўсе краіны свету змаглі выказаць сваё стаўленне да незаконнага рэжыму»
Беларусь не атрымае месца непастаяннага члена Савета Бяспекі ААН у 2024-2025 гадах, якога яна чакала з 2007 года. Замест яе 153 краіны прагаласавалі за Славенію, якая прэтэндавала на нясталае сяброўства ў Савеце Бяспекі ў 2042-2043 гадах, але па зразумелых прычынах падала заяўку ў снежні 2021 года.
За Беларусь было аддадзена ўсяго 38 галасоў.
Беларусь падала заяўку на месца непастаяннага члена ў 2007 годзе, і да снежня 2021 года заставалася адзіным кандыдатам.
Сталы прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў сцвярджае, што на краіны аказваўся ціск не галасаваць за Беларусь.
«Мы расчараваныя вынікамі выбараў. Уся наша перадвыбарчая кампанія адбывалася ў надзвычай складаных умовах, пад вельмі вялікім ціскам з боку калектыўнага Захаду. Мы абсалютна дакладна ведаем факты прымусу да галасавання за Славенію. Канкрэтнай краіне гаварылася: калі вы прагаласуеце за Беларусь, мы цалкам адрэжам фінансаванне на праекты развіцця, па лініі тэхнічнай дапамогі і гэтак далей», — цытуюць Рыбакова дзяржСМІ.
Ён не назваў канкрэтныя краіны, на якія аказваўся ціск. Таксама Рыбакоў паскардзіўся, што Беларусь актыўна ўгаворвалі на любым з этапаў зняць сваю кандыдатуру на карысць Славеніі.
Адрозная пазіцыя ў Святланы Ціханоўскай. «Сёння Генасамблея ААН сказала рашучае “не” рэжыму Лукашэнкі на выбарах у Савет Бяспекі ААН. Толькі 38 краін аддалі яму свае галасы, а Славенія атрымала пераканаўчыя 153 галасы. Упершыню з пачатку крызісу пасля выбараў 2020 года ўсе краіны свету змаглі выказаць сваё стаўленне да незаконнага рэжыму. 153 дзяржавы прагаласавалі супраць дыктатуры і беззаконня ў Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
На яе думку, галасаваннем міжнародная супольнасць дала ацэнку дзеянням беларускага рэжыму.
«Гэта ацэнка міжнароднай супольнасці таму, як рэжым Лукашэнкі парушае правы чалавека, міжнароднае права, пачынае ўзброеную агрэсію супраць Украіны і размяшчае замежную ядзерную зброю на тэрыторыі нашай краіны. Наступствы гэтых дзеянняў адчуваюць на сабе беларусы, нашы суседзі, у гэтага ёсць згубны эфект і для глабальных інтарэсаў. Гэта ацэнка здольнасці рэжыму Лукашэнкі быць адказным міжнародным партнёрам для іншых краін свету — і яна нездавальняючая», — лічыць Ціханоўская.