Лукашэнка: Такую сітуацыю людзі цярпець не будуць, і яны маюць рацыю

У дзяржавы няма іншага выйсця, акрамя як забяспечыць у гэтым годзе сярэдні заробак у тысячу рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

darmaediakcia__1_of_1__4_logo_1.jpg

Фрагменты размовы кіраўніка дзяржавы з работнікамі ААТ "Рэчыцадрэў" былі паказаныя па тэлеканале  ОНТ.
"Гэты год у нас вырашальны, — падкрэсліў Лукашэнка. — Калі шчыра казаць, нас проста прыперлі да сценкі. Няма чым будзе тлумачыць. Тую заработную плату ў тысячу рублёў, якая вызначаная, — у нас выйсця проста іншага няма. Калі мы яе дапаможам людзям зарабіць, усё: тады няхай шумяць, ходзяць, крычаць. Тады ўжо яны павінны варушыцца. Але гэты мінімум мы павінны дапамагчы зарабіць".
"У наступным годзе такую сітуацыю ў краіне людзі цярпець не будуць, і яны маюць рацыю", — дадаў Лукашэнка.
Ён таксама закрануў тэму беспрацоўя і нашумелага дэкрэта № 3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства".
У прыватнасці, перадае прэс-служба кіраўніка дзяржавы, кажучы аб працаўладкаванні беспрацоўных у Рэчыцы, якіх, паводле афіцыйных звестак, налічваецца некалькі сотняў (менш за 1% ад працаздольных грамадзян), Лукашэнка заявіў: "Але і ім трэба прапанаваць працу па кваліфікацыі. Шмат хто хоча працаваць, вялікія грошы мець, а ў школе нават двойкі не атрымлівалі. Жыццё змянілася. Вы можаце крытыкаваць мяне як заўгодна. Будуць у вас іншыя прэзідэнты, і, калі яны захочуць ўтрымаць краіну, будуць праводзіць такую ж палітыку. Не можам мы сабе дазволіць, калі у краіне 350 тысяч, як яны называюць сябе, "дармаедаў", нічога не робяць. Гэта хіба нармальна?"
На думку Лукашэнкі, сярод такіх людзей шмат патэнцыйных правапарушальнікаў, якія гатовыя пайсці на злачынства, каб здабыць сродкі на пражыванне.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён не супраць крытыкі, але грамадзяне перш за ўсё павінны думаць пра будучыню краіны. "Крытыкаваць — крытыкуйце, толькі падумайце, да чаго мы ідзем. Кожны сёння павінен працаваць. Час няпросты, але мы ўжо бачым святло ў канцы тунэля", — запэўніў ён.
Лукашэнка таксама сцвярджае, што дзяржава вырашыць пытанні завышаных цэн. "Ва ўрадзе ўжо пачалі варушыцца. Рыначнікі там з'явіліся: адпусцілі кошты на ўсё што папала і атрымалі іх рост", — растлумачыў ён.

darmaediakcia__1_of_1__10_logo_1.jpg


У лютым і сакавіку гэтага года ў розных гарадах Беларусі прайшлі вулічныя акцыі пратэсту. Падставай для іх стаў нашумелы Дэкрэт №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", аднак удзельнікі акцый абураліся не толькі дэкрэтам, але і сацыяльна-эканамічнай палітыкай улады ў цэлым. Многія ўдзельнікі вулічных пратэстаў былі затрыманыя, пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Затрымліваліся таксама журналісты, якія асвятлялі гэтыя акцыі.
Паводле звестак афіцыйнай статыстыкі, у студзені—лютым гэтага года намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў Беларусі склала 717,8 рубля. Памер рэальнай зарплаты знізіўся, аднак канкрэтныя лічбы Белстат не паведамляе.

БелаПАН