КоммерсантЪ: Колю не ўразілі вучэнні

Учора ў Калінінградзе скончыліся расійска-беларускія вучэнні «Захад-2013». Прэзідэнту Расіі спадабалася. Аляксандр Лукашэнка прамаўчаў. Пра тое, як рэагаваў яго сын Коля, — спецыяльны карэспандэнт «Ъ» Андрэй Ъ-Калеснікаў з Калінінградскай вобласці.



kolya.jpg

Палігон Хмелеўка пад Калінінградам, дзе на камандным пункце чакалі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку пасля фазы сумесных вучэнняў у Гродне, старанна падрыхтаваўся да іх візіту. Справа нават не ў велізарнай колькасці мэтаў, выстаўленых на знішчэнне: не ў пудзілах салдат у натуральную велічыню, дамоў, дотаў, караблёў і верталётаў.
Не, самае моцнае ўражанне зрабіў храм на тэрыторыі палігона. Ён быў пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю спецыяльна да вучэнняў.
Храм быў цалкам абгорнуты ў маскіровачную сетку. І толькі крыж абуральна зіхацеў на нечаканым сонцы.
— Так, — пацвердзіў айцец Канстанцін, што стаяў каля ўваходу ў храм. — Зборна-разборны шчытавы мабільны храм. Распрацаваны спецыяльна для шматразовага выкарыстання.
— А што ж, — спытаў я, — крыж не накрылі сеткай? Проста блішчыць!
Крыж таксама, па-мойму, быў зборна-разборным.
— Не накрылі, — згадзіўся айцец Канстанцін. — Сапраўды, толькі гэта і заставалася зрабіць.
Маскіроўка храма была яму не да душы.
Айцец Канстанцін адкрыў біметалічныя дзверы мабільнага храмавага комплексу і схаваўся за імі. У яго тут былі не вучэнні. У яго заўсёды ўсё адразу па-сапраўднаму.
Сцэнар сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2013» быў наступны: «Незаконнае ўзброенае фармаванне ажыццявіла захоп участка ўзбярэжжа з невялікімі населенымі пунктамі.
У мэтах блакавання раёна знаходжання тэрарыстаў у тыл праціўніка ажыццяўляецца высадка тактычнага дэсанту на верталётах Мі-8. Па суднах, што забяспечваюць тэрарыстаў зброяй, наносіцца артылерыйскі ўдар сіламі карабельнай берагавой артылерыі. Па тэрарыстах, якія знаходзяцца на ўзбярэжжы, наносіцца артылерыйскі ўдар самалётамі франтавой і верталётамі армейскай авіяцыі…

vertalioty.jpg


Дэсантны карабель на паветранай падушцы „Мардовія“ дастаўляе падраздзяленне сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь, якое ажыццяўляе дэсантаванне на ўзбярэжжы і ўступае ў бой з тэрарыстамі. У тыл праціўніка дэсантуюцца падраздзяленні ПДВ, якія блакуюць адыход тэрарыстычнай групы.
Блакаваныя тэрарысты захопліваюць населены пункт. Для вызвалення закладнікаў і ачысткі населенага пункта ад тэрарыстаў у бой уступаюць падраздзяленні ўнутраных войскаў МУС Расіі. Пасля бою ў горадзе ўзнікае пажар, да тушэння якога прыцягнутыя спецыяльныя самалёты».
Пра тое, ці будзе патушаны пажар, у сцэнары не было ні слова. Відавочна, гэта нікога ўжо асабліва не хвалявала. Галоўнае — нашы перамаглі.
На камандным пункце з’явіліся вайсковыя назіральнікі. Запрасілі назіральнікаў са 100 краін, прыляцелі з 80.
Назіральнікі адразу дасталі фотаапараты і заляскалі.
— Здымаюць вас актыўна, — сказаў я аднаму з расійскіх афіцэраў.
— Фатаграфуюць, — паправіў ён мяне. — Зняць нас ім слабо.
Гэтыя вайскоўцы прыляцелі з Гродна. Расказалі, што былі здзіўленыя, калі дыктар, які каментаваў ход вучэнняў, паведаміў, што ў бой уступаюць устаноўкі «БелГрад».
— Мы не зразумелі, — падзяліўся ён. — Ніколі пра такія не чулі. А потым я здагадаўся! Гэта ж значыць — беларускі «Град»!

