Літва больш не выдае нацыянальныя візы ў Беларусі
Учора, 29 чэрвеня, прыпынены прыём дакументаў на візы ў візавым цэнтры VFS Global у Мінску, а за дзень да таго перасталі прымаць дакументы ў іншых гарадах Беларусі.
Візавы цэнтр VFS Global, які з’яўляецца афіцыйным партнёрам пасольства Літвы ў Беларусі, абвясціў аб спыненні прыёму дакументаў на выдачу нацыянальных візаў, піша «Свабода».
29 чэрвеня прыпынены прыём дакументаў у Мінску, днём раней — у іншых гарадах Беларусі.
З сярэдзіны чэрвеня VFS Global не прымае запыты на выдачу нацыянальных візаў на падставе працаўладкавання ў Літве.
1 ліпеня ў Літве ўступяць у сілу змены ў закон аб прававым статусе замежнікаў. Грамадзяне шэрагу дзяржаў, якія не ўваходзяць у Еўрасаюз, змогуць звяртацца па нацыянальныя візы па-за межамі Літвы толькі праз знешняга пастаўшчыка паслуг, якога будзе вызначаць дэпартамент міграцыі пры літоўскім МУС.
Раней заявы на атрыманне нацыянальных візаў прымалі дыпламатычныя прадстаўніцтвы Літвы ці сертыфікаваныя Міністэрствам замежных спраў гэтай краіны візавыя цэнтры.
4 красавіка літоўскі Сейм прыняў закон, які прадугледжвае абмежавальныя меры для грамадзянаў Беларусі і РФ, звязаныя з парадкам уезду і легалізацыі ў гэтай балтыйскай дзяржаве, набыцця нерухомасці і інш. На этапе разгляду дакумент быў значна мякчэйшы ў дачыненні да беларусаў, большасць санкцый закранула расіян.
14 красавіка прэзідэнт Гітанас Наўседа наклаў на закон вета. Ён прапанаваў парламенту не рабіць у законе розніцы паміж беларусамі і расіянамі.
20 красавіка Сейм адхіліў вета Наўседы.
Нагадаем, учора, як пісаў «НЧ», Літва загадала ўзмацніць кантроль і праверкі асоб, якія заязджаюць з Беларусі і Расіі. Не выключаецца таксама і магчымасць цалкам закрыць мяжу з Беларуссю: «У выпадку змены ўзроўню пагроз у рэгіёне дзяржаўная мяжа таксама гатова да закрыцця», — гаворыцца ў паведамленні МУС Літвы.