Каліновец: Тыя, хто выступаюць за гандаль палітвязнямі, пераследуюць інтарэсы рэжыму
На думку добраахвотніка Аляксандра Клачко (ён ваюе пад пазыўным «Кусь»), гандаль з рэжымам — гэта адыходжанне ад асноўнай мэты беларусаў — вызвалення краіны.
У адной з дыскусій у фэйсбуку Аляксандр катэгарычна напісаў: «Для мяне асабіста любы дзеяч перастане існаваць як дзеяч беларускай рэвалюцыі, калі ён возьме ўдзел у гандлі палітвязнямі ў абмен на зняцце санкцый».
У размове з «Нашай Нівай» ваяр палка Каліноўскага тлумачыць, што не разумее мэт тых, хто збіраецца таргавацца з рэжымам Лукашэнкі ў абмен на зняцце санкцый.
«Бачу толькі адно пытанне, па якім могуць быць перамовы з Лукашэнкам, — яго капітуляцыя, — кажа Аляксандр «Кусь». —Умоўна пра тое, каб яму далі нейкі «Боінг», каб ён мог кудысьці збегчы».
Людзі, якія выступаюць за гандаль у пытанні палітвязняў, пераследуюць інтарэсы, што пераклікаюцца з інтарэсамі рэжыму.
— Альбо яны выпадковыя беларусы ў пратэсце — не разумеюць, чаму людзі селі ў турму, за што яны змагаліся.
Мая мэта — вызваленне Беларусі. Гэта аўтаматам зробіць палітвязняў вольнымі.
Чаму гэтыя людзі хочуць зняць санкцыі? Гэта галоўнае пытанне.
Ад кагосьці я чуў, што палітвязняў варта вызваляць любымі спосабамі. Я думаю інакш. Тут мне падабаецца пазіцыя Андрэя Шарэнды, мужа палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк. Ён катэгарычна супраць гандлю палітзняволенымі.
Мне здаецца, што калі беларус свядома змагаўся з рэжымам Лукашэнкі, як Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, то ён рабіў гэта не дзеля таго, каб пасля дамаўляліся аб яго вызваленні з турмы шляхам легітымізацыі Лукашэнкі, зняцця санкцый. А дзеля таго, каб рэжым Лукашэнкі абрынуўся. Гэта была іх канчатковая мэта.
Вызваляць іх. І што? Яны скажуць «дзякуй», што з рэжыму знялі санкцыі? Мне здаецца, што чалавек, які свядома змагаўся, стане з апошніх сіл трымацца, каб дадушыць. Лічу, што гэтыя людзі ў турме нават больш свабодныя, чым многія беларусы па-за межамі яе, — разважае Аляксандр.
Аляксандр часам чуе рыторыку, што санкцыі не працуюць, наносяць шкоду звычайным беларусам у краіне.
Ні ад аднаго чалавека, каго я ведаю ў Беларусі, хто супраць рэжыму, я не чуў «здыміце санкцыі, нам дрэнна».
— Такія словы чуў ад бізнесоўцаў, якія набліжаны і залежаць ад Лукашэнкі. Бачу, што пад соусам вызвалення палітзняволеных нейкая праслойка людзей спрабуе лабіраваць іншыя інтарэсы, іх стан пасля зняцця санкцый толькі палепшыцца.
І яшчэ адзін момант: калі мы не гатовы пакутаваць нават ад санкцый, то што будзе, калі ў Беларусь зойдуць беларусы са зброяй у руках, што скажаце пра гэтыя падзеі? Што гэта небяспечна, нехта можа загінуць? Будзеце прасіць скласці зброю, да гэтага будзеце заўтра заклікаць? Як плануеце змагацца? — задаецца пытаннямі ён.
Санкцыі, па меркаванні ваяра, павінны быць у комплексе з іншымі дзеяннямі. А гэта — узброены супраціў.
— Беларусы змагаюцца з рэжымам, седзячы ў турме, людзі загінулі — Раман Бандарэнка, Андрэй Зельцэр, Вітольд Ашурак і іншыя. Казаць цяпер, што давайце перагорнем старонку, каб вызваліць палітзняволеных, нельга, — лічыць ён. — Што тады нам рабіць з тымі, хто цяпер на вайне ва Украіне, загінуў дзеля гэтых ідэй, вызвалення Беларусі ад рэжыму Лукашэнкі, страціў здароўе, атрымаў інваліднасць і рызыкуе кожны дзень сваім жыццём, дабрабытам, асабістым шчасцем?
Лепш кароткая вайна, чым шматгадовае існаванне ў канцлагеры. Мне на вайне прасцей, чым калі б мне рэжым Лукашэнкі даў індульгенцыю і я змог бы вярнуцца ў Беларусь. Я б там не змог дыхаць паветрам, бо як можна хадзіць пад гэтымі лукашысцкімі сцягамі, трыкалорамі.
Калі б не было палітзняволеных, то, магчыма, і Беларусь з парадку дня ўжо сышла б. Сказалі б, што зрабілі свой выбар, там ужо палітзняволеных няма, усё добра. Гэта ўсё барацьба, кожны з нас ахвяруе ў той ці іншай ступені.
Без ахвяр не бывае барацьбы, а без барацьбы не бывае перамогі.