Бацькі беларускамоўных дзяцей звярнуліся ў Генпракуратуру праз дыскрымінацыю чыноўнікаў
Яны спрабуюць абараніць права сваіх дзяцей навучацца на дзяржаўнай беларускай мове.
Бацькі вучняў былога беларускамоўнага класа ў Баранавічах Таццяна і Алег Малашчанкі, Антаніна і Васіль Філіпчыкі накіравалі зварот генеральнаму пракурору Беларусі.
У звароце адзначаецца, што Баранавіцкі гарвыканкам, адміністрацыя гімназіі № 4, Брэсцкі аблвыканкам, Мінадукацыі адмовілі ім у рэалізацыі права на адукацыю сваіх дзяцей на дзяржаўнай беларускай мове, прадугледжанага заканадаўствам і міжнароднымі нормамі.
У лісце паведамляецца, што ў 2010 годзе быў арганізаваны беларускамоўны клас у СШ № 14 Баранавічаў з трох чалавек. Чатыры гады дзеці вывучалі ўсе прадметы на беларускай мове, згодна з усімі нарматыўнымі актамі, прынятымі ў РБ у сферы адукацыі, і прававымі нормамі.
У чэрвені 2014 года дзве з трох дзяўчынак - Аліса Філіпчык і Ядвіга Малашчанка - паступілі ў гімназію № 4, як і планавалася раней, каб працягнуць навучанне на беларускай мове на больш высокім
узроўні.
Аднак гэтага не адбылося, нягледзячы на тое што арт. 50 Канстытуцыі, а таксама арт. 17 аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў і Кодэкс РБ аб адукацыі гарантуюць права выбару мовы, атрымання адукацыі ў
любой навучальнай установе краіны.
Аўтары звароту абураюцца тым, што амаль шэсць месяцаў яны павінны працягваць змагацца з чыноўнікамі. Бацькі пішуць, што мелі пэўныя надзеі на Міністэрства адукацыі, але час ідзе, а ніякіх зрухаў няма. Таццяна і Алег Малашчанкі, Антаніна і Васіль Філіпчыкі расцэньваюць такія дзеянні ўладаў як зневажальныя.
Яны дадаюць, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, як запісана ў арт. 22 Канстытуцыі.
Аўтары звароту просяць генеральнага пракурора абараніць іх законныя правы на навучанне па-беларуску і пакараць парушальнікаў закона.
ПЦ "Вясна"