Ліга арабскіх дзяржаваў, утвораная ў 1945 годзе, змагаецца супраць галоўнага ворага, здагадайцеся якога?
У 2004 годзе гэтай арганізацыяй была прынятая Арабская хартыя правоў чалавека. У ёй, чорным па белым прапісана: «Усе формы расізму, сіянізму і замежнай акупацыі і панаваньня зьяўляюцца перашкодай для чалавечай годнасьці. Усе падобныя практыкі павінны быць асуджаныя і павінны быць прыкладзены намаганьні для іх ліквідацыі». Сіянізм, то бок існаваньне дзяржавы Ізраіль павінна быць ліквідаванае. Правы арабскіх людзей — яны такія.
Як гэта пачыналася?
У гады, якія папярэднічалі стварэньню Лігі арабскіх дзяржаваў у сакавіку 1945 года, сьвет быў ахоплены агнём Другой сусьветнай вайны. Блізкі Ўсход, рэгіён стратэгічнага значэньня праз свае запасы нафты і геаграфічнае становішча, апынуўся на скрыжаваньні розных міжнародных інтарэсаў. Заняпад каляніяльных дзяржаваў, у прыватнасьці Вялікай Брытаніі і Францыі, пад цяжарам вайны стварыў вакуум улады, які паспрыяў імкненьню да незалежнасьці сярод арабскіх краінаў.
Брытанскія спробы ўрэгуляваць араба-габрэйскую напружанасьць у падмандатнай брытанцам рэгіёне — Палестыне, кульмінацыяй чаго стала сумна вядомая Белая кніга 1939 года, не задаволілі ні адзін з бакоў і яшчэ больш распалілі сітуацыю.
22 сакавіка 1945 года ў Каіры сабраліся прадстаўнікі шасьці арабскіх дзяржаваў, якія і заснавалі Лігу: Эгіпет, Ірак, Трансярданія, Лібан, Саўдаўская Арабія і Сірыя. На сёньня ў Лізе 21 дзяржава, у якіх пражывае амаль паўмільярда чалавек.
З моманту свайго стварэннья Ліга арабскіх дзяржаваў імкнулася аб'яднаць арабскія дзяржавы вакол агульных палітычных, эканамічных і культурных мэтаў. Тым не менш, арганізацыя з цяжкасьцю пераадолела розныя інтарэсы і прыярытэты сваіх чальцоў, што прывяло да адсутнасьці значнага палітычнага і эканамічнага супрацоўніцтва. Нягледзячы на шматлікія саміты і дэклярацыі, Ліга часта была спаралізаваная нутранымі рознагалосьсямі, калі краіны-чальцы аддавалі перавагу нацыянальным інтарэсам перад калектыўнымі дзеяньнямі.
Напрыклад, намаганьні па стварэньні адзінага ваеннага фронту неаднаразова правальваліся, асабліва падчас страшэннай араба-ізраільскай вайны 1948 года, калі на наступны дзень пасьля абвяшчэньня незалежнасьці Ізраіля, пяць краінаў-удзельніцаў Арабскай лігі дзяржаваў адначасова напалі на габрэйскую краіну. Вядома, што ў хуткім часе яны ўсе разгромна прайгралі ў вайне супраць толькі створанага Ізраіля.
Эканамічная інтэграцыя таксама была абмежаванай, такія ініцыятывы, як Арабская зона вольнага гандлю, рухаліся павольна і дасягалі меншых, чым чакалася, вынікаў.
Ізраільскае пытаньне
Пазыцыя Лігі арабскіх дзяржаваў у дачыненьні да Ізраіля была вызначальным элементам яе палітыкі з моманту стварэньня Лігі. Гэтая нязьменная ўвага часта засланяла больш надзённыя нутраныя праблемы ў краінах-чальцах, такія як эканамічнае разьвіцьцё, палітычныя рэформы і правы чалавека. Прыхільнасьць Лігі палестынскаму пытаньню і супраціў палітыцы Ізраіля займалі цэнтральнае месца ў яе ідэнтычнасьці. Аднак гэтая ўвага адцягвала позіркі ад нутраных выклікаў.
