Лукашэнку ў Еўропу не клічуць

Кіраўнік Беларусі гэтымі днямі наведвае краіны так званай «далёкай дугі». Спачатку Лукашэнка наведаў Егіпет, наступным ёсць Судан. А калі ж ён нарэшце паедзе на Захад?

Фота www.belaruspartisan.org

Фота www.belaruspartisan.org


Узгадаць апошнія візіты нязменнага беларускага прэзідэнта ў цывілізаваны свет цяжка. Хіба што за апошнія гады можна назваць травеньскую (2016 год) паездку Лукашэнкі ў Рым і Ватыкан, дзе адбыліся ягоныя сустрэчы з прэзідэнтам Італіі і пантыфікам Францыскам. Італьянскі прэзідэнт выконвае больш прадстаўнічыя функцыі, а фактычна кіруе краінай прэм’ер-міністр, дык вось сустрэчы з Матэа Рэнцы (на той час старшынёй ураду Італіі) у Аляксандра Лукашэнкі не адбылося.

Падаецца, што пасля адмены санкцыяў з боку Еўропы ў беларускага правадыра мусілі б з’явіцца магчымасці больш актыўнай дзейнасці не на шматтысячакіламетровых адлегласцях, але ў больш блізкіх абсягах, маглі актывізавацца кантакты з цывілізаванымі суседзямі, ад якіх плёну магло б быць значна больш, чымся ад экзатычных партнёраў.

Дык чаму Беларусь не карыстаецца паляпшэннем стасункаў з Захадам? Чаму Лукашэнка не едзе да нашых еўрапейскіх суседзяў?

Эканаміст, намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Леў Марголін мяркуе, што, апроч адмены санкцыяў, патрэбны нейкія ўзаемадачыненні, тэмы для размоваў. «Я так разумею, што кіраўнікі заходніх дзяржаваў мусяць зараз вырашаць больш сур’ёзныя пытанні, якія вымагаюць іх непасрэднага ўмяшальніцтва. Верагодна, яны маглі б выдзеліць для Лукашэнкі дзве-тры гадзіны, але для таго, каб ажыццяўляць нейкія сур’ёзныя афіцыйныя візіты, патрэбныя нейкія сур’ёзныя справы. Але такіх важкіх, сур’ёзных справаў няма, — адзначае эксперт. — Прапанаваць Захаду нешта істотнае ў плане эканамічных стасункаў з боку афіцыйнага Мінску няма чаго».

І тут, працягвае суразмоўца, справа нават не ў санкцыях, але ў тым, што зараз ідзе працэс дэіндустрыялізацыі, калі беларуская прамысловасць не можа прапанаваць анічога новага. «А сельская гаспадарка ў еўрапейскіх краінах, скажам так, вельмі абароненая. Прычым абароненая настолькі добра, што, як мы ведаем, у Літве і ў Польшчы кошты на многія тавары меншыя, чым у нас у Беларусі, нягледзячы на тое, што заробкі там больш высокія, — канстатуе эканаміст. — Так што не клічуць туды Лукашэнку, таму ён і не едзе».            

А ці можа сітуацыя ў плане візітаў афіцыйнага беларускага лідара змяніцца ў 2017 годзе? Леў Марголін не выключае, што «магчыма, атрымаецца наскрэсці адзін-два візіты ў Заходнюю Еўропу цягам года».

«І тое наўрад ці. Таму што Еўропа вельмі добра ведае, што ўяўляе з сябе Лукашэнка, і цяпер яна прытрымліваецца пакрокавай стратэгіі: вы палітзняволеных адпусцілі, выбары правялі хоць і непрыгожа, але не брутальна — вось, мы з вас здымаем санкцыі. Цяпер давайце, пакажыце што-небудзь яшчэ. Магчыма, калі будуць нейкія змяненні ў выбарчым заканадаўстве, хаця я вельмі сумняваюся, што яны могуць быць, то, не выключана, што будуць нейкія зрухі. Цяпер мяч на баку Лукашэнкі», — рэзюмуе эканаміст.

Дарэчы, таваразварот з Суданам у Беларусі складае зараз каля 40 мільёнаў долараў на год, прычым, па дадзеных беларускай амбасады ў гэтай краіне, ён выпадае выключна на беларускі экспарт. Таму, як лічыць Марголін, шукаць нешта цікавае ў гэтай сумнеўнай у геапалітычным плане дзяржаве, рэжым якой не прызнаюць ў многіх краінах цывілізаванага свету, не мае сэнсу. Да таго ж, перакананы суразмоўца, не справа кіраўніка дзяржавы ехаць праз многія тысячы кіламетраў дзеля вырашэння адносна дробных пытанняў, з якімі могуць справіцца менш высокапастаўленыя чыноўнікі. «40 мільёнаў долараў тавараабароту за год — не ўзровень кіраўніка дзяржавы», — падкрэсліў эксперт.