Як уладкаваць Беларусь

Як нам уладкаваць краіну? Усё вельмі проста: трэба спачатку запланаваць візіт Лукашэнкі ў нейкае мястэчка —а потым раптоўна адмяніць. Да адмены паспеюць давесці населены пункт да ладу.

nezakonnoe_uvolnenie.jpg

Так адбылося з Веткай. Здаецца, усе сачылі за тым, што там адбываецца. Спачатку з занепакоенасцю, бо там секлі дрэвы і планавалі зніш­чыць знакаміты музей. Потым з цікавасцю: у горадзе фарбавалі платы, перакладалі плітку і «асвяжалі» помнік Леніну, клалі асфальт. Адначасна ставілі бар­дзюры, фарбавалі фасады будынкаў, чынілі вулічныя ліхтары, ладзілі тэлефонную сувязь.  

«Нам загадалі да 20 красавіка завяршыць усе вулічныя працы», — тлумачыў дарожны рабочы з Рэчыцы Аляксандр. Парадкавалі вуліцы рабочыя з Добруша, Буда-Кашалёва, Брагіна...

А Лукашэнка прамяняў Ветку на Украіну. Разам з калегам Пятром Парашэнкам ён наведаў атамную станцыю ў Чарнобылі і размешчаныя побач аб’екты. «Асноўная ўвага будзе нададзена працы па падтрыманні на належным узроўні радыяцыйнай бяспекі, што непасрэдным чынам закранае інтарэсы жыхароў абедзвюх краін», — паведамляла прэс-служба беларускага кіраўніка напярэдадні візіту. Кіраўнікі Беларусі і Украіны азнаёміліся з будаўніцтвам новага «Саркафагу-2» і захоўваннем адпрацаванага ядзернага паліва, ушанавалі памяць ліквідатараў і пацярпелых у выніку аварыі.

Не думаю, што толькі гэтым сустрэча Парашэнкі і Лукашэнкі абмежавалася. Ім сапраўды ёсць пра што паразмаўляць. Апроч звычайнага «агульнага таваразвароту» тэмаў багата. Гэта і незразумелыя джыпы, якія матэрыялізуюцца разам з нейкімі злачынцамі-тэрарыстамі на ўкраінска-беларускай мяжы, а потым гэтак жа таямніча дэматэрыялізуюцца, папярэдне нарабіўшы вэрхалу. І нейкія «лагеры падрыхтоўкі беларускіх баевікоў», якія, як прывіды, узнікаюць у нейкіх кутках Украіны, і таксама дзіўным чынам знікаюць, не пакінуўшы пасля сабе нават смецця.

Відавочна, спадару Парашэнку не даспадобы, што беларускі бок выстаўляе яго краіну як рассаднік і экспарцёра тэрарызму. А пасля праверкі аказваецца, што гэтыя «тэрарысты» існуюць толькі ва ўяўленні беларускіх сілавікоў.

Сапраўды, навошта гнаць на джыпе праз мяжу, прарываць кардоны памежнікаў, калі ў Сінявокай, па-першае, пяці­дзённы «бязвіз» з паловай свету, а з Украінай і ўвогуле «бязвіз» нелімітаваны.

Дарэчы, наконт «бязвізу». Прэм’ер Кабякоў нарэшце заўважыў тое, пра што гадамі кажуць нашы турыстычныя канторы. Ён прызнаў, што колькасць і якасць прапанаваных турысту паслуг пакуль далёкая ад узроўню суседніх краін.

Прэм’ер адзначыў, што ўвядзенне бязвізавага рэжыму павінна садзейнічаць росту патоку турыстаў у Беларусь. «Але турыст хоча добра паесці, нядорага адпачыць, каб усе санітарна-бытавыя ўмовы былі на належным узроўні. Мы да такога наплыву турыстаў гатовыя? Не думаю, — працытавала Кабякова БелТА. — Многія, вяртаючыся з турнэ па еўрапейскіх краінах, прыязджаюць да нас і кажуць: тут сэрвісу не хапае, там сэрвісу не хапае. Значыць, трэба ствараць яго».