babach.jpg


На палігоне задыміла. Гэта значыць, пачалося.
Сваё месца на трыбуне назіральнікаў заняў міністр абароны адной далёкай краіны ў дзіўнай на першы погляд спартыўнай форме. Яму было холадна і ветрана. Але на вайне як на вайне.
Пасля пяціхвіліннай залевы, калі на верталётах ужо прызямліліся Уладзімір Пуцін, Аляксандр Лукашэнка і яго сын Коля ў вайсковай форме без пагонаў (неяк на вайсковым парадзе ў Мінску зоркі на яго пагонах былі маршальскімі. Прычына іх адсутнасці гэтым разам невядомая. Наўрад ці, зрэшты, бацька зрэзаў іх Колю за якую-небудзь правіну), пачалася страшная страляніна.
Назіральнікі, здаецца, пакуль дрэнна разумелі сэнс таго, што адбываецца і аддавалі перавагу таму, каб фатаграфаваць. Міністр абароны далёкай краіны стаяў на крэсле і ўзіраўся ў мора, дзе спрабавалі вырвацца з акружэння караблі тэрарыстаў. Яму таксама хацелася вырвацца адсюль.
Высаджваўся расійскі дэсант. «Мардовія» з беларускімі дэсантнікамі спазнялася.
Больш за ўсё назіральнікі зацікавіліся высадкай новых расійскіх БТР-82. Яны перапытвалі адзін у аднаго, ці тая гэта зброя, пра якую яны думаюць. Гэта была менавіта тая.
У нейкі момант здалося, што знішчаць больш няма каго: такім агнём нельга было не знішчыць усё жывое. Але тут высветлілася, што тэрарысты жывыя-здаровыя. Больш за тое, у іх, здаецца, адкрылася другое дыханне.
Мабыць, былі прадэманстраваны яшчэ не ўсе расійска-беларускія магчымасці, так што тыя, на кім іх можна было паказаць, яшчэ патрабаваліся.
І сапраўды, нарэшце наступіла свята ў сэрцы беларускага прэзідэнта і яго сына Колі. Падышла «Мардовія». Белдэсант кідаўся ў ваду з запалам тапельцаў.
Гэтых было ўжо не спыніць. Неба заслаў гар ад дымавой шашкі.
Айцец Канстанцін, што стаяў побач, перахрысціўся — ужо, напэўна, соты раз.
Міма неслі параненага, прычым, здаецца, насамрэч.
Тэрарысты ўрэшце былі пераможаныя, вядома.
А абяцаны сцэнаром пажар, на шчасце, не разгарэўся з патрэбнай сілай: у ход вучэнняў зноў умяшалася залева.
Менш за ўсіх, паміж тым, быў уражаны Коля. Было такое адчуванне, што ён гуляе ў вайну часцей за ўсіх гэтых людзей, разам узятых.
Акрамя таго, нельга выключыць, што ў Беларусі такія вучэнні час ад часу праводзяцца для яго аднаго.
Беларускі прэзідэнт нічога не сказаў пра тое, ці спадабаліся яму вучэнні. Ён проста паляцеў на верталёце — немалады грузны чалавек у кароткай чорнай скураной куртцы на маланцы.

stomleny.jpg


Выглядаў ён як прэзідэнт краіны, якая ўдзельнічае ў амбіцыйных вучэннях «Захад-2013»? Не, не выглядаў. Ён выглядаў стомленым чалавекам.
Развіталіся яны так. Аляксандр Лукашэнка, стоячы ў машыне, махнуў рукой расійскаму прэзідэнту.
— Стэлефануемся, — кіўнуў Уладзімір Пуцін.

pucin_i_luka.jpg


Сам спадар Пуцін яшчэ правёў відэаканферэнцыю па выніках вучэнняў. На сувязі былі міністр энергетыкі Аляксандр Новак, міністр транспарту Максім Сакалоў, губернатар Ніжагародскай вобласці Валерый Шанцаў. Сэнс іх удзелу ў відэаканферэнцыі быў спачатку незразумелы. Але потым спадар Пуцін сказаў, што напярэдадні была праведзеная раптоўная праверка боегатоўнасці Мінтранса, Мінэнерга і адміністрацыі Ніжагародскай вобласці і што засталіся пытанні. Іх ён і абмеркаваў у закрытым рэжыме.
На дварэ ў гэты час заводзіўся верталёт прэзідэнта Беларусі.
Можна было б сказаць, што Аляксандр Лукашэнка вяртаўся да мірнага жыцця. Але гэта было б, напэўна, перабольшаннем.
Бо не ўсе могуць жыць мірным жыццём.
Ёсць людзі, у галаве якіх вайна працягваецца і пасля яе заканчэння.
А вучэнні — тым больш.
kommersant.ru