Юрый Рубцоў рыхтуецца да галадоўкі пратэсту

Мінскія актывісты пры падтрымцы Камітэта “Садлідарнасць” наведалі палітвязня Юрыя Рубцова, які адбывае паўтары гады так званай “хіміі” за абразу суддзі ў спецкамендатуры №7 вёскі Куплін Пружанскага раёна.



Госці з Мінска прывезлі Юрыю Рубцову вялізную колькасць разнасолаў і прысмакаў, ДВД-прайгравальнік і тэлевізар, планшэт а таксама кнігі і дыскі.

Юры Рубцоў быў вельмі рады сустрэчы з аднадумцамі. У альтанцы адбылася сяброўская размова пра ўмовы ўтрымання ў спецкамендатуры, стаўленне да яго суседзяў па часоваму жытлу і прадстаўнікоў адміністрацыі, умовы працы, палітычную сітуацыю ў краіне.

Палітвязень адмовіўся ад прапанаванай працы, бо яна не прадугледжвала годны заробак. Ён таксама не лічыць сябе вінаватым і адмаўляецца пісаць заявы на імя начальніка спецкамендатуры з хоць якой нагоды. Таму ён не можа пайсці на прагулкі за тэрыторыю установы, атрымаць ад сяброў у пакой тэлевізар і нават даць інтэрв’ю (бо мусіць напісаць на тое пісьмовы дазвол і перадаць яго адміністрацыі).

За годную працу і годны заробак

Юры Рубцоў вырашыў дабівацца працы з годным заробкам: “Няхай гэта будзе 600 даляраў — сярэдні заробак па краіне, пра які кажа Лукашэнка. Няхай міліцыя пашукае такую працу”. Адміністрацыя катэгарычна адмовіла. На гэта Рубцоў заявіў, што гатовы з 22 студзеня пачаць галадоўку (роўна месяц як яго пасялілі ў Купліне), каб ягонае патрабаванне было задаволенае. “Я патрабую працу з годным заробкам, а таксама хачу ім давесці, што “палітычных” саджаць нельга. Каб яны зразумелі, што абмяжоўваючы свабоду людзей за іх палітычныя погляды прадстаўнікі сілавых структураў, якія мусяць змагацца са злачыннасцю, самі становяцца злачынцамі”, — падкрэслівае палітвязень.

Паводле Юрыя Рубцова, адбываючым “хімію” прапануюць працу ад 1 да 4 мільёнаў і тое не кожнаму: “Многія людзі сядзяць без працы, ім нічога не прапануюць, бо няма працы па іх спецыяльнасці. Харчавацца людзі пры гэтым мусяць самі. Некаторыя, хто не маюць падтрымкі ад сваякоў і сядзяць без працы, ледзь не галадаюць. Калі чалавек не можа знайсці працу па спецыяльнасці — тут звычайна справа”.

Палітычныя пытанні

У вольны час Юрый чытае чарговую кнігу Алеся Бяляцкага, якая падштурхнула яго да пэўных разважанняў: “На самой справе, палітыка існуе, каб усе пытанні вырашаць мірным шляхам, мірным шляхам можна зрынуць і несправядлівую ўладу. А для гэтага патрэбныя судовыя іскі. Масавыя заявы ў суд напрыклад пра тое, што людзям забараняюць праглядаць пэўныя сайты. Палітыка — мастацтва змяняць сітуацыю, паляпшаць жыццё грамадзян негвалтоўнымі метадамі, без рэвалюцый. На жаль, у нас палітыкі няма, ёсць палітыканы. І гэта ў плане будучых наступстваў вельмі непакоіць”.

Адносіны Юрыя з насельнікамі спецкамендатуры складаюцца па рознаму. Ёсць прыхільнікі, ёсць людзі з іншым меркаваннем. “Некаторыя хочуць скарыстацца тым, што мы маем адрозныя погляды, але я стараюся не весціся на правакацыі. Некаторыя стаяць за Лукашэнку гарой. “Цар добры, баяры кепскія”. Не можа быць дзяржава моцнай пры бедных людзях. Не можа быць прэстыжам палац для Лукашэнкі, калі астатняя краіна жыве ў галечы”, — кажа Юрый.

 

Пра умовы выхавання і пражывання

Як распавёў Рубцоў, тыя, хто на “хіміі” мусяць самі гатаваць ежу, на гэта патрэбны час, а іх гвалтоўна гадзінамі трымаюць у “Ленінскім” пакоі. Там чытаюць лекцыі пра мараль і норавы.

Вада такой кепскай якасці, што яе немагчыма піць. Таму людзей выводзяць па ваду ў вёску.

“Я паводле інструкцыі магу хадзіць па гэтым дворыку. Але яны абавязаны за мной прыглядаць. Ім не заўсёды хочацца выходзіць на вуліцу. Тады яны проста кажуць “На вуліцу нельга”, — кажа Рубцоў.

На думку Юрыя, сістэма пабудаваная на рабскай працы. Пры гэтым з тых, хто адбывае пакаранне, яшчэ і бярэцца плата за пражыванне. Гарачая вада адзін дзень на тыдзень (як і душ). На першым паверсе агульная кухня. Удзень электрычнасць адключаюць, бо трэба эканоміць.

Парады для апазіцыі

Трэба дамагацца эфірнага часу на цэнтральным канале ТБ для апазіцыі (без гэтага не можа быць ніякіх выбараў); патрабаваць абавязковай адмены кантрактнай сістэмы; дабівацца зменаў Выбарчага кодэкса, якія будуць гарантаваць уключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў у склад выбарчых камісій, лічыць Юры. Гэта, на яго думку, можна рабіць шляхам масавых зваротаў ў суд у сувязі з парушэннем 34 артыкула Канстытуцыі.

Даведка:

6 кастрычніка 2014 года Юрый Рубцоў асуджаны судом Цэнтральнага раёна Мінска паводле артыкула 391 Крымінальнага кодэкса (“Абраза суддзі або народнага засядацеля”) да 1 года і 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу. 22 снежня 2014 года накіраваны для адбыцця пакарання ў вёску Куплін Пружанскага раёна.

Раней, 28 красавіка 2014 года суддзя Савецкага раёна Мінска Кірыл Палулех, які палічыў сябе абражаным, пакараў Юрыя Рубцова 25 суткамі адміністратыўнага арышту за нібыта “непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі” і “дробнае хуліганства”. Рэальная прычына затрымання і пакарання — нашэнне саколкі з надпісам “Лукашэнка, Сыходзь!” на “Чарнобыльскім Шляху”.