На думку прэм’ера, развіццю бізнесу і сферы паслуг павінны садзейнічаць дакументы па разняволенні прадпрымальніцтва. Але…

Што значыць «разняволіць прадпрымальніцтва» па Кабякову? Стварыць спрыяльныя ўмовы для яго дзейнасці? Надаць падатковыя льготы? Даць крэдыты на развіццё бізнесу і сэрвісу? Урэшце, зменшыць кантроль над прадпрымальнікамі?

Паводле Кабякова, «развіццё прадпрымальніцтва» — гэта «аптымізацыя» кантрольна-нагляднай дзейнасці дзяржавы. Пры гэтым, заўважым, ён зазначыў: аб скарачэнні кантрольна-нагляднай дзейнасці размова не ідзе. Толькі «аптымізацыя»!

А гэта азначае, што, пакуль Кабякова не зменіць іншы прэм’ер, ніякага развіцця турыстычнай інфраструктуры за кошт прадпрымальніцкай дзейнасці не адбудзецца.

Дый не ў асобе Кабякова, урэшце, тут справа. Справа ў дзяржаўным падыходзе да гаспадаркі. І пакуль гэты «кантрольна-рэвізійны» падыход не зменіцца, нічога мы не даможамся.

І так — ва ўсім. Вось напрыклад, днямі ў Расіі высветлілі, што траціна згушчонага малака на яе рынку — падробка. Такая арганізацыя, як «Роскачество» праверыла 27 гандлёвых марак прадукцыі «згушчанае малако цэльнае» — падобная маркіроўка не дапускае выкарыстанне ні раслінных тлушчаў, ні штучных загушчальнікаў і дадаткаў пры яе вытворчасці тлустасцю 8,5% па ўсёй Расіі. У сапраўдным згушчаным малацэ можа быць толькі малако і цукар. Калі ж да малака дадаюцца крухмал і раслінныя тлушчы, то гэта ўжо не згушчанае малако, а малочны прадукт, які можа называцца «Варанка», «Згушчанка», але толькі не «згушчанае малако». Як паказала даследаванне, у 10 выпадках нібыта зробленае па дзяржстандартах згушчанае малако аказалася «малочным прадуктам» і не дацягвае да заяўленага стандарту, гаворыцца ў паведамленні «Роскачества».

Што б зрабілі вытворцы іншай краіны, маючы такую інфармацыю і эканамічны саюз з краінай-інфарматарам? Канешне б, завалілі б суседнюю дзяржаву якасным прадуктам. Але ў нас знакаміты Рагачоўскі малочнакансервны камбінат чамусьці дыхае на ладан. Не лепшая сітуацыя і ў Глыбокскага МКК. А гэтыя два прадпрыемствы якраз і ствараюць якаснае «малако згушчанае цэльнае».

Але паварушыцца, каб заваяваць расійскі рынак, — не могуць. Таму што для гэтага трэба рызыкнуць. А ў нас усё робіцца ў парадыгме выступу Лукашэнкі перад дэпутатамі: «На тое, каб пачынаць рэформы, рызыкаваць, у нас няма грошай». Дык так і сканаем бедныя і безграшовыя.

Праўда, дзе ўзяць грошы на рызыку? Ды знайсці іх лёгка. Днямі Аляксандр Рыгоравіч «засвяціў» сваё новае аўто — Audi Q7. На гэтым аўтамабілі ён прыехаў у храм Праабражэння Гасподняга ў горадзе Барань 16 красавіка.

Цэны на новыя Q7 пачынаюцца ад 53 тысяч еўра. Самыя дарагія камплектацыі каштуюць каля 120 тысяч еўра, піша kp.by.

Калі кіраўнік Беларусі перасеў на новую машыну, давайце прададзім яго старыя «мерсэдэсы» і «майбахі». І атрымаем грошы і для Рэчыцкага, і для Глыбокскага МКК. А там, калі пашукаць, можа і на рэформы рэзервы знойдуцца.