Прыярыт ізраільскага пытаньня таксама спрыяла рыторыцы так званага адзінства, якая маскіравала глыбокія падзелы ўсярэдзіне Лігі, паколькі краіны-чальцы адрозьніваліся сваёй гатоўнасьцю і здольнасьцю ўдзельнічаць у канфлікце.
Рэгіён сутыкаецца з мноствам актуальных праблемаў, у тым ліку эканамічнай адсталасьцю, палітычнымі рэпрэсіямі і сацыяльнай няроўнасьцю. Але галоўнае ня гэта, а агульны вораг-сіяніст.
У 1967 годзе Ліга арабскіх дзяржаваў на саміце ў Хартуме падпісалі страшэнную па сваім сэнсе рэзалюцыю пасьля чарговай прайгранай арабамі вайны супраць Ізраіля (вядомай пад назвай Шасьцідзённай вайны):
«Ніякага міру з Ізраілем, ніякага прызнаньня Ізраіля, ніякіх перамоваў зь ім».
(Бяз) дзейнасьць
Пазыцыя Лігі арабскіх дзяржаваў па розных канфліктах часам сур’ёзна абвастрала рэгіянальную напружанасьць. Напрыклад, Ліга выгнала са сваіх удзельнікаў Эгіпет пасьля Кэмп-Дэвідзкіх пагадненьняў у 1979 годзе. Тады, нагадаем, гэтая арабская дзяржава падпісала мірную дамову з Ізраілем і прызнала яго ў якасьці не ворага, а незалежнай дзяржавы.
Але вартыя захапленьня мірныя памкненьні Эгіпту паспрыялі ізаляцыі гэтай дзяржавы, а не прасоўваньню адзінай арабскай стратэгіі ў адносінах да Ізраіля. Штаб—кватэра Лігі была перанесеная з Каіра ў Туніс. Толькі праз дзесяць гадоў Эгіпет вярнуўся ў так званую сям’ю арабскіх дзяржаваў.
Падобным чынам рашэньні Лігі адносна грамадзянскай вайны ў Сірыі, у тым ліку прыпыненьне сяброўства Сірыі ў 2011 годзе, крытыкаваліся за адсутнасьць дакладнага пляна дзеяньняў, і за тое, што дзейнасьць Лігі не спрыяла вырашэньню канфлікту.
Зрэшты, жудасныя злачынствы рэжыму Асада за гэтыя гады ўжо не выглядаюць для астатніх чальцоў арганізацыі нечым не прымальным – Сірыя аднавіла свой удзел у 2023 годзе.
Арабскія правы чалавека
У 2004 годзе гэтая арганізацыя прыняла Арабскую хартыю правоў чалавека. Выклікае, згадзіцеся, адразу мала натхненьня. У гэтай хартыі знаходзім такія словы:
“Усе формы расізму, сіянізму і замежнай акупацыі і панаваньня зьяўляюцца перашкодай для чалавечай годнасьці і сур'ёзнай перашкодай для ажыцьцяўленьня асноўных правоў народаў; усе падобныя практыкі павінны быць асуджаныя і павінны быць прыкладзеныя намаганьні для іх ліквідацыі”.
Воклічы хамасаўцаў і іх прыхільнікаў пра “Ад ракі і да мора Палестына будзе вольнай” – цалкам упісваюцца ў Хартыю арабскіх правоў чалавека. У сіяністаў, ізраільцянаў там няма месца, і няма нават права чалавека на жыцьцё.
У артыкуле №7, напрыклад, знаходзім:
“Сьмяротнае пакараньне не можа быць вынесена асобам, маладзейшым за 18 гадоў, калі іншае не прадугледжана законамі, якія дзейнічалі на момант зьдзяйсьненьня злачынства”.
То бок непаўнагадовых прысуджваць да сьмерці нельга, але можна.
Гэта трэба мець на ўвазе, калі нешта вас падштурхне наведаць адну з 21 дзяржавы-удзільніцы Лігі арабскіх дзяржаваў.