«Неабходна спыніць беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій». Эксперты ААН заклікалі вызваліць палітвязняў
Эксперты ААН зноў заклікалі вызваліць палітвязняў у Беларусі і абараніць іх правы. Заява апублікавана на сайце Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.
У заяве адзначаецца, што ў 2023 годзе ў Беларусі пашырылася практыка ўтрымання пад вартай без сувязі са знешнім светам палітычных дзеячаў, асуджаных да доўгіх тэрмінаў пазбаўлення волі.
«Нягледзячы на тое, што беларускія турмы сумна вядомыя нездавальняючымі ўмовамі ўтрымання, арганізацыі грамадзянскай супольнасці працягваюць дакументаваць сістэматычнае дыскрымінацыйнае змяшчэнне асоб, затрыманых па палітычных матывах, у яшчэ больш суровыя ўмовы, чым для звычайных зняволеных», — гаворыцца ў заяве.
Эксперты адзначаюць, што гэта практыка носіць сістэмны характар. Яны падкрэсліваюць, што суровыя ўмовы ўтрымання пад вартай негатыўна адбіваюцца на здароўі палітвязняў.
«Затрыманне без сувязі са знешнім светам — з рызыкай гвалтоўнага знікнення — сведчыць аб стратэгіі пакарання палітычных апанентаў і ўтойвання доказаў жорсткага абыходжання з імі і катаванняў з боку праваахоўных органаў і турэмных улад», — гаворыцца ў заяве.
«Неабходна спыніць беспрэцэдэнтны ўзровень рэпрэсій. Міжнародная супольнасць павінна запатрабаваць, каб Беларусь выканала свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, каб забяспечыць ісціну, справядлівасць і пакрыццё шкоды ахвярам парушэнняў правоў чалавека», — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Заява падпісана Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын, а таксама іншымі спецыяльным дакладчыкамі, упаўнаважанымі ААН, членамі рабочых груп пры Упраўленні Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.