Якую падтрымку прапануе ЕС Беларусі ў выпадку дэмакратычных пераўтварэнняў
Еўрапейская камісія і вярхоўны прадстаўнік ЕС у замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль апублікавалі прапанову па прыярытэтах супрацоўніцтва з краінамі Усходняга партнёрства на наступныя пяць гадоў, піша «Свабода».
Яна мае быць падтрыманая планам эканамічнага супрацоўніцтва і інвестыцый на 2.3 мільярда еўра з патэнцыялам мабілізаваць да 17 мільярдаў еўра дадатковых дзяржаўных і прыватных інвестыцый.
Прапанову маюць абмяркоўваць на саміце Усходняга партнёрства ў снежні.
У апублікаваных прапановах адзначаецца, што ініцыятывы датычна Беларусі залежаць ад дэмакратычных пераўтварэнняў у краіне. У такім выпадку магчымыя пяць ініцыятыў:
- Падтрымка інавацыйнай і канкурэнтнай эканомікі — наўпроставая падтрымка 20 000 малых і сярэдніх прадпрыемстваў.
- Паляпшэнне транспартных сувязей і спрыянне гандлю паміж Еўрасаюзам і Беларуссю.
- Дапамога інавацыям і лічбавай трансфармацыі.
- Падтрымка «зялёнай Беларусі» — энергетычная эфектыўнасць, утылізацыя адкідаў і інфраструктура.
- Інвестыцыі ў дэмакратычную, празрыстую і адказную Беларусь.
У прапановах адзначаецца, што ЕС шкадуе пра рашэнне рэжыму Лукашэнкі прыпыніць супрацоўніцтва ў рамках «Усходняга партнёрства». «Гэтае рашэнне служыць толькі таму, каб надалей ізаляваць Беларусь, і з'яўляецца яшчэ адным сведчаннем таго, што рэжым ігнаруе беларускі народ, які атрымлівае выгады ад супрацоўніцтва і розных праграм у межах "Усходняга партнёрства"», — гаворыцца ў прапановах Еўракамісіі.
«ЕС застаецца адкрытым да працы з беларусамі таксама ў рамках "Усходняга партнёрства" і будзе падтрымліваць беларускі народ і грамадзянскую супольнасць, а таксама іх дэмакратычныя памкненні».
У прапановах таксама адзначаецца, што ініцыятывы датычна Беларусі цалкам сумяшчальныя з планам падтрымкі дэмакратычнай Беларусі на 3 мільярды еўра, абвешчаным у траўні. Гэты план можа быць рэалізаваны пры ўмове дэмакратычнага пераходу ў Беларусі