Міхаіл Пашкевіч — новы старшыня «Маладых дэмакратаў»

Новым старшынёй моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» на безальтэрнатыўнай аснове абраны Міхаіл Пашкевіч.

(На фота: Міхаіл Пашкевіч. Фота Ю. Дзядзінкіна)



cfa0860e83a4c3a763a7e62d825349f7.jpg

Новым старшынёй моладзевай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» на безальтэрнатыўнай аснове абраны Міхаіл Пашкевіч.
(На фота: Міхаіл Пашкевіч. Фота Ю. Дзядзінкіна)

Такое рашэнне прыняла большасць дэлегатаў (38 з 44-х) з усіх абласцей краіны (акрамя Віцебскай і Магілёўскай, дзе арганізацыйныя структуры пакуль не сфарміраваліся) другой справаздачна-выбарчай канферэнцыі арганізацыі. Іншыя кандыдаты на старшынства — Аляксандр Сергіенка і Уладзімір Вуяк добраахвотна знялі свае кандыдатуры. Намеснікам старшыні арганізацыі абраны Аляксандр Сергіенка. Міхаіл Пашкевіч апошні год фактычна з’яўляўся негалосным лідэрам «Маладых дэмакратаў». Да яго арганізацыю ўзначальваў Аляксандр Шумкевіч. Ён жа напярэдадні з’езду распаўсюдзіў інфармацыю, што моладзевая арганізацыя АГП спыняе супрацоўніцтва з партыяй. «Моладзевы хрысціянска-сацыяльны саюз» пад кіраўніцтвам Шумкевіча правёў свой альтэрнатыўны з’езд, на якім прысутнічалі 57 чалавек.
Як паведаміў кіраўнік створанай арганізацыі, яе сябрамі цяпер з’яўляюцца менавіта дэлегаты з’езду, але бліжэйшым часам плануюцца паездкі па рэгіёнах з мэтай рэкруцтва. «Мы з’яўляемся самастойнай арганізацыяй, і хочам аб’яднаць моладзь, якая прытрымліваецца правых поглядаў. На прэзідэнцкіх выбарах мы таксама падтрымаем кандыдата ад правых палітычных сілаў», — сказаў Аляксандр. На справаздачна-выбарчую канферэнцыю «Маладых дэмакратаў», каб расказаць пра сваю дзейнасць, Шумкевіч не з’явіўся. Замест яго справаздачу трымаў Міхаіл Пашкевіч.
Новаабраны старшыня сам выступіў з ініцыятывай абмежаваць час знаходжання на пасадзе кіраўніка арганізацыі двума тэрмінамі. На яго думку, гэта мусіць спрыяць развіццю арганізацыі і выхаванню лідэраў. «Я хачу накіраваць працу на выхаванне і развіццё новых маладых лідэраў, — заявіў Міхаіл Пашкевіч. — Праца на сябе мне не цікавая. Але калі мяне нешта не будзе задавальняць, то я пакідаю за сабой права адысці на некаторы час ад палітыкі».
Пад старшынствам Пашкевіча ў асяродку «Маладых дэмакратаў» будуць рыхтавацца палітыкі для Аб’яднанай грамадзянскай партыі, таксама плануецца правесці кампанію па прапагандзе ў грамадстве еўрапейскіх каштоўнасцяў, актывісты будуць прымаць удзел у палітычнай кампаніі на мясцовых выбарах. Бліжэйшым часам арганізацыю чакае своеасаблівы «ўлік» сябраў. «Праблема ў тым, што ў нашым палажэнні было прапісана, што моладзевым дэмакратам з’яўляецца сябра партыі АГП ва ўзросце да 35 год. Цягам месяца мы хочам здзейсніць невялічкую перарэгістрацыю, зрабіць пацверджанне сяброўства менавіта ў моладзевым крыле. Думаю, стандартны паказчык у дзве-тры сотні чалавек па ўсёй краіне мы маем. У будучым гэта дазволіць больш эфектыўна ацэньваць вынікі працы па колькасці сябраў і іх працы», — патлумачыў старшыня матывы «ўліку».

 Аляксандр Шумкевіч. Фота Ю. Дзядзінкіна

Што тычыцца супрацоўніцтва з іншымі моладзевымі структурамі, то Міхаіл Пашкевіч, відавочна, большы прыхільнік аўтаноміі, чым саюзаў. «Мы не хочам рабіць кааліцыі дзеля кааліцыі, — адзначае кіраўнік «Маладых дэмакратаў». — З моладдзю БНФ у нас плённыя ўзаемадачыненні, што тычыцца «Маладога Фронту», то калі б быў Іван Шыла, які цяпер знаходзіцца ў войску, можна было б пра нешта гаварыць. Пакуль я не бачу, з кім можна супрацоўнічаць у гэтай арганізацыі. Цяпер нам важна ўрэгуляваць адносіны з партнёрскімі арганізацыямі замежжа. Моладзевыя структуры партый часта вырастаюць у незалежныя. Тут ставіцца іншая мэта — зрабіць «Маладых дэмакратаў» паўнавартасным якасным крылом АГП».
Заяву Шумкевіча пра выхад арганізацыі з партыі АГП Міхаіл Пашкевіч каментаваць адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што гэта ініцыятыва аднаго чалавека, а не большасці сябраў арганізацыі.
Беларускія моладзевыя арганізацыі праяўляюць устойлівую тэндэнцыю да падзелаў і расколаў. Звычайна заявы аб выхадзе тых ці іншых груповак маюць пад сабой амбітныя планы кіраўнікоў, якія і ствараюць новыя арганізацыі пад сябе, імкнуцца кантраляваць рэсурсную базу. Праўда, вялікай папулярнасці і масавасці яны не набываюць. Выключэнне, колішні выхад “Маладога Фронту са структуры партыі БНФ.
P.S.: У дзень абрання на старшынства арганізацыі «Маладых дэмакратаў» Міхаілу Пашкевічу споўнілася 23 гады. За ўдзел у студзені мінулага года ў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў быў асуджаны да двух гадоў абмежавання волі без накіравання адбыцця пакарання ў спецыяльныя ўстановы (хатняя «хімія»). Навучаўся на гістфаку БДУ, за актыўную грамадзянскую пазіцыю, удзел у акцыях пратэсту юнака адлічылі з універсітэта.